«Ведаць, каб жыць» — акцыю пад такой назвай, прымеркаваную да Міжнароднага дня памяці ахвяр СНІДу, правялі 20 мая на плошчы ў гарадскім пасёлку супрацоўнікі аддзела па рабоце з моладдзю раённага Дома культуры.
Напомніць аб небяспецы гэтага страшнага захворвання работнікам культуры дапамагалі і старшакласнікі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. З невялікіх лампадак была выкладзена стужка – сімвал барацьбы са СНІДам. Гэтыя лампадкі прапаноўвалася запаліць у памяць аб тых людзях, жыццё якіх забраў СНІД. Чырвоныя стужкі ўдзельнікі акцыі прымацоўвалі і да імправізаванага сэрца ў знак таго, што яны памятаюць пра ахвяр СНІДу і будуць аберагаць сябе і блізкіх ад гэтай хваробы.
Прахожым таксама раздаваліся спецыяльна падрыхтаваныя буклеты, у якіх напаміналася пра гісторыю ўзнікнення СНІДу, спосабы перадачы захворвання і яго прафілактыку.
Каб прыцягнуць увагу жыхароў Вялікай Бераставіцы да правядзення акцыі, работнікі культуры падрыхтавалі і невялікую канцэртную праграму.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара