Таццяна Міхайлаўна Якімовіч – звычайная сяльчанка. Усё жыццё пражыла ў невялікай, на сорак два двары, вёсцы Казлы нашага раёна. А незвычайнае ў лёсе жанчыны тое, што нарадзілася яна з артыстычнай душой і з самага дзяцінства марыла пра вялікую тэатральную сцэну. Аднак рэалізаваць гэтую мару перашкодзілі вайна і пасляваенная нястача. Хаця артысткай Таццяна Міхайлаўна ўсё-такі стала – самадзейнай. Разам з іншымі ўлюбёнымі ў народную песню і роднае слова сяльчанкамі яна радавала выступленнямі землякоў, іх фальклорны калектыў ездзіў нават за мяжу. А сёння, без малога ў 80 гадоў, бабуля зноў на сцэне, толькі цяпер ужо – раённай: спявае, чытае вершы, байкі, гумарэскі.
Якраз нядаўні чарговы канцэрт і стаў нагодай для нашага з ёю знаёмства. Таццяна Міхайлаўна на цудоўнай, сакавітай беларускай мове і гэтак ужо артыстычна, з такім дасціпным гумарам чытала байку, што гледачам не хацелася адпускаць яе са сцэны…
–Усё жыццё люблю роднае слова, – кажа жанчына. – Беларускія песні, проза, вершы – сапраўдная асалода для душы! І вельмі-вельмі рада, што, жывучы ў дачкі ў Бераставіцы (муж памёр, а жыць у адзіноце для мяне найгоршая кара) маю цудоўную магчымасць быць удзельніцай народнага хору ветэранаў “Памяць сэрца”.
“Помню, як да нас прыходзілі
партызаны…”
На маю просьбу расказаць аб сабе Таццяна Міхайлаўна заўважае: “Пра маё жыццё цэлую кнігу напісаць можна.” Самую шчаслівую пару, дзяцінства, азмрочыла вайна: усведамляць сябе дзяўчынка пачала адначасова са страшнымі падзеямі акупацыі, калі фашысты акружалі вёску, учынялі расстрэлы мірных жыхароў. Не раз на валаску вісела і жыццё іх сям’і.
– Хата наша была на самай ускраіне, – успамінае Таццяна Міхайлаўна. – Метраў праз чатырыста-пяцьсот – лес, дзе былі партызаны.
Помню, яны часта прыходзілі да нас: па хлеб, па ваду, прасілі ў нас вёдры, кужаль і многа што яшчэ. Аднойчы захварэў мой брат – нас, дзяцей, у сям’і было тады чацвёра – і хварэў ён вельмі цяжка, быў без прытомнасці. Партызан Мікалай Шышкін (вельмі добра запомніла яго прозвішча, бо бацькі часта з удзячнасцю паўтаралі яго) прывёў да нас урача з партызанскага атрада. Потым урач той не раз яшчэ прыходзіў да нас, і браціка ён выратаваў ад смерці.
За сувязь з партызанамі фашысты не раз пагражалі спаліць нашу вёску разам з людзьмі.
– Камендатура была ў Індуры, і хтосьці адтуль падказаў нашаму сваяку-старасце, што кімсьці мы заўданыя немцам як сям’я, якая прымае партызанаў. Сваяк загадаў: у гэтую ноч не адчыняйце дзверы нікому – вас будуць правяраць.
…Пасля апоўначы ў акно пастукалі некалькі мужчын і папрасілі хлеба. Але стукалі яны не ў тое акно, пад якое, па дамоўленасці, звычайна падыходзілі партызаны. Маці дзвярэй не адчыніла, сказала незнаёмцам, што хлеба ў нас няма. Адмовілася паказаць, як яны прасілі, і дарогу на Ваўкавыск. Мужчыны пастаялі і прапалі ў цемры… Так мы ўцалелі.
Хваёвы лясок, адкуль ноччу ў вёску прыходзілі партызаны, быў невялікі, але надта густы. Немцы баяліся таго месца як агню: даязджалі толькі да рэдкалесся з краю. Паходзяць там, кінуць гранату ў лес і – назад. Помню, як доўгі час пасля вайны нашы людзі ўспаміналі такі эпізод.
… Пад вечар з хвойніку выйшаў партызан і падаўся праз поле да вёскі. А ў гэты самы час па вуліцы пыліла нямецкая брычка.
Партызан не разгубіўся: кінуўся да дзядзькі Лашака, які баранаваў непадалёк – узяў з яго рук лейцы і пайшоў з бараной у дальні канец поля. Дзядзька ж прысеў на ўзмежак быццам бы адпачыць і пачаў круціць самакрутку. Немцы пакруціліся, як звычайна, каля бярозак на ўзлеску, а сунуцца глыбей у лес зноў пабаяліся. Развярнуліся і папылілі назад.
Усе вяскоўцы разумелі, што партызан уратаваў тады не толькі сябе, але і цэлую вёску…
Немцы не раз ачаплялі нашы Казлы. Зранку наедуць, установяць па канцах вёскі кулямёты, а самі бягуць па хатах і шукаюць партызан.
Звеннявая
па кукурузе
Пра пасляваенныя гады Таццяна Міхайлаўна ўспамінае з доляй прыкрасці. Ёй надта хацелася вучыцца ў школе, а потым яшчэ і далей – вельмі хацела вывучыцца на артыстку. Але так, як марыла, не атрымалася.
– У школе была не вучоба, а горкія слёзы, – успамінае. – Непадалёк ад нас стаяла пустая хата, у якой і зрабілі школу. На доўгіх лаўках мы сядзелі па чатырох, многія былі пераросткамі, свавольнічалі. Зімою бацькі не мелі ў чым выпраўляць нас у школу, а ў цёплы час мы больш памагалі па гаспадарцы, чым вучыліся. Падросшы, я стала вучаніцай вячэрняй школы, так-сяк і скончыла восем класаў. Куды будзеш паступаць з такімі ведамі? Брат на год старэйшы, а пада мною яшчэ трое меншых сястрычак, якіх трэба было нянчыць. Так і засталася ў сваёй вёсцы…
Жанчына ўспамінае, як пачалося яе працоўнае жыццё. Яно было цяжкае, але цікавае, бо моладзі ў вёсцы жыло тады многа. Дзяўчаты разам з маладзіцамі і сталымі жанчынамі палолі буракі, кукурузу, лён, даглядалі тытунь, шчыравалі на сенажаці, вязалі снапы… Тады працавалі ўсе разам, на дзялкі нічога не дзялілі.
– Матычкі ці граблі на плечукі, зацягнем песню – і ў поле! – расказвае. – А нас жа чалавек пад сорак. Вам і не расказаць, як весела было: спявалі народныя і тагачасныя папулярныя песні, прыпеўкі. А жартавалі як!
– Я па натуры весялуха, – кажа Таццяна Міхайлаўна. – Не люблю нудоты, вакол мяне ўсё павінна іскрыцца, радавацца жыццю. Такою была ў кампаніі заўсёды – і маладою, і потым. Такою засталася і па сённяшні дзень.
Як адну з самых бойкіх і рухавых дзяўчат яе прызначылі звеннявой па кукурузе.
– Я адказвала за тое, каб кукуруза добра ўзыйшла, была чыста праполана, – кажа. – А як гэта яна дружна ўзыйдзе, калі гракі чорнай хмарай яшчэ зацямна налятаюць ды цягаюць зярняткі? Нам з братам далі дубальтоўку, патроны і загадалі вартаваць поле.
Таццяна Міхайлаўна ўсміхаецца сваім успамінам:
– Пад ранак гэтак ужо спаць хочацца! А калі яшчэ з танцаў толькі што вярнуўся – то вочы ну ніяк не разліпаюцца. Мама, бывала, цягае нас за ногі і сварыцца: “Уставайце, гракі даўно ўжо паўставалі і выбіраюць кукурузу!”
Бяжым на поле. Страляем па тых грачыных хмарах, а самі паглядваем на які брук, каб падрамаць пад ім.
З “Вячоркамі” –
за мяжу
Як ні цяжка было жыць у пяцідзесятыя, шасцідзесятыя гады, аднак Таццяна Міхайлаўна ўспамінае іх з цеплынёй у сэрцы. Час быў небагаты, але цікавы, задору ў моладзі – хоць адбаўляй.
На прасціне, прымацаванай да сцяны, глядзелі кіно. Мастацкую самадзейнасць ладзілі. Няцяжка здагадацца, што мая гераіня была тут у “сваёй стыхіі” і, вядома, галоўнай завадатаркай: збывалася, урэшце, яе мара выступаць на сцэне!
Аднак сцэны якраз і не было…
–Толькі ці маглі мы адступіць ад задуманага? Папрасілі вясковых дзядзькаў і тыя, з дазволу кіраўніцтва школы, такую здатную сцэну нам зладзілі! – успамінае Таццяна Міхайлаўна. – Самадзейнасць проста захапіла. Якіх толькі п’ес не развучвалі і не ставілі! І не бяда, калі хто з хлопцаў саромеўся выйсці на сцэну – яго ролю іграла я.
Праз гады гэтае захапленне мастацкай самадзейнасцю нідзе не згубілася, не растрацілася. Паглядзець на “Вячоркі” канюхоўскіх і казлоўскіх жанчын спяшаліся і стары, і малы. І зноў завадатаркай была яна, Таццяна Якімовіч.
– Дзе толькі мы ні пабывалі са сваімі прасніцамі ды калаўротамі! – кажа Таццяна Міхайлаўна. – Адраджалі на сцэне абрады даўнейшых свят, таго ж Валосся. Сэрцы гледачоў краналі цудоўныя, мілагучныя народныя песні, што прыйшлі з глыбіні вякоў, і іх спявалі яшчэ бабулі ды прабабулі.
– Мы выступалі не толькі перад сваімі землякамі, а і за межамі гаспадаркі, – успамінае мая суразмоўца. – Апладзіравалі нашым “Вячоркам” аж у Польшчы.
Чым больш слухаю пра жыццё Таццяны Міхайлаўны, тым паўней яна раскрываецца перада мною як чалавек творчы, таленавіты і энергічны да няўрымслівасці. Чалавек, які ўвогуле не ўяўляе сябе ў адзіноце, ніводнай хвіліны не можа ўседзець без работы, без клопату. І мяне ўжо зусім не здзіўляе тое, што яна яшчэ і сёння – добрая рукадзельніца: сама прадзе воўну, вяжа цёплыя шкарпэткі, а карункавыя сурвэткі атрымліваюцца ў яе сапраўды арыгінальныя.
Не здзівілася я і тады, калі пачула, што ў свой час жанчына вывучылася на… трактарыстку,
– Афіцыйна, на спецыяльных курсах вучылішча механізацыі, – тлумачыць. – Тады нас, дзяўчат з вёскі, многа вучылася. Самастойна на трактары не працавала, а вось мужа, калі патрабавалася, падмяняла. Помню, з газеты “Гродзенская праўда” прыязджалі мяне фатаграфаваць у полі. Пабывала нават на абласным конкурсе трактарыстак і прывезла адтуль прыз.
Па стане здароўя некаторы час жанчына працавала нянечкай у дзіцячым садку. Смяецца:
– Хутчэй не нянечкай, а казачніцай. Мне з дзецьмі было так цікава, што вы сабе і ўявіць не можаце. Да ўсяго, яны адмысловыя слухачы. Бывала, пытаюся;
– Ну, якую сёння будзеце казачку слухаць?
– Казачку-выдумшчыцу! – крычаць.
І давай я зноў фантазіраваць-прыдумваць чарговы сюжэт!
І шчаслівая,
і багатая
…Той дзень, калі ўпершыню пабывала ў Бераставіцы на канцэрце народнага хору “Памяць сэрца”, Таццяна Міхайлаўна ўспамінае з асаблівай удзячнасцю. Зусім выпадкова яна пазнаёмілася там са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Аленай Сілковай. Даведаўшыся, што новая знаёмая – даўняя ўдзельніца мастацкай самадзейнасці і да таго ж з асалодай дэкламуе байкі і вершы, Алена Іосіфаўна прапанавала паспрабаваць свае сілы ў іх мастацкім калектыве. З таго часу Таццяна Міхайлаўна тут – і спявачка, і адмысловая чытальніца.
– Вельмі люблю дэкламаваць са сцэны байкі, гумарэскі, – кажа мне. – Бяру іх адкуль толькі магу, у тым ліку з перыядычных выданняў. Падабаюцца байкі, якія піша аўтарка з нашага раёна Галіна Дубай – хацела б пазнаёміцца з ёю асабіста.
Жанчына лічыць, што, па вялікім рахунку, яна чалавек і шчаслівы, і багаты.
– Паспытала ў жыцці я нямала: і нястачу, і нягоды. Але харошага было намнога больш, – лічыць.
– Ведаеце, я ўдзячна сваёй натуры за тое, што яна такая неспакойная і лёгкая на пад’ём, – смяецца Таццяна Міхайлаўна. – Інакш праседзела б у сваіх Казлах свету не бачачы. А так пабывала ў Кіславодску, Пяцігорску, Адлеры, Сухумі, Батумі… Васямнаццаць дзён вандравала цягніком па пуцёўцы, якую выдзелілі ў калгасе. – У санаторыях адпачывала. А калі там запрашалі на сцэну, ніколі не гублялася. Толькі падумаю: “Што б гэта такое цікавае прачытаць”? І стараюся выступіць як мага больш артыстычна, каб закрануць кожнага. А хутка адпачываючыя ўжо самі просяць мяне прачытаць ім што-небудзь яшчэ – гумарыстычнае або сур’ёзнае.
– Задаволена жыццём яшчэ і таму, што мару сваю ўсё ж здзейсніла. Бо ўсё жыццё, нават яшчэ і цяпер, калі маю, лічы, восемдзесят гадоў, выступаю на сцэне. Дык ці ж гэта не шчасце – быць сярод людзей і радаваць іх?
– А яшчэ я і шчаслівая, і багатая таму, што маю дваіх дзяцей, траіх ўнукаў і чацвярых праўнукаў, якім аддаю ўсю сваю любоў і дабрыню, – падагульняе Таццяна Міхайлаўна сваё прызнанне самым галоўным, самым важкім аргументам.
Марыя Драпеза,
фота аўтара і з асабістага архіва Таццяны Якімовіч