30 мая ўрачыстыя школьныя лінейкі завяршылі навучальны год ва ўстановах адукацыі Бераставіччыны, апошні школьны званок празвінеў на іх для больш як 1700 школьнікаў нашага раёна.
Самыя шчырыя пажаданні і віншаванні ў гэты дзень гучалі для выпускнікоў сярэдняй і базавай школы. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе сцены школ пакіне 91 адзіннаццацікласнік раёна, базавую школу заканчваюць 174 выпускнікі дзявятых класаў.
На ўрачыстых лінейках, якія прайшлі ў кожнай школе, прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці, шматлікія шэфы. Па выніках навучальнага года былі адзначаны вучні, якія дасягнулі найлепшых поспехаў у вучобе, спорце, пераможцы і ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, прадметных алімпіяд.
32 школьнікі нашага раёна за выдатную вучобу і паспяховы ўдзел у алімпіядах і конкурсах атрымалі на ўрачыстых лінейках стыпендыі раённага выканаўчага камітэта, пасля паспяховай здачы экзаменаў такую ж стыпендыю атрымаюць яшчэ 13 прэтэндэнтаў на пасведчанне аб заканчэнні базавай школы з адзнакай, сем патэнцыяльных залатых медалістаў і адзін сярэбраны медаліст.
За актыўны ўдзел у грамадскім і школьным жыцці, паспяховую вучобу вучаніца 10 класа Алекшыцкай СШ Анастасія Болбат і адзінаццацікласніца Макараўскага ясляў-сада-СШ Вольга Шышпаронак атрымалі стыпендыю Гродзенскага аддзялення Беларускага фонду міру.
З 1 па 10 чэрвеня выпускнікі II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі будуць здаваць выпускныя экзамены.
Дзевяцікласнікаў чакаюць у гэтым годзе тры экзамены: па рускай, беларускай мове і матэматыцы. Выпускнікі адзінаццатых класаў будуць здаваць чатыры экзамены: па матэматыцы, рускай або беларускай мове, замежнай мове і гісторыі Беларусі.
Выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў пройдуць 11 чэрвеня.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара