Азімыя на Бераставіччыне пасеялі ў аптымальны тэрмін

Лента новостей

IMG_4330Сяўба азімых збожжавых кожны год – важная складаючая ўраджаю наступнага года. Гэта чарговы экзамен на вытрымку і адказнасць у нашых аграрыяў. І на гэты раз яны вытрымалі яго з гонарам. На Бераставіччыне сяўба азімых збожжавых прайшла ў аптымальны тэрмін з захаваннем належных агратэхнічных прыёмаў. У гаспадарках раёна своечасова правялі перадпасяўную апрацоўку глебы, унеслі мінеральныя ўгнаенні, насенне было пратручанае, каб папярэдзіць непажаданыя праблемы. Традыцыйна ў нас надаецца таксама вялікая ўвага насеннаму матэрыялу. Гатункі збожжавых перспектыўныя, з багатым патэнцыялам. Яны адаптаваны да мясцовых умоў, устойлівыя да палягання, даюць добрую аддачу.
На зерне ў сельгаскааператывах пасеялі 9621 гектар збожжавых, з іх 4512 гектараў заняла пшаніца, 4949 – трыцікале, 150 – ячмень і 10 – жыта. Азімы рапс заняў 2205 гектараў.
У РУСП “Масаляны”, напрыклад, пад азімыя адвялі 627 гектараў. Пшаніца заняла 440 гектараў, трыцікале – 187.
Механізатар Дзмітрый Данільчык родам з Алекшыц, закончыў Бераставіц­кае прафтэхвучылішча, праз некаторы час стаў працаваць у РУСП “Масаляны”. Сям’ю забяспечылі добраўпарадкаваным жыллём. Калі за штурвалам трактара Дзмітрый, полем можна залюбавацца. Работа яго бездакорная. Азімыя сеяў ён трактарам “Беларусь-3022” з айчыннай сеялкай. “Жалезным канём” сваім трактарыст задаволены, тэхніка такой удасканаленай мадэлі камфортная. Нават знешне трактар вельмі адрозніваецца ад ранейшых. Выконвае сваю няпростую работу Дзмітрый з душой. Спецыялісты гаспадаркі гавораць, што правяраць якасць сяўбы ў гэтага адказнага чалавека не трэба, на яго можна спадзявацца, ён не падвядзе. Дзмітрый – добры сем’янін і бацька, яго паважаюць у калектыве. У кожным сельгаскааператыве Бераставіччыны механізатары – традыцыйнае “моцнае звяно”. Ім па плячу важныя задачы. Дзякуючы такім працавітым людзям у нас ёсць духмяны хлеб і “да хлеба” на стале, таму што і жывёлагадоўля ў многім залежыць ад працы земляробаў. Няхай і будучы год апраўдае чаканні нашых аграрыяў, дадасць новых здабыткаў у скарбонку Бераставіччыны!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *