Па традыцыі выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку Бераставіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра напярэдадні Новага года наведваюць прадстаўнікі ўлады, арганізацый і ўстаноў раёна. Віншаванні і падарункі для іх у перадсвяточны час – гэта сведчанне таго, што пра іх клапоцяцца ў грамадстве, што да іх лёсу не застаюцца абыякавымі.
У перадапошні дзень адыходзячага года ў госці да выхаванцаў прытулку завіталі старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч і яго намеснік Сяргей Чыкун. Кіраўнікі раёна ўручылі дзецям салодкія падарункі, а ў знак удзячнасці ў адказ выхаванцы расказалі гасцям навагоднія вершы.
Сяргей Хілюта
***
Наведалі дзіцячы сацыяльны прытулак і прадстаўнікі ЦБП №401 філіяла №400 Гродзенскага аблупраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк».
На жаль, не ўсе дзеці могуць адсвяткаваць Новы год у сям’і. Некаторыя з іх не па сваёй віне апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і часова знаходзяцца ў сацыяльных прытулках.
На шчасце, такія дзеці не застаюцца без увагі неабыякавых грамадзян і арганізацый.
У тым ліку і калектыву ЦБП №401 філіяла №400 Гродзенскага аблупраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк». Дзеці былі рады падарункам, з якімі завіталі госці, – наборам гульняў і цукерак. Гэта было відаць па іх шчаслівых тварах. І справа нават не ў падарунках, справа – ва ўвазе.
Святлана Ганчарова, фота аўтара