Апякунка Беларусі – на Бераставіччыне

Актуально Лента новостей

У суботу, 16 лютага, парафія Перамянення Пана г.п. Вялікая Бераставіца сустракала абраз Маці Божай Будслаўскай, перэгрынацыя (падарожжа) якога цяпер ідзе па Беларусі.

Санктуарый Маці Божай Буд­слаўскай знаходзіцца ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. У гэтым го­дзе ў святыні будзе адзначацца юбілей 400-годдзя з’яўлення ў ёй цуда­творнага абраза. Менавіта да гэтай падзеі і прымеркавана падарожжа абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях Беларусі.
Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. У 1998 годзе кардынал Казімір Свёнтак каранаваў яго папскімі каронамі, у народзе Маці Божая Будслаўская лічыцца апякункай Беларусі.
Абраз, які сустракаюць вернікі падчас перэгрынацыі, — гэта копія цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, які знаходзіцца ў галоўным алтары будслаўскай святыні.
Але і абраз-копія ўжо асвечаны малітвамі тысячаў вернікаў, якія са сваімі смуткамі і радасцямі прыходзяць да Маці Божай, прагнуць яе апекі і благаславення. Менавіта гэты абраз нясуць у санктуарыі падчас працэсіі ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай.
Вернікі Вялікай Бераставіцы разам са сваімі святарамі а.Вальдэмарам і а.Анджэем з вялікай радасцю і ўшанаваннем прынялі абраз у сваёй святыні, шчыра падзякавалі а.Цэцыліяну, які суправаджае абраз у час яго перэгрынацыі і расказаў шмат кранаючых гісторый аб цудадзейным абразе.
Няпоўныя суткі Маці Божая Будслаўская гасціла ў Вялікай Бераставіцы, але і за гэты час у вернікаў была магчымасць пакланіцца Ёй, падзякаваць за атрыманыя ласкі, выказаць запаветныя малітвы і папрасіць Яе заступніцтва.
У нядзелю абраз Маці Божай Будслаўскай адправіўся ў Макараўцы, каб працягнуь сваё падарожжа па Бераставіцкім дэканаце.

Ірына Міклаш,  фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *