Адданы сын зямлі нашай — Мікалай Зданчук. Штрыхі да партрэта

Лента новостей

Калі ёсць рай на зямлі, дык ён тут, на ўласным яе кавалку, любоўна выпеставаным сваімі рукамі… Мы сядзім з Мікалаем Рыгоравічам Зданчуком у двары яго дома, а ласкавы ветрык, ужо па-асенняму прахалодны, свавольнічае побач. Ён то сціхае на хвіліну, быццам прыглядаецца да чагосьці, то гарэзліва падкідае ўверх пажаўцелы ліст і спяшаецца ў далейшае нястомнае падарожжа. Спякоты ўжо няма – пачаўся прыемны бархатны сезон, а гэта, як сказаў Ірвін Шоу, сапраўднае “надвор’е для багатых”…

Я маю гонар гутарыць з Мікалаем Рыгоравічам, і гэта менавіта так. Таму што занятак, якому ён прысвяціў жыццё, нашмат цяжэйшы, чым мой. І мне цікава размаўляць з ім, вельмі цікава, таму што перада мной не проста былы нязменны кіраўнік адной з лепшых гаспадарак раёна, слава аб якой “грымела” на ўсю рэспубліку і нават Саюз, а найперш асоба, чалавек неардынарны. Як яму ўдавалася ўвасабляць у рэальнасць свае, гаворачы сучасным тэрмінам, праекты, як ён пераадольваў цяжкасці, і ўвогуле: які ён, мой субяседнік? Я ведаю, што ён — кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрыч-ніцкай Рэвалюцыі, былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і нават сааўтар кнігі “Сяло роднае” аб калгасе імя Варанецкага. Ён, безумоўна, заслужыў высокія і пачэсныя рэгаліі. Але што гэта за чалавек?
Аказваецца, мы з ім амаль землякі, а ў дадатак яшчэ і … амаль сваякі, “дзясятая вада на кісялі”, калі не далей. Яго бацькі жылі ў вёсцы Шаляпкі, а мае бабуля з дзедам у вёсцы Рудаўляны, і нейкае далёкае сваяцтва паміж імі было. Мне прыемна пра гэта чуць ад яго, таму што і тыя, і другія “родам” ад самай маці — зямлі, і хлеб свой надзённы здабывалі цяжкай, да сёмага поту, працай. Яны і цану яму сапраўдную ведалі і па-сялянску разважліва і непрыкметна здолелі дапамагчы вызначыць прыярытэты ў жыцці і сваім дзецям. Мікалай быў адзін сын у сям’і, і бацькі на яго “надыхацца” не маглі, а ён змалку вучыўся на іх вартым увагі прыкладзе, і дзіцячая гульня незаўважна пераходзіла спачатку ў маленькую, а потым ва ўсё большую хлапечую дапамогу. А даглядаць было каго – карову, свіней, авечак, пчол. Потым сям’я пабудавала ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца дом, і амаль усё там і на прысядзібным ўчастку добраўпарадкавалі сваімі рукамі, хаця ў бацькі адной рукі якраз і не было, ён інвалідам вярнуўся з вайны, таму падлетак стараўся за дваіх. Мікалай Рыгоравіч гаворыць:
— Я гараджанам не зайздрошчу. У сваіх “каменных джунглях” яны шмат страцілі, не маючы раскошы дакранацца да жывой прыроды. А ў мяне гэта змалку, заўсёды было. Памятаеце пра Антэя, які аднаўляў сілы, прыпадаючы да зямлі? Я яго разумею. За 35 гадоў працы ў гаспадарцы ў самыя цяжкія хвіліны я стараўся выйсці ў поле, прайсціся, зняць напружанне, адчуць сувязь з зямлёй. Мне гэта прыдавала сіл.
— Але ў гады Вашай маладосці, — пярэчу я, — хлопцы асабліва не імкнуліся ў сельскагаспадарчыя ВНУ. Вабіў горад, “гераічныя” і найбольш ваенныя прафесіі. А вы абралі спецыяльнасць агранома, а значыць, самую “мірную” прафесію, якая дае людзям неабходнае, без чаго нельга жыць – хлеб. І Вы столькі год ёй аддалі, спачатку аграномам, кіраўніком малой гаспадаркі, а затым самай вялікай і лепшай у раёне – маяком, калгасам імя Варанецкага. Як ацэньваеце свой выбар сёння, з вышыні вопыту?
— Мне пашанцавала. У мяне былі малаграматныя, але мудрыя бацькі. Дзядзя мой быў на флоце, і сябар у гандлёвым флоце – далёкі сваяк. Той дружбак і мяне падгаварыў. Але бацькі “зблыталі ўсе карты”. Яны папросту схавалі мае дакументы. І я ім за гэта ўдзячны. А каб Вы ведалі, якія ў мяне тады былі комплексы! Але бацькі клапаціліся пра маё развіццё. У малодшых класах заахвоцілі мяне вучыцца іграць на скрыпцы, на балалайцы, а ў восьмым класе я ведаў нотную грамату, іграў на альце ў духавым аркестры ў РДК. Бацька нічога не гаварыў мне пра выбар прафесіі, але кожны год браў за руку і прыводзіў на сходы ў калгас “Чырвоны кастрычнік”, калі там дзялілі працадні. Часамі там бывалі цікавыя моманты. Я працаваў у гэтым калгасе ў час канікул. Тады і зразумеў, што сельская гаспадарка – важная галіна, перад якой мара аб моры адышла сама сабой. Бацька марыў, каб сын стаў старшынёй калгаса. Ён памёр у 52 гады, але паспеў яшчэ даведацца, што я ім буду ў калгасе імя 17 верасня. Як ён радаваўся!
Вучыцца на агранома ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце Мікалаю спадабалася. Як і ў школе, навука давалася лёгка, а яшчэ быў і спорт, які фізічна загартаваў. Запомніўся шчаслівы дзень, калі ён атрымаў дыплом.
— Мне шанцавала і на кіраўнікоў, — расказвае далей пра сябе Мікалай Рыгоравіч. — Размеркавалі мяне ў калгас імя Леніна Свіслацкага раёна. Старшынёй быў Юльян Феліксавіч Кардаш – маленькі сухенькі дзядуля. Ён быў выдатны кіраўнік – не адбіў ахвоту працаваць, і я стараўся, нават людзі казалі: ён нам тут усіх коней “заездзіць”. У 1963-м годзе я ездзіў там спачатку на кані, потым купілі матацыкл. Адслужыў два гады ў арміі, узмужнеў. Затым працаваў галоўным аграномам у калгасе “Бальшавік” Свіслацкага тады раёна. І там кіраўнік быў добры – Аляксандр Сцяпанавіч Кіслейка. Мы з ім палепшылі паказчыкі – нават рэспубліканскія семінары тады ў раёне праводзілі. А пайшоў Сцяпанавіч у водпуск, людзі мяне нахвальвалі: “Вось гэта дык старшыня быў бы!” Угаворвалі мяне тады перайсці ў камсамольскія работнікі – не паддаўся.
Пасля было 3 гады работы ў Бераставіцкім райсельгасхарчы, начальнікам якога тады быў Аляксандр Дубко. Ён шмат зрабіў для развіцця сельскай гаспадаркі Бераставіччыны. А супрацоўніцтва паміж ім і Мікалаем Зданчуком засталося на ўсё жыццё. Будучы старшынёй аблвыканкама, Дубко шмат дапамагаў раёну.
Затым Мікалая Зданчука выбралі старшынёй калгаса імя 17 верасня. Галоўным аграномам ён узяў Івана Захарчука. Той нават спачатку хваляваўся: “А ці прыглянуся я яму?” Аказалася, што не толькі “прыглянуўся”, але затым і на працягу многіх гадоў яны сябравалі і падтрымлівалі адзін аднаго. А ў 1972 годзе Мікалай Зданчук быў на курсах павышэння кваліфікацыі ў Гродне, і яму прапанавалі пайсці на месца Варанецкага. Ён рашыўся. Людзі яго выбралі – паверылі і падтрымалі.
— У мяне тады ўжо была сям’я, два сыны, — расказвае Мікалай Рыгоравіч.
— Пачакайце, — кажу я. – Мяне, як жанчыну, цікавяць гісторыі кахання. Раскажыце пра сваю жонку!
— Яна педагог па музыцы. У мяне і ўнучкі іграюць на скрыпцы. Яна вучылася ў вучылішчы, калі я быў студэнтам, і нашы інтэрнаты “глядзелі” акно ў акно. Мы такія былі жаніхі! Я пазбавіўся тады ўжо ад комплексаў, іграў у духавым аркестры. І здарылася так, што пазнаёміліся мы з Тамарай на Новы год. На свята прыйшоў з адной дзяўчынай, а пайшоў з другой — назаўсёды. Высокая, прыгожая, статная, заўзятая, разумніца… Я ў ёй не памыліўся.
— І што, адчувалі тады, што “цэлы свет без яе не патрэбны”?
— Адчуваў!
— А што цэлае жыццё Вы былі такі заняты, не мелі шмат часу, каб аддаваць сябе сям’і, не выказвала жонка прэтэнзій, падтрымлівала? – цікаўлюся я.
— Не, не выказвала. Падтрымлівала.
Вось яно, чалавечае шчасце. Яно і зараз адчуваецца ва ўсмешках гэтай немаладой ужо пары, у іх шчырым клопаце адзін пра аднаго.
Але не быў бы Мікалай Рыгоравіч тым Зданчуком, якім яго ведаюць і паважаюць людзі, што выпала ўдача працаваць разам, калі б не стараўся кіраваць па-свойму і, варта адзначыць, з рэдкай настойлівасцю даводзіць задуманае да чаканага выніку.
— У 1953 годзе ў калгасе “Гвардыя” збіралі па 17 цэнтнераў збожжавых з гектара, што на той час было добра. Атрымлівалі на 100 гектараў сельгасугоддзяў па 180 цэнтнераў малака і па 80 мяса, такі паказчык тады быў галоўны, — гаворыць Мікалай Рыгоравіч. — А 35 гадоў таму ўраджайнасць узрасла да 30-40 цэнтнераў. Затым мы яе паднялі яшчэ ўдвая. Гэтаму дапамаглі прафесійныя веды, абгрунтаваная сістэма вядзення земляробства, якая паляпшала ўрадлівасць глебы, “чуццё”, “нюх” на ўсё новае, тэхнічны прагрэс. З людзьмі я заўсёды стараўся быць камунікабельным, выслухваў іх меркаванні – “адна галава добра, а сем лепш”. Імкнуўся развіваць у іх пачуццё ініцыятывы.
А яшчэ давялося “лёгкаму на пад’ём” старшыні шмат паездзіць па Саюзе. Ні ў каго не было такога набору тэхнікі для “Кіраўца”, супрацьударных прыстасаванняў да плугоў, ён прывёз таксама прыстаўку для самазвала, купіў ПІМы для сянажнай масы, і яшчэ шмат чаго іншага.
— Бывала няпроста?
— Яшчэ як! Для такіх моцных гаспадарак праблема была не ў грашах, а ў лімітах на ўсё і ў абмежаваннях на зарплату. Мы адны з першых укаранілі гаспадарчы разлік, брыгадны і сямейны падрады, новыя формы аплаты працы для таго, каб маючы добры прыбытак, адпаведна павялічваць заробкі. У Беларусі тады не было ўласных мінеральных угнаенняў, акрамя калійных, прыходзілася іх шукаць, дзе набыць, самім. Падобныя праблемы былі і з будаўніцтвам. А аднойчы камбайны прыйшлі, тры тыдні да ўборкі засталося, а за жняяркамі давялося ехаць у Тулу. Там мне адмовілі – на поўдні ўжо ішла ўборка. Але я беларус! Сказаў: “Мне таксама вельмі патрэбныя гэтыя жняяркі. Я без іх дамоў не паеду, не выйду з кабінета. На калені стану і буду стаяць. Не для сябе ж – для людзей”. Дапамаглі. І ў той сезон за змену камбайнер Уладзімір Саўко намалаціў 86 тон – гэта быў рэкорд, і нават для цяперашняга часу нядрэнная лічба. Мы заключылі дагавор з польскім кааператывам, у нас першых з’явілася трыцікале, ад нас яго перанялі другія. Першы імпартны камбайн “Джон Дзір” у раёне таксама з’явіў-ся ў нас.
— Паспрабавалі праехаць?
— Вядома! Магутны, камфортны камбайн вельмі ўсім спадабаўся.
Мікалай Рыгоравіч разам са сваёй камандай аднадумцаў адначасова з развіццём раслінаводства пачаў і тэхнічнае пераўзбраенне жывёлагадоўлі. Крок за крокам тут таксама ўкаранялі перадавое, часам займаліся ўдасканаленнем і на месцы. Кармы нарыхтоўвалі па прагрэсіўнай тэхналогіі. У іх першых у раёне з’явілася даільная зала і беспрывязнае ўтрыманне жывёлы. У адзіным калгасе ў рэспубліцы тады бычкі былі на свабодна-выгульным утрыманні. Разам з тагачасным першым намеснікам старшыні аблвыканкама Дзмітрыем Арцыменем, які быў “эканаміст па прыродзе і не развітваўся з калькулятарам”, а таксама добра разбіраўся ў свінагадоўлі, задумалі зрабіць стаўку і на гэта. За ўзор прынялі еўрапейскія тэхналогіі. Гаспадарчым спосабам была пабудавана цяпліца. Будавалася жыллё, багацелі людзі.
— Да вас ездзілі пераймаць перадавы вопыт. Сапраўды, удалося зрабіць вельмі шмат. А чаго хацелася “для душы”? – працягваю гутарку я.
— У нашым тагачасным калгасе, як і ўсюды, трэба было выконваць заданні партыі і ўраду. Панаваў валявы стыль. Магчыма, гэта і трэба, але кіраўнік гаспадаркі — прадстаўнік вясковай інтэлігенцыі і ён павінен несці культуру на сяло. А ў нас два гады быў “закансерваваны” будынак клуба. Пішу ў абкам партыі заявы, што звольнюся, калі не дапамогуць. Тады не ў грашах была справа, а ў дэфіцыце – нават фарба прадавалася прымітыўная. І вось хочам, каб у нас былі вітражы не горшыя, як у царкве, а яшчэ габелены, чаканка, разьба па дрэву. Міністэрства культуры БССР, дзе разглядаліся ўсе праекты, дапамагло знайсці спецыялістаў, якія маглі рэалізаваць нашы задумкі. Нават партрэт Андрэя Варанецкага заказалі вядомаму беларускаму мастаку Міхаілу Савіцкаму. Мне кажуць: навошта табе гэта трэба, там жа калгаснікі? Але я вытрымаў, давёў справу да канца. І колькі ў нас пабывала артыстаў! Фізкультурна-аздараўленчы комплекс убачыў па тэлевізару, захацеў такі ж. За праектам ездзіў у Маскву. Не толькі хацеў, каб былі высокія ўраджаі і надоі, але каб расла культура, ствараліся ўмовы для развіцця людзей і моладзь заставалася ў вёсцы! Гаспадарчым спосабам пабудавалі басейн. Аказалася, што вадаправодная вада не дадае яму прыгажосці. Падлічылі выдаткі і перайшлі на воду з рэчкі Верацейкі з выкарыстаннем сістэмы ачысткі. І яна ў басейне стала блакітная, як на моры! У нашай спартыўнай зале пабываў нават трохкратны алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь. Спартыўны дыван італьянскі прывезлі, каб стымул прыдаць займацца, абласны турнір правялі памяці Варанецкага. У канцы 90-х гадоў на радасць дзецям адкрылі конна-спартыўную секцыю.
Для аздараўлення калгаснікаў і іх дзяцей была дасягнута дамова з Зеленаградскім дзіцячым домам. Дзеці адтуль прыязджаюць на лета ў Вялікія Эйсманты, яны рады папрацаваць, адпачыць, пабываць на экскурсіях па Беларусі. А ўзамен туды на Балтыйскае мора перад жнівом на аздараўленне вось ужо 25 гадоў ездзяць працаўнікі гаспадаркі і іх дзеці.
Жыццё насычанае, на роднай зямлі, багатае на працоўныя здабыткі і добрыя справы. Такім я ўбачыла Мікалая Рыгоравіча Зданчука – неардынарным чалавекам і таленавітым гаспадаром, які пакінуў аб сабе добры след. А што гавораць пра яго людзі, побач з якімі выстройваў ён сваю стратэгію, натхняў на новыя здзяйсненні? Я не пішу іх прозвішчы, але была рада пачуць у яго адрас такія словы:
— Кіраўнік кампетэнтны і справядлівы.
— Мог і памыліцца, як і ўсе мы, але паважаў думку людзей. Быў патрабавальным, але зла ні на каго не трымаў.
— Аб’ектыўны чалавек, а галоўнае, сумленны.
З юбілеем! Добрага здароўя Вам і Вашым блізкім, няхай яны любяць і шануюць Вас, шчасця, доўгіх гадоў жыцця, паважаны Мікалай Рыгоравіч!
Ніна НАДДЭ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *