9-дзённы ваенна-патрыятычны лагер “Юны пагранічнік” дзейнічаў на базе пагранічнай заставы “Пагранічны” з 4 па 12 ліпеня.
На заставе гэта была ўжо трэцяя змена юных пагранічнікаў: напярэдадні тут адпачывалі і набіраліся навыкаў ваеннай службы будучыя салдаты са Скідаля і гімназіі аг.Пагранічны. А вось для 13 хлопчыкаў 5 – 8 класаў з Пархімаўскай базавай школы, Паплаўскага і Старадварэцкага ясляў-садоў-БШ такая форма летняга адпачынку надарылася ўпершыню. Разам з начальнікам лагера Я.В.Бойскім і выхавацелем П.П.Дзярнейкам яны на гэтыя дзевяць дзён акунуліся ў атмасферу сапраўднай пагранічнай службы. Пражывалі хлопчыкі ў спецыяльна абсталяванай пад салдацкую казарму спартыўнай зале, праўда, харчаваліся на базе Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аг.Пагранічны. Повар гэтай дашкольнай установы А.В.Грыгалец пастаралася, каб у будучых салдат былі сілы ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія чакалі іх на заставе. Дарэчы, харчаванне для іх было арганізавана пяціразовае, і ўсе ўдзельнікі змены выказваліся, што карміла іх Алена Васільеўна вельмі смачна.
І хоць змена праходзіла на заставе ў вельмі напружаны час, і кіраўніцтва заставы прызналася, што пагранічнікі не змаглі шмат часу ўдзяляць сваім гасцям, тым не менш, яны пастараліся паказаць хлопчыкам усю спецыфіку сваёй службы.
Удзельнікі лагера прысутнічалі на баявым разліку і фізпадрыхтоўцы салдат, пазнаёміліся з тым, як працуе кіналагічная служба, пабачылі агульны курс дрэсіроўкі службовых сабак, навучыліся распазнаваць сляды на кантрольна-следавой паласе. З асаблівым захапленнем хлопчыкі расказвалі аб тым, што яны самі ўжо цяпер могуць разабраць і сабраць сапраўдны аўтамат, як гэта рабіць ім паказалі ваеннаслужачыя заставы (на здымку).
У час лагернай змены юныя пагранічнікі схадзілі таксама на экскурсію на міжнародны пункт пропуску “Бераставіца”, азнаёміліся з тым, як адбываецца перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, было праведзена шмат спартыўных спаборніцтваў: па футболе, валейболе, шашках, юныя пагранічнікі адпачывалі і на возеры, і ў лесе ля вогнішча.
Шмат уражанняў пакінула і наведванне салдацкай лазні з парылкай і басейнам.
У апошні дзень лагернай змены практычна ўсе сказалі, што хацелі б прыехаць у такі лагер і ў наступным годзе. Хлопчыкі прызналіся, што не думалі, што служба пагранічнікаў такая складаная, але цяпер яны на ўласным вопыце пераканаліся, што дзяржаўная граніца надзейна ахоўваецца і ганарацца, што змаглі пазнаёміцца з тымі, хто займаецца гэтым штодзённа.
Ірына Міклаш, фота аўтара