Цікавая размова адбылася ў мяне нядаўна з Алай Станеўскай. Жыве яна ў аграгарадку Вялікія Эйсманты, працуе юрысконсультам у СВК імя Варанецкага. А яшчэ яна старшыня прафкама гаспадаркі.
Родам Ала са Свіслацкага раёна. Яна атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, адну на стацыянары, а другую завочную – у Гродзенскім аграрным універсітэце. Там і знайшла сваю надзейную “другую палову”. Разам з мужам паехалі на яго малую радзіму. Павел Станеўскі – галоўны аграном сельгаскааператыва, клопатаў у яго шмат. Увесь нялёгкі вытворчы працэс земляробства, захаванне сучасных тэхналогій у полі зроку дасведчанага спецыяліста. Вызначанага працоўнага дня ў яго няма, пра час ён не думае, трэба ўсё агледзець пільным гаспадарлівым вокам, трымаць вытворчасць пад кантролем. А жонка мае свае, не менш важныя абавязкі – абараняе правы вытворцаў. Праца юрысконсульта складаная, тут ёсць свае цяжкасці, а дапамагаюць спецыялісту вопытныя калегі і разнастайная змястоўная прававая інфармацыя, якую можна знайсці на адпаведных парталах. Юрысконсульт вывучае дагаворы на продаж прадукцыі, аказанне паслуг і многае іншае. Нават дагаворы з тымі партнёрамі, з якімі супрацоўніцтва вядзецца шмат гадоў, трэба ўважліва праглядаць, таму што могуць быць розныя нюансы, і трэба абараняць інтарэсы вяскоўцаў. Сустракаюцца і несумленныя партнёры. Напрыклад, нядаўна адна арганізацыя прапаноўвала тавар па адной цане, а потым раптам цану павысіла, абгрунтаваўшы гэты рост павышэннем курсу долара. “Дык долар жа не рос!” – своечасова запярэчыла юрысконсульт і адстаяла для гаспадаркі ранейшую цану, збярогшы сродкі. Шырокі спектр надзённых праблем пастаянна ў полі зроку спецыяліста. Вырашаць іх эфектыўна – такі непрыкметны дэвіз Алы Станеўскай.
Імкнецца яна дапамагчы і кожнаму чалавеку, які да яе звяртаецца, таму і заслужыла шчырую павагу ў калектыве.
Сям’і Станеўскіх, як і многім іншым у СВК імя Варанецкага, далі камфортны дом на зямлі. Гэта сапраўдная радасць для любой гаспадыні. У сяльчанак ёсць выдатная магчымасць ствараць цудоўны райскі куточак на сваёй дагледжанай сядзібе. Гэтаму могуць пазайздросціць многія гараджанкі. Вядома, і яны стараюцца ўпрыгожваць свае невялікія балконы ў кватэрах яркімі стракатымі кветкамі, але што можна параўнаць з пладовым садам, агародам, прыгожымі клумбамі на падворку каля ўтульнага і прасторнага асабняка? Выдатнае жыллё і кавалак з любоўю апрацаванай уласнымі рукамі зямлі даюць маральнае задавальненне, ствараюць прыемны настрой. Вельмі добра гэта і для дзяцей. Псіхолагі сведчаць, што вясковыя дзеці, якія растуць на ўлонні прыроды, больш спакойныя і добразычлівыя, чым іх равеснікі з вялікіх гарадскіх мікрараёнаў.
У сям’і Станеўскіх падрастае дачушка, якая пойдзе ў другі клас. Мама з татам ад душы клапоцяцца пра яе навучанне і выхаванне. Ала адзначае, што без строгасці пры гэтым не абыходзіцца, дзіця павінна разумець межы, за якія выходзіць нельга. А ветлівасць – гэта своеасаблівы “дрэс-код”, які неабходна засвойваць з дзяцінства, каб вырасці выхаваным і культурным чалавекам. Цікава, што ў дарагіх заходніх прыватных школах хлопчыкаў і дзяўчынак вучаць правільна вітацца (з усмешкай), правільна сядзець за партай і ўважліва слухаць настаўніка, правільна пытацца дазволу, дзякаваць і гэтак далей. Калі дзеці дэманструюць добрае выхаванне, гэта вельмі прыемна. Дачка радуе бацькоў, расказвае Ала.
– Ты ў мяне самая лепшая мамачка, – гаворыць дзяўчынка, ласкава пацалуе, і гэта для мамы самая каштоўная ўзнагарода. Пацалунак дачушкі і пяшчотныя словы вельмі радуюць і больш стрыманага бацьку.
Самадастатковасць, арганізаванасць і сціплае абаянне ўласцівы маёй субяседніцы. У яе цікавая любімая праца, утульны дом, моцная сям’я. Думаецца, пра гэта яна і марыла, калі нясмелай дзяўчынкай, а затым ужо і студэнткай-першакурсніцай пераступіла парог роднага дома і пайшла ў вялікі свет з яго дзівосамі і непрыкметнымі радасцямі, якія саграваюць душу кожнаму, хто здольны іх знайсці на няпростай жыццёвай дарозе…
Ніна Наддэ, фота аўтара