“Аддаў сэрца сельскай гаспадарцы…”

Лента новостей

32Так гавораць калегі пра вопытнага ветурача– тэрапеўта Бераставіцкай райветстанцыі з вялікім стажам Генадзя Рукшу. І нездарма, бо ў маладосці ён спачатку выбраў зусім іншую прафесію, але па добрым прыкладзе бацькоў-аграрыяў і па шчырым “закліку сэрца” затым усё ж вырашыў звязаць лёс з сельскай гаспадаркай.
Пасля заканчэння Вяліка­бераставіцкай сярэдняй школы юнак спачатку паступіў у прафтэхвучылішча ў Гродне, стаў аператарам пульта дыстанцыйнага кіравання на прадпрыемстве. Хімічная вытворчасць у той час у Савецкім Саюзе эфектыўна развівалася, і для праходжання практыкі юнаку прыйшлося ехаць пад стук колаў аж у далёкі Саратаў, бо кадры ў вучылішчы рыхтаваліся для многіх хімічных прадпрыемстваў краіны. Зараз, праз гады, успамінаючы сваю імклівую маладосць, Генадзь гаворыць, што на тым прадпрыемстве праяўлялі вялікі клопат пра маладзенькіх і нявопытных практыкантаў, стараліся іх заахвоціць застацца працаваць. А хімічнае валакно адтуль пастаўлялася ў самыя розныя куткі нашай вялікай Радзімы. Нават па самім стане прадпрыемства, выдатнай сталовай можна было меркаваць, што справы там ідуць добра.
І, магчыма, застаўся б наш зямляк у Расіі, як і многія іншыя. Дзе іх толькі няма, нават на Далёкім Усходзе! Аднак пасля арміі Генадзь зрабіў іншы выбар. Пасталеўшы, ён захацеў вучыцца далей, атрымаць вышэйшую адукацыю. Вялікую схільнасць ён адчуў да лячэння жывёлы, таму паступіў у Акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску.
Новы цудоўны свет адкрыўся сціпламу і нясмеламу студэнту. Акрамя тэорыі, дзе цаглінка за цаглінкай грунтоўныя веды будавалі сваю стройную сістэму, зачароўвала хлопца практыка. Можна было прысутнічаць на аперацыях, бачыць, як упэўненыя і чулыя рукі ветэрынара–хірурга твораць сапраўдныя цуды. Выратаваць жывёле жыццё, пазбавіць ад пакут было высакароднай мэтай урача. Каровы, свінні, каты, сабакі часта хварэюць такімі ж хваробамі, як і людзі. Любое жыццё мае каштоўнасць, нездарма старэйшыя людзі пра жывёл кажуць: “І гэта Божае стварэнне”. Таму дапамагчы “братам нашым меншым” – справа не менш высакародная, чым дапамагчы чалавеку. А лячыць іх – справа нялёгкая, яны нават не могуць сказаць, што баліць, і часта толькі стогнуць.
Менавіта чулыя і спагадлівыя адносіны да ўсяго жывога сталі крэдам нядаўняга студэнта. А пачынаў ён свой працоўны шлях у 1992 го­дзе ў тагачасным калгасе “Чырвоны Кастрычнік” на Бераставіччыне, на малочнатаварнай ферме. Пасля таго нямала гадоў працуе ўжо ў райветстанцыі.
Галоўнай умовай добрага здароўя жывёлы гэты ветурач лічыць належнае ўтрыманне і кармленне. У нашым раёне жывёлагадоўлі надавалася і надаецца вялікая ўвага. Ва ўсіх гаспадарках клапоцяцца пра належныя ўмовы ўтрымання жывёлы. Зараз, калі ўжо выпаў першы снег, фермы ўсе ўцеплены. Многае робіцца для прафілактыкі мастытаў. А гэтае захворванне ў кароў выклікае неабавязкова інфекцыя, могуць быць разнастайныя іншыя прычыны. Нават удар можа паспрыяць востраму запаленню, і тады важна своечасовае выяўленне. А малако на выгляд часам і не пакажа, што небяспечны працэс пайшоў. Генадзь Вацлававіч расказаў, што сучасная “разумная” дыягностыка дазваляе праводзіць эфектыўныя наглядныя тэсты. Нават калі колер малака пры даенні белы, з дапамогай спецыяльнага рэчыва можна вызначыць, ці пачаўся схаваны мастыт. А хвароба гэтая каварная і вельмі непрыемная для кароўкі. Жывёла мучыцца, таму важна як мага хутчэй пачаць эфектыўнае лячэнне. І ўсё ж ветэрынарная служба з гэтай праблемай спраўляецца, аб чым сведчыць змяншэнне выпадкаў. Прафілактыка, дыягностыка і лячэнне дазваляюць трымаць сітуацыю пад кантролем.
Радуе ветэрынара, што ў гаспадарках адказна падыходзяць да ўмацавання здароўя жывёлы. Напрыклад, ужо амаль паўсюдна ўведзены мацыён кароў. Як і любой жывой істоце, ім трэба рухацца. Свежае паветра, актыўныя прагулкі вельмі станоўча ўплываюць на стан ног, стрававальнай і рэпрадуктыўнай сістэм, знімаюць стрэс. У жывёлы ж ён таксама ёсць. Пры стойлавым утрыманні кароў акцэнт робіцца на інтэнсіфікацыю вытворчасці, змяншэнне выдаткаў. Гэта сапраўды так, але жывёлу берагчы трэба, клапаціцца пра яе, каб у кароў было больш лактацый, а гэта вельмі важна.
Шмат праблем у полі зроку ветурача-тэрапеўта. Няпроста працаваць у аграрным сектары, у многім гэта “руцінная” работа. Магчыма, лёс прыватнага ветэрынара ў вялікім горадзе “больш удзячны” і цікавы. Але не страчвае свайго глыбокага сэнсу трапная прымаўка: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца”. Датычыцца гэта і Гена­дзя Вацлававіча. Былі ў яго, як і ва ўсіх, свае цяжкасці і няўдачы. Але чалавек не здрадзіў нялёгкай прафесіі, прысвяціў жыццё сельскай гаспадарцы. Многа ў яго клопатаў, мала вольнага часу. Але што ветэрынар любіць рабіць у вольны час? Адказ на такое пытанне парадаваў:
— Люблю чытаць.
З хатняй жывёлы ў чалавека зараз толькі курачкі каля ўтульнага дома. Няхай прыходзіць гаспадар пасля нялёгкіх будняў дадому кожны раз з добрым настроем – шчырым маральным задавальненнем ад добра выкананай работы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *