Шчаслівая тая зямля, на якой нараджаюцца святары, прызваныя служыць Богу і людзям. Шчаслівы той народ, з якога выходзяць такія духоўныя асобы, бо яны на працягу ўсяго жыцця ахінаюць сваімі малітвамі землякоў.
Эйсмантаўская зямля ў гэтым плане вельмі багатая, на ёй нарадзіўся не адзін святар. І хоць сёння многія з іх жывуць далёка ад родных мясцін, але яны пастаянна вяртаюцца сюды ў сваіх думках і сэрцах.
Айцу Анджэю Іадкоўскаму ў гэтым плане пашанцавала, таму што яму ад Вялікай Бераставіцы, дзе ён служыць місіянерам у касцёле Перамянення Пана, да родных Станявіч, у якіх ён нарадзіўся і вырас, недалёка. І ён з радасцю і настальгіяй пры кожнай магчымасці наведвае родную ваколіцу і ўжо асірацелую бацькоўскую хату.
Сям’я, у якой нарадзіўся будучы святар, была каталіцкай, з моцнымі традыцыямі, з яе ён вынес самыя важныя жыццёвыя каштоўнасці. Бацькі, Мечыслаў і Часлава Іадкоўскія, паходзілі са шляхты, бацька працаваў шафёрам у калгасе, а маці больш за 40 гадоў была дырэктарам сельскага клуба ў Мацеевічах. У сям’і расло трое дзяцей, і рэлігійнае выхаванне было прывіта ім з дзяцінства.
Парафія ў Вялікіх Эйсмантах заўсёды адрознівалася традыцыйнай польскасцю і вельмі моцнымі каранямі, касцёл тут не быў зачынены нават у часы найбольшых ганенняў на веру.
З 10 гадоў Анджэй быў міністрантам у касцёле не толькі ў Вялікіх Эйсмантах, але і ў Індуры, Заневічах. І паступова ў ім нараджалася жаданне выбраць святарскую дарогу. З асаблівым хваляваннем ён заўсёды перажываў момант, калі на Святой Імшы ксёндз падымаў Эўхарыстычны келіх і адбываўся цуд ператварэння хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Яму вельмі хацелася асабіста прычыніцца да гэтага.
Пасля заканчэння Ёдкаўскай базавай школы Анджэй два гады вучыўся ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе і ўжо свядома жадаў стаць святаром. Бацькі ўзрадаваліся яго выбару, падтрымлівалі і словамі, і малітвай, тым больш, што ў сям’і ўжо былі духоўныя асобы: дзве бацькавыя сястры сталі манахінямі-назарытанкамі.
Але шлях у святарства ў айца Анджэя быў няпростым.
Пасля заканчэння школы ў 1996 годзе ён паступіў у польскую семінарыю рэдэмптарыстаў, вучыўся ў Кракаве і Тухаве. Але пасля шасці гадоў навучання пакінуў семінарыю, бо вырашыў, што гэты шлях не яго.
— Бог дазволіў мне паспрабаваць пайсці іншай дарогай, — кажа айцец Анджэй, — але ўвесь час я адчуваў, што Ён дапамагае мне і кліча мяне за сабою.
Праз тры гады Анджэй Іадкоўскі вярнуўся ў семінарыю і ў 2007 годзе ў Тухаве быў пасвечаны на святара. Святарскую працу распачаў на Дзевятоўцы ў Гродне, затым закончыў яшчэ місійную школу ў Кракаве, каб праз місіянерскае служэнне абвяшчаць Бога і Яго любоў усім людзям у розных канцах свету.
З 2011 года айцец Анджэй служыць у Вялікай Бераставіцы, але большасць часу праводзіць на місіях, яго ведаюць у многіх парафіях не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, нават у далёкай Сібіры ён дапамагаў людзям пазнаваць Бога.
Але дзе б ён не быў, сэрца яго назаўсёды належыць родным Станявічам і тым людзям, якія дапамаглі стаць тым, хто ён ёсць сёння.
— Я вельмі ўдзячны сваім бацькам, бабулі, якая заўсёды малілася за мяне і вучыла не змарнаваць свайго жыцця, памятаю ўсіх сваіх аднавяскоўцаў, аднакласнікаў, вельмі ўдзячны ксяндзу Люцыяну Радомскаму і айцу Каралю Барнасю, якія працавалі ў Вялікіх Эйсмантах і дапамаглі мне ў маім духоўным станаўленні. У нашых Станявічах мы разам перажывалі і розныя ўрачыстасці, і цяжкія моманты жыцця, збіраліся разам, спявалі, маліліся, дапамагалі адзін другому і аддавалі пашану Богу. Я заўсёды памятаю, адкуль выйшаў родам, родная зямля і яе людзі далі мне моцны духоўны стрыжань, які ўжо не зламаць ніякім жыццёвым нягодам.
Ірына Міклаш,
фота аўтара