Праходзячы міма старога бераставіцкага касцёла, спыніцеся на хвіліну і паглядзіце на яго. Згадзіцеся – магутны і велічны будынак. Але разам з тым сціплы і строгі. Ніякіх празмернасцяў і архітэктурных вытанчэнняў, уласцівых іншым сакральным пабудовам. У яго фасадзе выразна праглядваюцца характэрныя рысы некропаля. Ёсць падставы меркаваць, што касцёл ужо ад самага пачатку будаваўся як магільны склеп. Знешне нечым падобныя на яго надмагільныя помнікі, толькі значна меншых памераў, можна сустрэць на старых могілках Варшавы і Кракава, Львова і Вільні.
Падземныя сутарэнні касцёла складаліся з 9 памяшканняў. У іх размяшчаліся труны ўладальнікаў мястэчка, прадстаўнікоў знатных родаў – Мнішкаў, Патоцкіх, Хадкевічаў, Касакоўскіх. Тут знайшоў свой апошні прытулак і вялікі маршалак Ежы Вандалін Аўгуст Мнішак (памёр у 1778 г.). Той самы, што ў 2-й палове XVIII ст. унёс значны ўклад у перабудову гэтага храма. На яго сродкі завяршылі ўзвядзенне манументальнага мураванага барочнага касцёла замест пацярпелага ад пажару драўлянага. Маршалак у свой час дабіўся для мястэчка значных прывілеяў (у тым ліку на штотыднёвыя кірмашы). У згаданым касцёле спачывала таксама сэрца славутага ваяра і палітыка гетмана Яна Караля Хадкевіча. Хадкевічы ў мінулым мелі Бераставіцу ў сваіх уладаннях.
Польны літоўскі гетман Хадкевіч – без сумневу постаць вя-лікая і легендарная. Дастаткова ўзгадаць Кірхгольмскую і Хацімскую бітвы. Яго ведалі не толькі ў тагачаснай Рэчы Паспалітай – яму дзякавала ўся Еўропа. У гонар гетмана пастаўлены помнікі, названы плошчы, вуліцы, і , нават, вайсковыя часткі. Аб жыцці і воінскім таленце гетмана нямала напісана. Але пры гэтым амаль нічога не гаворыцца пра яго пахаванне. Гэты момант, звязаны з Хадкевічам, як бы знаходзіцца ў ценю.
Спрабуючы разабрацца ў да-дзеным пытанні, аўтар артыкулу сутыкнуўся з беднасцю і супярэчнасцю матэрыялаў. Тым не менш, нейкія крупінкі інфармацыі ўдалося знайсці, і на іх падставе паспрабаваць прасачыць ход падзей.
Не сакрэт, што сэрца вялікага гетмана захавалі асобна ад яго цела. Гісторыя гэтага пахавання загадкавая і інтрыгуючая. У ёй больш пытанняў, чым адказаў.
Згодна са старажытнай традыцыяй – у сэрцы чалавека знахо-дзіца яго душа. У тагачаснай Рэчы Паспалітай практыка пахавання сэрца памерлага асобна ад яго цела была распаўсюджанай з’явай. Унутраны орган падчас анатаміравання змяшчаўся ў спецыяльную ёмістасць, званую саркафагам (па-руску “ковчег”).
Якімі былі саркафагі? У адрозненне ад драўляных, мармуровых альбо цынкавых пахавальных трунаў, невялікія саркафагі выконваліся з больш шляхетных матэрыялаў – шкла, медзі, срэбра, а, нават, і золата. Формы іх былі таксама разнастайнымі – ў выглядзе куба, цыліндра, піраміды, сэрца і г.д. На корпусе ў гонар памерлай асобы змяшчалі надпісы-эпітафіі. Некаторыя саркафагі ў дадатак аздабляліся яшчэ элементамі дэкору. Нярэдка падчас пахавання яны накрываліся палотнішчам з выявай радавого гербу «польскага арла», «літоўскай пагоні».
Часамі такую пасудзіну ставілі ў пахавальнай крыпце побач з труной. Але найчасцей – перазахоўвалі ў нейкім іншым месцы кіруючыся пасмяротным тэстаментам, альбо згодна з пажаданнямі родных памерлага. Працэдура падкрэслівала заможнасць, славу і значнасць роду. Такім чынам хавалі вядомых і заслужаных у дзяржаве асобаў – каралёў і князёў Рэчы Паспалітай, гетманаў, магнатаў і знакамітых шляхціцаў. Сярод іх – Уладзіслаў Ягайла, Зыгмунт III Ваза, Ян Казімір, Ян III Сабескі, каралева Бона Сфорца, Аўгуст II Моцны, канцлер Ян Жамойцкі, князь Ян Павел Сангушка, некаторыя прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка і многія іншыя. Такога роду пахаванні часцей за ўсе адбываліся ва ўсходняй частке дзяржавы (г.зн. Літве). Рэліквіі змяшчаліся пераважна ў тых храмах, якія нейкім чынам былі звязаныя з дадзенай асобай – знаходзіліся ў іх вотчыне, некалі імі фундаваліся і г.д.
Сяргей Лушчык,
гісторык г.Гродна
Цікава. Патрэбен працяг тэмы.Велічны будынак павінен мець такуюж самую гісторыю.Добра калі тэма знойдзе свой лагічны працяг.