Аддзячвае зямля людзям за клопат

Лента новостей

IMG_3621Аграрыі Бераставіччыны прыкладваюць усе намаганні, каб убраць ураджай у сціслы тэрмін і без страт. Ва ўсіх гаспадарках аптымальна выкарыстоўваюць сонечнае прыдатнае надвор’е, якое нарэшце ўсталявалася, і імкнуцца папоўніць багатую жніўную скарбонку.
У СВК “Макараўцы” рапс убралі на 280 гектарах, ураджайнасць склала 28 цэнтнераў з гектара. Зараз на патоку збожжавыя. Калоссе спелае, буйнае, нягледзячы на працяглую спёку. Калі надвор’е паспрыяе людзям, шмат часу ўборка не зойме, бо работа ў полі кіпіць.
Традыцыйна галоўнае багацце на ўборцы ўраджаю – людзі. Менавіта ад іх прафесіяналізму і старання залежыць аптымальны вынік. Ніякія тэхналогіі не ўвасабляюцца ў жыццё без “чалавечага фактару”.
Галоўны аграном СВК “Макараўцы” Павел Сідаровіч – гараджанін, але справай свайго жыцця зрабіў менавіта сельскую гаспадарку. У горадзе Ліда закончыў сярэднюю школу, паступіў у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Акрамя гэтага, павысіў свой узровень у вышэйшай школе кіравання. Ён любіць прыроду, імкнецца, каб прыгожыя дагле­джаныя палі і шчодрая хлебная ніва радавалі і вяскоўцаў, і гара­джан, бо хлеб спрадвеку – усяму галава, у ім моц дзяржавы і залог дабрабыту людзей. Павышэнне культуры земляробства, строгае захаванне тэхналогій з’яўляецца неад’емнай умовай добрай аддачы ад намаганняў аграрыяў. А камбайнеры ў СВК “Макараўцы” вопытныя, адказныя, сапраўдныя майстры сваёй справы. Іван Носка, Яўген Мароз, Станіслаў Вярышка, Антон Дабрэнка ствараюць моцную каманду, пастараліся на ўборцы рапсу, зараз убіраюць збожжавыя. Люба глянуць на іх работу. Камбайны плывуць па полі, як караблі, а машыны ўвішна адвозяць зерне на сушыльныя комплексы.
Трыцікале дае тут 65 цэнтнераў з гектара, пшаніца – 68. Гэта значна больш, чым у іншых гаспадарках рэспублікі. Няхай і далей плённа аддзячвае зямля вам за клопат, шаноўныя землякі!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *