ХVІІІ стагоддзе не перастае здзіўляць нас колькасцю знакамітых імёнаў для Вялікай Бераставіцы – Юзаф Мнішак і яго сын Ежы Аўгуст, Станіслаў і Юзэфіна Патоцкія, Юзаф Пешка. І вось, нарэшце, Ян Генрык Клем (каля 1710-1777), нямецкі архітэктар эпохі барока, імя якога на цэлае стагоддзе забыта ў гісторыі Вялікай Бераставіцы. А менавіта яму належыць выдатная работа ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя – праект бераставіцкай ратушы 1754-55 гадоў, сімвала самакіравання ў мястэчку.
Дакладна год нараджэння архітэктараневядомы. Мала захавалася звестак і пра яго адукацыю. Але з нямецкіх крыніц вядома, што Я.Г.Клем паходзіў з кюрфюрства Саксоніі. Да 1737 года вучыўся і працаваў у Венгрыі. У Польшчу трапіў паміж праўленнямі каралёў Аўгуста ІІ Моцнага і яго сына Аўгуста ІІІ Саса. Дзейнасць сваю Я. Клем пачаў з вайсковай службы афіцэрам: стаў камандзірам 4-га пяхотнага палка Булавы вялікай кароннай, а з 1761 года – палкоўнікам войска Польскага.
Знакамітасць сваю атрымаў як архітэктар. Працаваў у стылі барока ў Варшаве, Беластоку, Хорошчы, Тычыне. Ян Клем праектаваў палацы, касцёлы, ратушы па запрашэнні магнатаў Рэчы Паспалітай. Сам кіраваў будаўніцтвам асабістых праектаў, якія захаваліся да нашых дзён з невялікімі змяненнямі. Гэта палац Браніцкіх і ратуша ў Беластоку.
Польскі гісторык-архівіст Ян Глінка (1890-1963) адзначае ў сваіх гістарычных запісках аб уладальніках Беластока (“Teki Glinki” 1964), што Ян Клем праводзіць работу ў 1751-55 гадах на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны. А менавіта, кіруе рамонтам палаца Браніцкіх у Гародні, а таксама працуе ў Вялікай Бераставіцы. Гэтай працай з’яўляецца праект ратушы, якую Я.Г.Клем здзейсніў у 1754-55 гадах. Нямецкі архітэктар бліскуча аб’яднаў разрозненыя будынкі былога заезнага двара ў зладжаны ратушны комплекс з гандлёвымі радамі і гасцініцамі. Аднапавярховы мураваны будынак бераставіцкай ратушы вылучаўся вялікім дахам, накрытым гонтай. Галоўны фасад быў упрыгожаны трохвугольным франтонам з авальным акном. Цэнтральная вось фасада супадае з галоўнай вуліцай мястэчка – Гродзенскай (зараз вул. Леніна). Гэта акалічнасць стала рашаючай у выяўленні цэнтра мястэчка ў ХVІІІ стагоддзі. На жаль, ратуша загінула падчас Другой Сусветнай вайны 1939-45 гг. Зараз на яе месцы стаіць раённая бібліятэка і школа мастацтваў.
Як адзначае гісторык-архівіст Ян Глінка, у 1750-ых гадах Клем знаёміцца з італьянскім архітэктарам Рыкарда дэ Тырэгайлам, які стаяў на службе ў магнатаў Мнішкаў. Ежы А.Мнішак, як вядома, з’яўляўся ўладальнікам Бераставіцы з 1747 г. і фундатарам будаўніцтва ратушы ў мястэчку. Магчыма, Тырэгайла і з’яўляецца той злучальнай ніццю паміж Мнішкамі і Клемам для працы апошняга ў Бераставіцы.
У сярэдзіне 1750-ых гадоў Яна Клема падчас падарожжаў па Беласточчыне суправаджала яго жонка Катажына з Бародзічаў (?-1780). Адважная жанчына дапамагае мужу адчуваць сябе больш зручна паміж напружанай працай у Беластоку, Радзыні, Гародні і Бераставіцы. На Гродзеншчыне праектам Я.Г.Клема з’яўляецца палац М.Сапегі ў Дзярэчыне (Зельвенскі раён, 1756 г).
У 1758-68-ых гадах Ян Клем становіцца галоўным архітэктарам на службе ў Яна Клеменса Браніцкага (1689-1771), гетмана вялікага кароннага. Дзейнасць Я.Клема ў гэты час непасрэдна звязана з Беластокам. Тут ён пабудаваў рэзідэнцыю Браніцкіх (на здымку), ратушу з гандлёвымі радамі і крамамі. А ў 1763 г. ар-хітэктар пабудаваў і сваю сядзібу. Аўгуст ІІІ надае Клему землі Чукеўскага войтаўства.
Гетман Браніцкі высока цаніў архітэктарскую працу Клема. Напрыклад, тагачасныя магнаты Сапегі карысталіся паслугамі Я.Клема толькі са згоды Я.К.Браніцкага.
Пад канец жыцця архітэктар атрымлівае пенсію і заканчвае свой зямны шлях у Беластоку ў 1777 годзе. Сёлета спаўняецца 235 гадоў са дня смерці выдатнага нямецкага архітэктара, чый творчы лёс непасрэдна звязаны з Бераставіцай. Ян Клем зрабіў значны ўклад у станаўленне мястэчка Бераставіца, названая “Вялікай”.
Андрэй Втарушын, выкладчык гісторыі мастацваў Бераставіцкай ДШМ