З пачаткам канікул у бібліятэчных установах раёна актывізуецца дзейнасць па арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў, прапагандзе летняга чытання ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”. У летні час бібліятэкарамі праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне ўвагі юных чытачоў да творчасці айчынных і замежных пісьменнікаў і паэтаў, кніг-юбіляраў, найбольш значных грамадскіх дат і падзей, ладзяцца конкурсы і віктарыны, прапануюцца гульнявыя праграмы.
У дзіцячай бібліятэцы стартавала конкурсная праграма
– Летам у дзіцячай бібліятэцы юныя чытачы могуць не толькі пачытаць кнігі і часопісы, але і паглядзець любімы мультфільм, пагуляць з сябрамі ў настольныя гульні, – расказвае загадчыца дзіцячай бібліятэкі-філіяла Аксана Кумпель. – Па традыцыі на канікулах бібліятэкары імкнуцца напоўніць вольны час дзяцей і падлеткаў карыснымі і пазнавальнымі заняткамі. І, найперш, захваціць іх да чытання. Напрыклад, наведвальнікам прышкольнага лагера “Дружба” Вялікабераставіцкай СШ была прапанавана гульнявая праграма “Летняе чытанне з захапленнем”. Падчас сустрэчы ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі гучалі вершы, казкі, прыказкі, прымаўкі і нават песні пра цудоўную пару года — лета. Пачатак работы па арганізацыі вольнага часу школьнікаў для бібліятэкараў звычайна звязаны са святкаваннем Міжнароднага дня абароны дзяцей і з днём нараджэння вялікага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Літаратурная гадзіна “Лукоморье пушкинских сказок” якраз і была прысвечана творам, напісаным паэтам для дзяцей. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з найбольш цікавымі біяграфічнымі звесткамі аб жыцці паэта, была праведзена віктарына па яго казках.
З пачатку лета праведзены ўжо гістарычнае падарожжа “Мая Радзіма – Беларусь” і гульня-віктарына па правілах дарожнага руху “Азбука бяспекі”.
На летніх канікулах бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі плануюць правесці для наведвальнікаў прышкольнага лагера і адпачываючых у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі” паэтычныя чытанні “Наш родны край у вершах і прозе”, гульнявы калейдаскоп “Дзіцячая прэса на ўсе інтарэсы”, літаратурную гадзіну па творы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “ Маленькі прынц” і інш.
А яшчэ падчас школьных канікулаў у дзіцячай бібліятэцы традыцыйна дзейнічае конкурсная праграма “Кніжныя прыгоды летняга чытання”. Умовы конкурсу засталіся нязменнымі. Неабходна да канца лета наведаць дзіцячую бібліятэку не менш 10 разоў, прачытаць як мінімум 15 кніг, напісаць водгук на твор, які найбольш спадабаўся, адрамантаваць 4-5 бібліятэчных кніжак, зрабіць цікавыя фотаздымкі на тэму “Лета і кніга”, стварыць сваімі рукамі выраб з дэкаратыўна-прыкладных матэрыялаў, адказаць на пытанні віктарыны. Пераможцаў чакаюць прызы.
Свята для дзяцей
у Канюхах
Бібліятэкарам Канюхоўскай інтэграванай бібліятэкі Наталляй Прохар сумесна з настаўнікамі Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы было праведзена свята для дзяцей «Краіна Казак, Цудаў і Чараўніцтва». Школьнікам была прапанавана конкурсна-гульнявая праграма, падчас якой дзеці пабывалі ў ролі ката Базіліо і лісы Алісы, у ролі начнога Вадзіцеля і Навігатара. Юныя чытачы прынялі ўдзел у імправізацыі «Красной шапочки» і віктарыне па казках. Выступілі ўдзельнікі аматарскай творчасці Вольга Ганчарук, Дар’я Васільчанка, Вікторыя Паўлава, Вікторыя Дабрэнка, Надзея Мотыль, Дыяна Юхнюк.
У намінацыі “Лепшы чытач года” былі адзначаны Анжэліка і Ксенія Данік, Вольга Лявончык, Дамініка Клімкевіч, Дар’я Васільчанка.
Таксама былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу малюнкаў «Как хорошо на свете без войны», прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Час праляцеў непрыкметна, дзецям не хацелася разыходзіцца. Арганізатары і ўдзельнікі свята ўдзячны спонсару – СВК «Макарўцы» – за матэрыяльую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.
Дзень здароўя ў Масалянах
Бібліятэкар Масалянскай сельскай бібліятэкі Ірына Канеўская запрасіла наведвальнікаў мясцовага прышкольнага лагера “Вясёлка” на Дзень здароўя. Падчас пазнавальна-спартыўнага мерапрыемства дзеці дэманстравалі ўзровень сваёй фізычнай падрыхтоўкі: бегалі на хуткасць, скакалі ў даўжыню, перадавалі мяч. Бібліятэкар прапанавала агляд літаратуры і перыёдыкі па здароваму ладу жыцця. З дапамогай тэматычнай літаратуры яшчэ раз нагадала дзецям, якіх правіл трэба прытрымлівацца, каб быць моцнымі, здаровымі, падкрэсліўшы, што галоўны скарб чалавека – гэта здароўе.
Юныя чытачы з Пагранічнага знаёміліся з перыёдыкай
У Пагранічнай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна перыёдыкі «У госці да дзіцячых часопісаў». Бібліятэкары пазнаёмілі дзяцей з часопісамі, якія выхоўваюць у падрастаючага пакалення здольнасць да эстэтычнага ўспрымання свету, дэманструюць прыклады высокай духоўнасці, гераізму, дабра, чуласці, павагі і такім чынам рэалізуюць функцыю этычнага і эстэтычнага выхавання. Ёсць выданні, якія садзейнічаюць зняццю стомленасці і напружанасці ў дзяцей, аднаўленню і ўзмацненню душэўнага спакою і раўнавагі шляхам стварэння ўмоў для адпачынку, цікавага правядзення і прыемнага запаўнення вольнага часу.
Экскурс у гісторыю
ад раённай бібліятэкі
Напярэдадні Дня памяці Еўфрасінні Полацкай, які адзначаўся 6 чэрвеня, супрацоўнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі і правялі для навучэнцаў ліцэя экскурс у гісторыю Беларусі “Еўфрасіння Полацкая – святая заступніца Беларусі” . Бібліятэкары Ірына Рожка і Марына Белабокая расказалі навучэнцам аб значэнні вывучэння духоўнай спадчыны асветнікаў, якія нарадзіліся на Беларусі і ўзбагацілі сваімі ведамі, думкамі, талентам скарбонку айчыннай і сусветнай навукі і культуры. Супрацоўнікі райбібліятэкі пазнаёмілі падлеткаў з літаратурай, якая прысвечана жыццю і дзейнасці Еўфрасінні Полацкай і яе эпохі.
Святлана Ганчарова, фота з архіву Бераставіцкай РЦБС