Аляксандр Карпуць з СВК “Пархімаўцы” заняты на сяўбе азімых

Лента новостей Человек и его дело

Пасля кароткага адпачынку наша родная зямля- карміцелька зноў гатовая прыняць у сябе новае насенне. На Бераставіччыне набірае тэмп чарговая важная сельскагаспадарчая кампанія. Услед за азімым рапсам у раёне сеюць іншыя культуры. Важна не толькі тое, каб насенне было якаснае і добрых гатункаў, але і тое, як захоўваюцца новыя тэхналогіі.
У СВК “Пархімаўцы” азімы рапс пасеяў адзін механізатар Аляксандр Карпуць (на здымку), зараз ён сее азімую пшаніцу. Ён сапраўдны майстар сваёй справы. Надвор’е ў пятніцу, калі я прыехала ў гэтую гаспадарку, было цудоўнае, сонечнае, але ў паветры ўжо адчувалася прахалода. Гэта час для сяўбы, вызначаны самой прыродай…
Ужо з самага пачатку размовы можна было зразумець, што Аляксандр працуе па прызванні, шчыра любіць сваю стваральную і важную працу. А “пуцёўку ў прафесію” яму ўжо больш за тры дзясяткі гадоў таму далі ў вучэбна — вытворчым камбінаце Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі ён атрымаў і пасведчанне, якое давала яму права працаваць на трактары. Хлопец яшчэ закончыў прафтэхвучылішча ў Гродне, адслужыў у арміі, затым некаторы час працаваў у абласным цэнтры на заводзе. А калі ажаніўся, пацягнула іх з жонкай у родныя мясціны. У калгасе імя Горкага маладой сям’і далі жыллё. Спачатку Аляксандр працаваў электрыкам, але “за штурвалам” яму падабалася больш, таму змяніў занятак. Бацька яго таксама быў трактарыстам. Разам яны працавалі і на жніве, сын літаральна ўпітваў багаты вопыт роднага чалавека, а той стараўся перадаць яму свае навыкі.
Ужо сёмы год ён працуе на імпартным энерганасычаным “Джон Дзіры”.
— Камфортны! – не хавае свайго захаплення механізатар.
— А як вібрацыя? – цікаўлюся я. – Не замінае працаваць?
— Трохі ёсць, — адказвае Аляксандр. – Але не такая, як у ранейшых айчынных, працы яна не перашкаджае. Ды і гулу такога моцнага няма!
У доказ ён прапануе на хвілінку падняцца з ім ў кабіну, ўключае рухавік, і тут жа следам ціхую музыку. Сапраўды, ніякага дыскамфорту не адчуваецца. Я сыходжу з металічнай лёгкай лесвіцы і жадаю сейбіту спрыяльнага надвор’я, моцнага здароўя і задавальнення ад добра выканай работы.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *