Актуальна і праз сто гадоў

Лента новостей

Трымаю ў руках кнігу “Выбраныя творы” серыі “Беларускі кнігазбор” славутага сына беларускага народа – таленавітага паэта, празаіка, публіцыста і проста незвычайнага чалавека Янкі Купалы, 130 — гадовы юбілей якога мы будзем святкаваць у гэтым годзе. Падарунак зрабіў чытачам Беларускі Дом друку. Такую прыгожа выдадзеную кнігу хацелася б мець дома, але, гляджу, тыраж яе толькі дзве з паловай тысячы экзэмпляраў. Выдаўцы пралічвалі свае рызыкі – а раптам кніга не раскупіцца… Іх можна зразумець – інфармацыйную прастору ўсё больш захоплівае тэлебачанне і Інтэрнэт.
Вока ў гэтай адметнай кнізе прыцягвае публіцыстыка – артыкул “Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры”. Сто гадоў таму Янка Купала з кампаніяй “надумаліся паехаць у Фінляндыю, аб якой многа чуў, але не меў і дзесятай долі таго ваабражэння, якое, як пабываўшы, стуль вынес”.
Пападарожнічаем і паразважаем разам з ім і мы.
Ехалі беларусы туды чыгункай.
— Незавідная фінляндская прырода: як вокам кінуць – тарфяная балотная нізіна, паросшая мохам, асочнай травой ды прыземістымі карлюкаватымі сасонкамі і бярозкамі. Па гэтай нізіне дзе-нідзе ўбачыш каменны ўзгорак, а к яму ўнізе прыляпіўшыся пунька або хатка – невыдумна сяліба працавітага фіна.
Часта непадалёку ад палатна дарогі бачылі мы чысценька апранутых маленькіх дзетак, каторыя, стоячы ў асочнай траве, махалі нам удагонку белымі кветкамі і як бы гаварылі на сваёй непанятнай мове: “Як маецеся, пілігрымы з далёкага і невядомага нам краю?”
Сустракаюцца дзе-недзе і абсеяныя палі, але якія ж гэта палі?! Пажалься, Божа! Найболей робіцца так: пакапае дагадлівы фін торфу, намяшае з лісцямі і, нацягнуўшы на каменную пліту, сее там сваё дабрыцо.
А вось як Янка Купала расказвае пра фінскі горад:
— Драўляных домікаў, права, няма. Вуліцы выбрукаваны ўсе. Кругом чыста, парадак, спакой. Піўной, тракціра, жабрака і п’янага хулігана не знойдзеш; калі дзе ёсць які рэстаран, дык і той без гарэлкі. Затое мы часта спатыкалі над дзвярыма такія надпісы, як, напрыклад, школа, гімназія, рэальнае вучылішча, хаўрусная крама, хаўрусны банк. Зайшлі мы ў фінскі музей…
Добра і нядорага падарожнікі ў гэтай паўночнай краіне харчаваліся, а вакзальны буфет здзівіў іх тым, што зусім за невялікую цану можна было браць там на выбар “і рыбы, і мяса, і сыру, і масла, еш, колькі душа прымае”.
А вось нарэшце і вяртанне дамоў праз Пецярбург:
— Ідзём па вуліцы: над дзвярыма надпісы – тракцір, піўная, піўная, тракцір, казённая вінная лаўка… Абарваны басяк працягнуў да нас руку, а сам гарэлкай так і чуцён…
А зараз, пападарожнічаўшы разам з класікам, перанясёмся ў наш час. У мінулым годзе ў рэспубліцы была зацверджана Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджанні п’янства і алкагалізму, разлічаная на 4 гады. Аб’яўляюцца дні цвярозасці, праводзяцца акцыі. Школьнікаў у далейшым плануецца ананімна тэсціраваць на прадмет ужывання спіртных напіткаў і наркотыкаў. Аднак у магазінах алкаголь на бачных месцах. І па класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ён – вадкі наркотык. А сярод моладзі працягвае распаўсюджвацца піўны алкагалізм. Піва не менш шкоднае, чым гарэлка. Вучоныя сцвярджаюць, што яно выклікае такую ж залежнасць.
Аднойчы сама назірала ў магазіне жывапісную сцэну. Пасля працоўнага дня мужчына доўга лічыў свае дробныя грошы, каб хапіла на бутэльку гарэлкі. Хапіла. Ён з задавальненнем прыціснуў яе да грудзей і пайшоў. Адкрываючы дзверы, не ўтрымаў, бутэлька выслізнула на плітачную падлогу і з гукам разбілася. Небарака спачатку нават не мог паверыць такому нечаканаму жарту зменлівага лёсу, а потым ледзь не заплакаў…
А вось “сухія лічбы”. Сітуацыя ў іх бачная, як у люстэрку. Па словах выконваючай абавязкі начальніка планава-эканамічнага аддзела Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства Зоі Лапацік, за мінулы год праз рознічны гандаль філіяла ў нашым раёне было прададзена алкаголю на 9066 мільёнаў рублёў. Калі ўмоўна раздзяліць гэтую лічбу на душу насельніцтва, атрымліваецца прыкладна, што кожны жыхар, уключаючы грудных дзяцей, выпіў за год прыкладна 22 бутэлькі гарэлкі. І гэта без уліку спіртнога, якое прадаецца не ў розніцу, і ў індывідуальных прадпрымальнікаў.
Каб не спакушаць дзяцей і дарослых, некаторыя развітыя краіны пайшлі па такому шляху – алкаголь прадаецца там у спецыялізаваных магазінах, якія працуюць у вызначаны час і зачынены ў выхадныя. Давайце памарым: быццам, і ў нас так… На ўвесь райцэнтр адзін спецыялізаваны магазін “Віно. Гарэлка”. І калі там збярэцца чарга, прыстойны чалавек, магчыма, задумаецца, ці варта яму туды ісці купляць спіртное…
І калі так не будзе ніколі, дык гэта вельмі шкада. Таму што нацыі, якія дабіліся поспехаў у эканоміцы, трымалі гэтую сур’ёзную праблему пад кантролем.
Ніна НАДДЭ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *