Лета – пара не толькі адпачынку, але і новых адкрыццяў, уражанняў, зносін. Год малой радзімы – гэта час пазнаць бліжэй свой родны край. Адзін з дзён у нашым аздараўленчым лагеры “Art РАДУГА” быў прысвечаны роднай зямлі і прайшоў пад назвай “Пад белымі крыламі”. Шмат адкрыццяў давялося зрабіць дзецям у гэты дзень. Уразіла іх сустрэча з Валянцінай Канстанцінаўнай Міхальскай , старажылам нашага аграгарадка. Яна паведаміла вучням пра сваё дзяцінства, паказала вышытыя ёю дываны і ручнікі, расказала пра рэчы, якімі карысталіся раней.
З вуснаў Валянціны Канстанцінаўны дзеці даведаліся, што такое куфар, покуць, чапяла, сенцы, кросны, агладкі. Прымяралі і шкарпэткі, і валёнкі, і кажух, які, дарэчы, шыла калісьці сама гаспадыня. Разам з атрадам валанцёраў дзеці дапамаглі жанчыне з хатнімі справамі, прынеслі вады, прыбралі падворак. Валянціна Канстанцінаўна была вельмі задаволена сустрэчай са школьнікамі. Таксама дзеці пабывалі ў школьным музеі, дзе пабачылі рэчы хатняга ўжытку ранейшых часоў, якія цяпер можна сустрэць хіба толькі ў такіх вось старажылаў.
Марына Прыленская, дырэктар летняга аздараўленчага лагера “Art РАДУГА” Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы