Апошні прытулак гетмана Хадкевіча?

Из истории земли Берестовицкой Культура

Праходзячы міма старога бераставіцкага касцёла, спыніцеся на хвіліну і паглядзіце на яго. Згадзіцеся – магутны і велічны будынак. Але разам з тым сціплы і строгі. Ніякіх празмернасцяў і архітэктурных вытанчэнняў, уласцівых іншым сакральным пабудовам. У яго фасадзе выразна праглядваюцца характэрныя рысы некропаля. Ёсць падставы меркаваць, што касцёл ужо ад самага пачатку будаваўся як магільны склеп. Знешне нечым падобныя на яго надмагільныя помнікі, толькі значна меншых памераў, можна сустрэць на старых могілках Варшавы і Кракава, Львова і Вільні.
Падземныя сутарэнні касцёла складаліся з 9 памяшканняў. У іх размяшчаліся труны ўладальнікаў мястэчка, прадстаўнікоў знатных родаў – Мнішкаў, Патоцкіх, Хадкевічаў, Касакоўскіх. Тут знайшоў свой апошні прытулак і вялікі маршалак Ежы Вандалін Аўгуст Мнішак (памёр у 1778 г.). Той самы, што ў 2-й палове XVIII ст. унёс значны ўклад у перабудову гэтага храма. На яго сродкі завяршылі ўзвядзенне манументальнага мураванага барочнага касцёла замест пацярпелага ад пажару драўлянага. Маршалак у свой час дабіўся для мястэчка значных прывілеяў (у тым ліку на штотыднёвыя кірмашы). У згаданым касцёле спачывала таксама сэрца славутага ваяра і палітыка гетмана Яна Караля Хадкевіча. Хадкевічы ў мінулым мелі Бераставіцу ў сваіх уладаннях.
Польны літоўскі гетман Хадкевіч – без сумневу постаць вя-лікая і легендарная. Дастаткова ўзгадаць Кірхгольмскую і Хацімскую бітвы. Яго ведалі не толькі ў тагачаснай Рэчы Паспалітай – яму дзякавала ўся Еўропа. У гонар гетмана пастаўлены помнікі, названы плошчы, вуліцы, і , нават, вайсковыя часткі. Аб жыцці і воінскім таленце гетмана нямала напісана. Але пры гэтым амаль нічога не гаворыцца пра яго пахаванне. Гэты момант, звязаны з Хадкевічам, як бы знаходзіцца ў ценю.
Спрабуючы разабрацца ў да-дзеным пытанні, аўтар артыкулу сутыкнуўся з беднасцю і супярэчнасцю матэрыялаў. Тым не менш, нейкія крупінкі інфармацыі ўдалося знайсці, і на іх падставе паспрабаваць прасачыць ход падзей.
Не сакрэт, што сэрца вялікага гетмана захавалі асобна ад яго цела. Гісторыя гэтага пахавання загадкавая і інтрыгуючая. У ёй больш пытанняў, чым адказаў.
Згодна са старажытнай традыцыяй – у сэрцы чалавека знахо-дзіца яго душа. У тагачаснай Рэчы Паспалітай практыка пахавання сэрца памерлага асобна ад яго цела была распаўсюджанай з’явай. Унутраны орган падчас анатаміравання змяшчаўся ў спецыяльную ёмістасць, званую саркафагам (па-руску “ковчег”).
Якімі былі саркафагі? У адрозненне ад драўляных, мармуровых альбо цынкавых пахавальных трунаў, невялікія саркафагі выконваліся з больш шляхетных матэрыялаў – шкла, медзі, срэбра, а, нават, і золата. Формы іх былі таксама разнастайнымі – ў выглядзе куба, цыліндра, піраміды, сэрца і г.д. На корпусе ў гонар памерлай асобы змяшчалі надпісы-эпітафіі. Некаторыя саркафагі ў дадатак аздабляліся яшчэ элементамі дэкору. Нярэдка падчас пахавання яны накрываліся палотнішчам з выявай радавого гербу «польскага арла», «літоўскай пагоні».
Часамі такую пасудзіну ставілі ў пахавальнай крыпце побач з труной. Але найчасцей – перазахоўвалі ў нейкім іншым месцы кіруючыся пасмяротным тэстаментам, альбо згодна з пажаданнямі родных памерлага. Працэдура падкрэслівала заможнасць, славу і значнасць роду. Такім чынам хавалі вядомых і заслужаных у дзяржаве асобаў – каралёў і князёў Рэчы Паспалітай, гетманаў, магнатаў і знакамітых шляхціцаў. Сярод іх – Уладзіслаў Ягайла, Зыгмунт III Ваза, Ян Казімір, Ян III Сабескі, каралева Бона Сфорца, Аўгуст II Моцны, канцлер Ян Жамойцкі, князь Ян Павел Сангушка, некаторыя прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка і многія іншыя. Такога роду пахаванні часцей за ўсе адбываліся ва ўсходняй частке дзяржавы (г.зн. Літве). Рэліквіі змяшчаліся пераважна ў тых храмах, якія нейкім чынам былі звязаныя з дадзенай асобай – знаходзіліся ў іх вотчыне, некалі імі фундаваліся і г.д.
Саркафаг сэрца  Караля Радзівіла. Верагодна, што падобным быў і хадкевічоўскі (так яго апісвае Р.Афтаназы). Існуе думка, што апошняй просьбы Хадкевіча не выканалі, альбо выканалі толькі часткова, паколькі ён жадаў, каб пасля смерці яго цалкам пахавалі ў Бераставіцы. Па другой версіі (гісторыка А.П.Грыцкевіча) – хацеў, каб труну паставілі  побач з трунамі першай яго жонкі і дзяцей у хадкевічоўскай Крэцінге (Літва). Дакладна вядома, што другая жонка – маладая ўдава Ганна Элаіза Хадкевіч (народжаная Астрожская), усё ж дамаглася, каб астанкі мужа пахавалі не дзе-небудзь у іншым месцы, а менавіта  ў Астроге над рэчкай Гарынню (Валынь) – рэзыдэнцыі князёў Астрожскіх. Чаму так адбылося – неразгаданая таямніца. Але аб гэтым пазней.
Тым не менш, вядома, што “душа” (г.зн.сэрца) вялікага сына Рэчы Паспалітай была дастаўлена ў Бераставіцу і ў спецыяльным саркафагу пакладзена на вечны адпачынак ў мясцовым  тады яшчэ драўляным  касцёле. Узнікаюць адразу пытанні – хто  і калі  гэта зрабіў? Адказы на іх пакуль не знойдзены.  Складана таксама высветліць менавіта ў якім месцы касцёла ён захоўваўся. Магчыма, што да 60-х гадоў XIX ст.  размяшчаўся на бачным месцы ў надземнай частцы храма і шанаваўся як вялікая рэліквія, а пасля пераўтварэння касцёла ў царкву ў 1866 г., апынуўся ў падземных крыптах.  Не выключана і тое, што пасля перабудовы драўлянага касцёла на мураваны, ён знаходзіўся пэўны час ў спецыяльна адведзенай нішы касцёльнай сцяны.
У сувязі з гэтым хачу ўзгадаць невялічкую, але цікавую гісторыю (няхай прабачыць чытач за адхіленне ад тэмы). Пасля смерці маршалка Польшчы Юзэфа Пілсудскага, сэрца  яго 1 чэрвеня 1935 года з Варшавы прывезлі ў Вільню і часова замуравалі ў адной з калонаў востра-брамскага касцёла Св.Тэрэзы. Праз год яно з вялікімі ўрачыстасцямі было перазахавана на віленскіх могілках Росы ў адной магіле з астанкамі маці, спецыяльна эксгумаванымі і дастаўленымі  з іншай мясцовасці. На гэтым ўсё скончылася. У 70-х гг. падчас унутранага рамонту на адной з калонаў насупраць амбону, здзіўленню рабочых  выпадкова адкрылася ўмураваная  ў сцяну невялікая драўляная скрынка, а ў ёй  срэбраная   ўрна з засушаным вяночкам кветак і больш нічога. Аказалася, што ў гэтай урне ў мінулым напрацягу цэлага года  спачывала сэрца кіраўніка польскай дзяржавы.  Можа  падобныя тайны хаваюць сцены і нашага касцёла-некропаля?
Да якога ж часу  рэліквія знаходзілася ў бераставіцкім касцёле і куды яна знікла?
З 1867года і да пачатку 20-х гадоў XX ст. храм з’яўляўся праваслаўнай царквой. Па звестках Гродзенскага праваслаўнага епархіяльнага ўпраўлення ў 1880-х гг. саркафаг усё яшчэ лічыўся ў інвентарных спісах храма.
Сямья Касакоўскіх і госці на фоне палацу ў Вайткушках. На заднім     плане гатычнае акно палацавай капліцы, дзе знаходзіўся саркафаг з сэрцам Хадкевіча.

Ёсць меркаванне, што напрыканцы XIX ст. – пачатку XX ст. рэліквія была нейкім чынам адтуль забрана і вывезена ў больш бяспечнае месца. І да гэтай справы маюць прамое дачыненне тагачасныя ўладальнікі маёнтку Бераставіца графы Касакоўскія – Станіслаў  (1837-1905гг.) альбо яго сын Юзаф (1866-1917гг.).
Тут трэба адзначыць, што Касакоўскія з’яўляліся далёкімі сваякамі і спадчыннікамі старажытнага рода Хадкевічаў. Культ шанавання  продкаў у графскай сям’і стаяў на высокім узроўні. Усё тое, што заставалася Касакоўскім у спадчыну – старанна  зберагалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Па словах вядомага польскага даследчыка гісторыі маёнткаў Романа Афтаназы, прадметам асаблівага гонару Касакоўскіх у Бераставіцы былі каваны куфар, што ў мінулым належаў Яну Каралю Хадкевічу, і сямейны архіў, які ўключаў дакументы яшчэ з часоў славутага  гетмана.
Як паказваюць архіўныя крыніцы, пасля падаўлення паўстання 1863 года ўціск з боку царскіх уладаў на польскую шляхту і каталіцкае духавенства ў краі толькі ўзмацняецца. Датычыцца гэта і нашага мястэчка. Адносіны паміж  прадстаўнікамі ўладаў і сям’ёй графаў Касакоўскіх становяцца непрыязнымі. Касцёл зачынілі, нягледзячы на шматлікія прашэнні і іншыя захады Касакоўскіх пакінуць храм вернікам. Маёмасць з яго  пачала вывозіцца, а праз нейкі час храм ўвогуле перабудавалі ў царкву. Гэта падштухнула графаў прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць рэліквію. Не выключана, што Касакоўскія, узяўшы саркафаг з сэрцам гетмана з касцёла,  размясцілі першапачаткова яго ў сваім бераставіцкім палацы, а пасля перавезлі ў  іншы маёнтак Вайткушкі  Ковенскай губерні (прыкладна 250 км на паўночны ўсход ад Бераставіцы).
Гэтаму ёсць ускосны доказ. Справа ў тым, што маёнтак у Літве быў яшчэ буйнейшым за бераставіцкі. Графскі палац, раскошны ў архітэктурным плане, налічваў большую колькасць памяшканняў, меў велізарную бібліятэку, архіў, багатую карцінную галерэю, калекцыі дарагой мэблі і іншых прадметаў раскошы. У адрозненне ад Бераставіцы тут былі наладжаны прыязныя адносіны з губернскімі чыноўнікамі. У маёнтку часта гасцяваў сам ковенскі губернатар Сяргей Сухадольскі. Роман Афтаназы ў манаграфіі «Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 4. Wojewodstwo Wilenskie» даволі падрабязна апісвае гэты маёнтак Касакоўскіх. У тэксце апісання ёсць такія радкі: «… у наступным памяшканні размяшчалася капліца з уваходам ад калідора. Яна была апрацавана чорна-белымі мармуровымі пліткамі і мела высокае гатычнае акно з рознакаляровымі вітражамі. Над невялікім алтаром віселі шматлікія маляваныя алеем карціны рэлігійнага зместу. Адна з іх, намяляваная Станіславам Шчэнсным, паказвала Хрыста на крыжы. Зберагалася тут таксама металічная ёмістасць у выглядзе сэрца, у якой нібы змяшчалася сэрца Яна Караля Хадкевіча…». Гэта гаворыць аб тым, што саркафаг на пачатку ХХ ст. быў ужо ў Вайткушках.
У такім выглядзе маёнтак, згодна з Афтаназы, праіснаваў аж да Першай сусветнай вайны. З пачаткам ваенных дзеянняў асноўная частка каштоўнасцяў з Вайткушак была вывезена ў глыб Расіі, дзе канчаткова знікла. Палац прыходзіць у запусценне. Менавіта з гэтага моманту і губляецца след абвеянага легендамі саркафага.
Можа ён быў вывезены ў Расію разам з іншым дабром, што малаверагодна. А можа ў цяжкія часы быў перазахаваны ў зямлі? Жывых сведкаў, хто б адказаў на гэтае пытанне, ужо даўно няма. Няма ніякіх звесткаў і ад графскіх нашчадкаў. Пытанне застаецца адкрытым.
Частка каштоўнасцяў, уключаючы сямейны архіў і вялікую колькасць альбомаў аўтарства славутага фатографа Станіслава Касакоўскага, пазней апынулася ў музеях і бібліятэках Літвы і Польшчы, а таксама ў прыватных калекцыях..
Трэба дадаць, што падчас Другой сусветнай вайны ў былой рэзідэнцыі Касакоўскіх у Вайткушках арганізавалі лагер для інтэрніраваных польскіх жаўнераў, якія ў верасні 1939 года, ратуючыся ад Чырвонай Арміі, на загад свайго камандавання перайшлі літоў-скую мяжу і былі раззброеныя. Сярод палонных была вялікая колькасць абаронцаў Гродна – харцэраў і ваеннаслужачых гро-дзенскага гарнізона.
Сёння Вайткушкі – мясцовасць у Літве непадалёку ад горада Укмерге. Ад былога палацу засталіся толькі вартыя жалю руіны.
Гісторыя пахавання самога цела Яна Караля Хадкевіча не менш таямнічая і яшчэ больш заблытаная. Прывяду некалькі яе версіяў.
У 1621 годзе вялікі гетман на чале еўрапейскіх кааліцыйных войскаў прымаў удзел у бітве пры Хаціме (недалёка Чарнаўцоў, Украіна) супраць магутнай арміі турэцкага султана Асмана II . У гэты час Хадкевіч быў ужо ў сталым узросце. Падчас кіравання войскам ён заразіўся цяжкай хваробай. Эпідэмія гэтай хваробы бязлітасна бушавала ў стане падначаленых яму войскаў, галодных і змучаных доўгатэрміновай турэцкай аблогай. Гэта з’явілася асноўнай прычынай яго смерці. 24 верасня 1621 года а другой гадзіне па поўдні Хадкевіч адышоў у вечнасць.
Труну з яго целам з хацімскага замка, дзе ён правёў свае апошнія гадзіны перад смерцю, перавезлі ў Камянец Падольскі (ад Хаціма каля 30 км.). Падчас урачыстага набажэнства пры ўдзеле каралевіча Уладзіслава яе часова захавалі ў скляпеннях мясцовай катэдры.
Дарэчы, гетман пайшоў з жыцця ўсяго праз год пасля шлюбу з Ганнай Элаізай Астрожскай. Шлюб, як лічыць даследчык Грыцкевіч, адбыўся 28 лістапада 1620 года ў горадзе Ярослаў на Падкарпацці. Дзяўчына тады мела каля 20 гадоў і на 40 гадоў была маладзейшая за гетмана. Хутка пасля вяселля гетман адправіўся на сойм у Варшаву, а пасля ў апошні свой паход, не ўступіўшы ў правы мужа.
Ганна Элаіза да канца сваіх дзён узяла абяцанне бязшлюбнасці (прасіла гетмана пакінуць яе нявінніцай) і вяла аскетычны лад жыцця. Увесь час яна праводзіла ў набажэнствах і строгіх постах, пазбягала з’яўлення сярод людзей. У грамадстве ўсе гаварылі нават пра таямнічасць яе натуры. Усе яе ахвяраванні пры-значаліся на карысць каталіцкіх святыняў. Пры матэрыяльнай дапамозе Ганны Элаізы ў 1624 годзе ў Астрозе быў адкрыты велічны кляштар езуітаў і ў ім заснаваны славуты езуіцкі калегіум. Адзначу, што гэтыя землі заўсёды з’яўляліся радавой вотчынай Астрожскіх.
У 1624 г. пасля таго, як скончыліся спрэчкі з падзелам маёмасці памерлага гетмана, Ганна Элаіза з Камянца забрала астанкі мужа ў Астрог і перазахавала ў касцёле гэтага самага езуіцкага кляштара.
На сённяшні дзень ад кляштарнага будынка нічога не засталося. Яшчэ ў 1773 г. згодна з касацыйным указам калегіум быў зачынены. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына II перадала яго праваслаўнай кансісторыі. Потым адбыўся пажар, які ўсё знішчыў. Рэшткі будынка ў XIX ст. поўнасцю разабралі. Лічыцца, што астанкі Хадкевіча ў гэтыя бурлівыя часы загінулі.
Такой думкі прытрымліваецца сёння большасць гісторыкаў. Мясцовыя краязнаўцы з Астрога сцвярджаюць, што астанкі Хадкевіча былі некалі разрабаваны і знішчаны шукальнікамі скарбаў. Але гэта нагадвае класічную легенду, не вартую ўвагі.
Між тым ёсць яшчэ адна даволі цікавая версія адносна разглядаемага пытання. Яе немагчыма не агучыць. Вытокі гісторыі ідуць з суседняй Польшчы.
Справа ў тым, што ў міжваенны час мінулага стагоддзя ў г. Ярославе Львоўскага ваяводства тагачаснай Польшчы адбылася падзея, пра якую сёння фактычна не ўспамінаюць. У 1921 годзе на тэрыторыі мясцовага касцёла бенедыктынак праводзіліся рамонтныя работы. Пры рэканструцыі аднаго з касцёльных нефаў пад цяжарам рыштаванняў нечакана правалілася падлога і перад вачыма прысутных адкрылася дагэтуль невядомая крыпта з дзвюма масіўнымі трунамі. Звонку яны былі пакрытыя сукном, аблітыя смалой і абкручаныя шнурком, на якім яшчэ засталіся рэшткі пячаткі. Зверху на трунах – неразборлівыя надпісы. Удалося прачытаць толькі лацінскія літары IHS –сімвал езуітаў. Было ўстаноўлена, што гэта падвойныя труны. Яны служылі для перавозкі астанкаў на вялікія адлегласці. Унутры кожнай з іх знаходзіліся меншыя труны, зробленыя з больш шляхетнага дрэва і абабітыя чорным збутлелым аксамітам, што гаварыла аб заможнасці пахаваных там асобаў. Калі іх адчынілі, то ўбачылі шэрыя шкілетныя астанкі мужчыны ў адной і жанчыны ў другой труне. Было ясна адно – пахаваныя ў крыпце асобы скончылі жыццё зусім у іншым месцы. Налёт цвілі на сценках трунаў гаварыў аб тым, што яны некалі размяшчаліся ў вільготным асяроддзі. Шкілет мужчыны – добра збудаваны. Чэрап выцягнуты. На ім добра захаваліся зачасаныя ўгару светлыя вусы. Астанкі былі апранутыя ў згніўшы да пояса кунтуш (старадаўняе доўгае верхняе адзенне). Кунтуш меў цагляны колер (праўдападобна, што раней ён быў чырвоным). Пояс, выкананы са шляхетнага матэрыялу, на дзіва, быў у добрым стане. Боты мелі залатыя спражкі для шпораў. На правым перадплеччы – шырокі абруч для падвязвання рукава, які ўжывалі ваеначальнікі пры кіраванні войскам. Можна меркаваць, што чалавек у труне быў немалады. Пры ім яшчэ знайшлі булаву і некалькі аксэсуараў, аздобленых дыяментамі. Пазней сталярны работнік па прозвішчу Дзюба, які там прысутнічаў, прызнаўся, што адзін такі дыямант велічынёй з гарошыну прадаў за 50 злотых на чорным рынку ў Ярославе ў 1925 годзе. Жанчына ў труне мела дробны чэрап, на якім былі светлыя валасы. Агляд астанкаў дазволіў выказаць меркаванне, што ў трунах спачываюць пераможца з-пад Кірхгольму гетман Ян Караль Хадкевіч і яго жонка Ганна Элаіза. Пасля гэтага астанкі пераклалі ў новыя труны і змясцілі ў крыпце капліцы Св.Пятра, а старыя спалілі непадалёку ад касцёла.
Дзеля большай упэўненасці ў 1936 годзе зрабілі паўторную эксгумацыю. Даследванне праводзіў нейкі доктар медыцыны Юзэф Славік.
Ю.Славік зрабіў выснову: склад чарапных каробак астанкаў дазваляе прызнаць, што яны належаць гетману Хадкевічу і Ганне Элаізе. Характэрна зачасаныя ўгару вусы меў менавіта Хадкевіч, у адрозненне ад астатніх вядомых дзяржаўных мужоў, якія вусы насілі зачасанымі ўніз. І жонка гетмана насамрэч была бландзінкай з даволі дробнай будовай чэрапа і нізкім ілбом, што адпавядае знойдзеным астанкам. Такімі яны ёсць на ўсіх тагачасных партрэтах. Пасля агледзінаў труны зачынілі і паставілі на сваё месца. Усе дзеянні праводзіліся без шырокай грамадскай агалоскі.
Потым прыйшла Другая су-светная вайна, і справай ужо ніхто не цікавіўся. У зачыненым кляштары размяшчаліся казармы нямецкіх салдатаў, пастарунак гестапа. Маёмасць была разрабававана. Падчас баёў касцёльны комплекс атрымаў моцныя разбурэнні. Далейшы лёс рэліквіяў — невядомы. Нібыта іх зноў ахутала таямніца.
Калі і пры якіх абставінах астанкі гетмана трапілі на Падкарпацце?
Згодна з версіяй, першапачаткова цела Хадкевіча з Хаціма Ганна Элаіза Хадкевіч прывезла ў Астрог і пахавала ў фарным касцёле. Пазней, асцерагаючыся разбуральных набегаў казацкай чэрні Багдана Хмяльніцкага, перавезла іх у радавы маёнтак Ракаты ў Велькапольшчы, а адтуль – у кракаўскі касцёл Св. Мацея. Ганна Элаіза памірае ў 1654 годзе ў Ракатах. З Ракатаў астанкі князёўны трапляюць у бенедыктынскі касцёл Ярослава, на які яна пры жыцці фундавала немалыя сродкі. Потым яе труна пераходзіць ад бенедыктынак да езуітаў і нейкі час спачывае побач з труной мужа ў Кракаве. Далейшым іх прыпынкам у 1722 годзе зноў становіцца Астрог (згаданы ўжо езуіцкі кляштар). І, урэшце, дзесьці ў сярэдзіне XVIII ст. астанкі абодвух трапляюць у той самы падкарпацкі Ярослаў, дзе і будуць спачываць аж да адкрыцця крыпты ў 1921г. На думку некаторых польскіх даследчыкаў, яны былі проста выкрадзены ў астрожскіх езуітаў ярослаўскімі бенедыктынкамі (не без дапамогі магнатаў Жамойцкіх і Любамірскіх) і патаемна пахаваны ў схаванай крыпце касцёла, пра якую з цягам часу ўсе забыліся. Галоўная прычына ўсіх гэтых перавозаў і перазахаванняў заключалася ў спрэчцы паміж езуітамі і бенедыктынкамі за правы апекі над трунамі ганаровых асобаў.
Так выглядае гэта гісторыя. Наколькі яна блізкая да праўды – сказаць цяжка. Няхай яе асэнсоўвае чытач.
І яшчэ трошкі цікавай інфармацыі. Калі давядзецца пабываць у літоўскім горадзе Крэцінга (былой вотчыне Яна Караля Хадкевіча), зайдзіце ў касцёл Звеставання Найяснейшай Панны. Гэты касцёл узведзены палкаводцам у гонар перамогі пад Кірхгольмам. У добрым стане ён захаваўся да нашых дзён. У храме знаходзяцца партрэты гетмана і першай яго жонкі Соф’і Мілецкай (памерла ў 1616 г.). Як ужо адзначалася, у падвальнай крыпце спачываюць яе астанкі. Там таксама пахаваны трое іх дзяцей. Старэйшаму сыну гетмана Гераніму было 16 год. Малодшага дзіцяці не стала ўсяго праз 4 гадзіны пасля нараджэння. У самым горадзе Крэцінга адна з цэнтральных вуліц носіць імя гетмана Хадкевіча, а ў цэнтральным скверыку ўсталяваны яму помнік.
На заканчэнне хочацца сказаць, што, нягледзячы на ўсе супярэчлівасці адносна яго пахавання, Ян Караль Хадкевіч – значная постаць свайго часу. І лёс яго цесна звязаны з нашым мястэчкам. Гэтую сувязь можна назваць своеасаблівым гістарычным брэндам Бераставіцы, якім можна ганарыцца і адстойваць яго.
Сяргей Лушчык,
гісторык,  г.Гродна



4 комментария по теме “Апошні прытулак гетмана Хадкевіча?

  1. Спасибо Анна,что интересуетесь историей Берестовицы. Ностальгия по тем местам, где родились или провели детство,проявляется не только у Вас. Я например постоянно вспоминаю своё детство — 70-е годы. А вообще,50-60гг.очень интересный период истории. Он все больше отдаляется от нас, уходит в прошлое. К сожалению, уходят и люди, которые помнят те годы. Я имею фотографии посёлка, сделанные в этот период времени.Думаю, что редакция газеты их опубликует. На некоторых их них есть группы жителей посёлка. Может кто-нибудь узнает их. Следите за материалами газеты. Если у Вас есть какая-либо информация, воспоминания о Берестовице, пишите в газету (хотя-бы в комментариях). Надеюсь, что эта тема будет продолжена.

  2. Я тоже просматриваю все,что связано с Берестовицей.Мои родители и я жили в Берестовице до 1955 года,а потом уехали в Москву, но так жалко.что не все понимаю. Я не владею белорусским языком. Спасибо. Анна

  3. Просматриваю сообщения на данном сайте уже небольшое время! И говорю щас что буду продолжать читать ваши сообщения 😛

  4. Артыкул «Апошні прытулак Гетмана Хадкевіча” вельмі цікавы і пазнавальны. Краязнаўчы матэрыял дае шырокія веды па гісторыі Бераставіцкага касцёла.Таксама вабяць старыя,малавядомыя фотаздымкі. Матэрыял вельмі палезны гурткоўцам Палаца творчасці дзяцей і моладзі,якія цікавяцца гісторыяй Беларусі.Вялікі дзякуй аўтару , спадзяемся, што ён і далей будзе папаўняць нашы веды сваімі матэрыяламі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *