Наколькі важна выбраць менавіта сваю прафесію Андрэй Станкевіч ведае не з чужых слоў. З дзяцінства яго цікавіла ўсё, што звязана з электрычнасцю. І, лічыць, пасля службы ў арміі яму вельмі пашанцавала: у раённым вузле электрычнай сувязі якраз патрэбен быў электраманцёр станцыйнага абсталявання. А калі прыйшоў сюды працаваць, пашанцавала яшчэ раз: на настаўніка Уладзіміра Плоцкага, які меў ужо ў сваёй справе багаты вопыт і ахвотна дзяліўся ім з іншымі. Пад яго кіраўніцтвам і спасцігаў Андрэй Іванавіч сакрэты прафесіі. Абслугоўваць каардынатныя тэлефонныя станцыі аказалася досыць складана: правадоў і кантактаў – незлічоная колькасць!
З таго часу мінула без малога 20 гадоў. Цяпер Андрэй Станкевіч – электраманцёр пятага разраду і сам даўно дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі з маладымі калегамі. Час падарыў яму не толькі вопыт, але і моцна змяніў спецыфіку работы. З прыходам новых тэхналогій і ўкараненнем усё больш сучаснага абсталявання зусім іншай стала якасць сувязі і кардынальна новымі – паслугі. Сёння сувязь паміж сельскімі тэлефоннымі – цяпер ужо электроннымі – станцыямі раёна ажыццяўляецца па валаконна-аптычных лініях, магчымасці якіх невымяральна вышэй ранейшых. І паслугі аказваюцца сучасныя, па прынцыпу “тры ў адным”: па адной лініі перадаюцца сігналы тэлефаніі, перадачы дадзеных і тэлебачання. Андрэй Іванавіч пашыраў і ўдасканальваў веды на курсах у Мінску, вельмі ўдзячны за дапамогу і вядучаму інжынеру РУЭС Юрыю Леванені, электрамеханіку Канстанціну Антоненка.
– Працаваць стала хоць і больш складана, аднак намнога цікавей, – кажа ён. – З укараненнем шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт у раёне кожны дзень – ды што там, літаральна кожную гадзіну! – расла колькасць карыстальнікаў byfly і Zala. Менавіта Андрэй Іванавіч разам з калегам Артурам Жамойціным, а таксама кабельшчыкам -спайшчыкам Паўлам Болдакам і электрамеханікам Максімам Янушкевічам штодня выязджаюць у сельскія населеныя пункты, каб прадастаўляць абанентам новыя віды паслуг, абслугоўваюць ужо ўстаноўленае абсталяванне. Дарэчы, Андрэй Іванавіч не толькі электраманцёр, але і вадзіцель.
– Спецыяліст кваліфікаваны і адказны, – так ахарактыразавалі мне Андрэя Станкевіча яго непасрэдны кіраўнік Юрый Леваненя і начальнік РУЭС Мікалай Жлабовіч. Пры гэтым адзначылі, што работнік не проста любіць сваю справу, а ганарыцца ёю і лічыць вельмі важнай, пастаянна працуе над самаўдасканальваннем прафесійнага майстэрства.
Да ўсяго сказанага дадам, Андрэй Іванавіч – студэнт-завочнік.
– Паважаю сваю прафесію, мне цікава тое, чым я займаюся з дня ў дзень, – сказаў мне на развітанне Андрэй Іванавіч. – А гэта, згадзіцеся, многа значыць у жыцці.
Марыя Драпеза,
фота аўтара