На працягу 2016 года – Года культуры – ва ўсіх публічных бібліятэках Гродзенскай вобласці праходзіць акцыя “Чытаем разам”. Мэта абласной акцыі – прыцягненне грамадства да чытання беларускай літаратуры. Удзел у ёй прымаюць прадстаўнікі мясцовых улад, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, творчая інтэлігенцыя, моладзь і школьнікі. Старт акцыі быў дадзены ў сярэдзіне красавіка ў абласной бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага. А ў сераду, 4 мая, акцыя “Чытаем разам” атрымала свой працяг на Бераставіччыне: у раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага гучалі творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў аб Вялікай Айчыннай вайне.
Нягледзячы на тое, што з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мінуў 71 год, яна і да гэтага часу пякучым болем адклікаецца ў сэрцах беларусаў. Перамога каштавала вельмі дорага – кожнага трэцяга свайго жыхара страціла Беларусь у гэтай вайне. Шмат твораў розных жанраў напісана пра ваенныя падзеі 1941-1945 гадоў. Паэты і празаікі пісалі пра выпрабаванні, якія выпалі на лёс беларускага народа, пра цяжкія страты і палеглых на франтавых палях сяброў, у творах марылі пра мір і далёкі дом, расказвалі пра подзвігі, слёзы і боль, пра тое, што стаіць за гучным словам “Перамога”.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны знайшла адлюстраванне ў творах многіх беларускіх пісьменнікаў – Якуба Коласа і Янкі Купалы, Петруся Броўкі і Петруся Глебкі, Васіля Быкава і Святланы Алексіевіч, Пімена Панчанкі і Максіма Танка, Рыгора Барадуліна і Аркадзя Куляшова, шматлікіх іншых аўтараў. Найбольш яркія і кранальныя ўрыўкі з твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў прачыталі ўголас удзельнікі акцыі – дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага Таццяна Марцішэвіч, дырэктар Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Алякандр Галавач, першы сакратар райкама БРСМ Ірына Крывапляс, аматар мастацкага чытання Ала Філон, а таксама вучні 8 “А” класа Вялікабераставіцкай СШ імя С.В.Прытыцкага (класны кіраўнік Алена Талочка). Падчас акцыі прагучалі ўрыўкі з твора Васіля Быкава “Жураўліны крык” і аповесці Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”, вершы беларускіх паэтаў аб вайне. Мясцовая паэтэса Святлана Пракопік прачытала аўтарскія вершы.
Вершаваныя радкі, якія прагучалі падчас акцыі, безумоўна, закранулі юнакоў і дзяўчат за жывое і, што асабліва важна напярэдадні 9 мая, прымусілі іх задумацца аб тых вялікіх ахвярах, якія былі пакладзены на алтар Перамогі, аб неабходнасці захавання міру і спакою ў наш зусім неспакойны час.
Вядучая мерапрыемства бібліятэкар чытальнай залы райбібліятэкі Святлана Гладкая прапанавала школьнікам адказаць на пытанні літаратурнай віктарыны па творах беларускіх пісьменнікаў аб вайне. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі акцыі ўсе разам прачыталі верш Ніла Гілевіча “Часцей, часцей прыпамінай”, як напамін усім, што мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей дзеля міру на зямлі. Арганізатары ж акцыі – а гэта супрацоўнікі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага – заклікалі васьмікласнікаў не забываць пра бібліятэчныя ўстановы, дзе праз кнігу і праз чытанне можна больш даведацца пра гераічнае мінулае беларускага народа.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара