26 лістапада ў парафіяльную святыню Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы вярнуўся адноўлены крыж. Ён з’яўляецца каштоўнай рэліквіяй для мясцовых парафіян і каштоўнасцю, якая, па словах экспертаў, налічвае некалькі стагоддзяў.
Гэты крыж – адзіная памяць, якая засталася ад спаленай святыні, прысвечанай Найсвяцейшай Панне Марыі, руіны якой стаяць да сённяшняга дня ў цэнтры мястэчка. Працы па аднаўленні крыжа выканаў у Гродне вядомы рэстаўратар Уладзімір Кіслы.
Урачыстасць унясення адноўленага крыжа ў святыню пачалася ў гадзіну Божай Міласэрнасці малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці. Затым біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне крыжа, і пачалася Імша, якую ўзначаліў іерарх. У ёй прынялі ўдзел шматлікія парафіяне, госці і святары з дэканата і ваколіц.
Пасля Імшы адбылася адарацыя крыжа, падчас якой усе ўдзельнікі літургіі маглі ў цішыні сваіх сэрцаў выказаць удзячнасць Богу, які праз смерць свайго Сына вырашыў адкупіць свет.
Да гэтай урачыстай падзеі парафія рыхтавалася праз удзел шматлікіх вернікаў у парафіяльных рэкалекцыях, якія правёў кс. Алег Пятрашка, пробашч парафіі ў Ляцку.
Крыж, які пасля рэстаўрацыі атрымаў новае жыццё і свой першасны стан, быў змешчаны перад галоўным алтаром і будзе нагадваць усім уваходячым у святыню, што Эўхарыстыя – гэта Ахвяра Хрыста на крыжы.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці падзякаваў мясцоваму пробашчу а. Вальдэмару Слоту CSsR за вялікі клопат як аб матэрыяльным касцёле, так і аб духоўным, які складаецца з людзей. Парафіянам іерарх падзякаваў за вернае трыванне пры крыжы Хрыста.
Кс. Юрый Марціновіч
http://grodnensis.by/116-category-nawiny/5657-adno-leny-kryzh-vyarnu-sya-parafiyu-vyalikaj-berastavitsy.html