З кожным годам становіцца ўсё больш відавочным разуменне таго, што прафілактыка і супрацьдзеянне распаўсюджванню эпідэміі ВІЧ/СНІД немагчымыя без прыцягнення ў гэты складаны працэс устаноў культуры. Прафілактычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Дамах культуры і клубах, з’яўляюцца дзейсным інструментам уздзеяння на паводзіны дзяцей і моладзі, асабліва ў невялікіх населеных пунктах. Менавіта пра гэта вялася размова на раённым семінары культработнікаў, які адбыўся ў мінулы чацвер у рамках Сусветнай кампаніі барацьбы супраць СНІД.
Метадыст РМЦ НТ Яна Зорына пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з тымі мерапрыемствамі па прафілактыцы небяспечнай хваробы, якія ў розных формах праводзіліся ва ўстановах культуры раёна на працягу года. Гэта тэматычныя дыскатэкі і пазнавальна-гульнявыя праграмы, круглыя сталы, выставы малюнкаў і плакатаў, вечары і канцэрты, якія ператвараюць прафілактычную ініцыятыву ў цікавыя мерапрыемствы на “мове” моладзі.
Непадробны інтарэс выклікалі ва ўдзельнікаў семінара выступленні ўрача-эпідэміёлага райЦГЭ Святланы Белашовай і ўрача-інфекцыяніста ЦРБ Людмілы Дзешка, а таксама дэманстрацыя відэаматэрыялу “Разам супраць СНІД”, прадастаўленага Бераставіцкім раённым Домам кіно. У якасці прыкладу выкарыстання дзейсных форм культурна-асветніцкай работы з падлеткамі прысутным было прапанавана паглядзець на практыцы прымяненне такой формы сучаснай інтэрактыўнай тэхнікі групавой работы, як “форум-тэатр” з удзелам юных наведвальнікаў аматарскага аб’яднання “РЫТМ” Эйсмантаўскага ЦДК і гульнявую праграму РДК “Моладзь супраць СНІД” для сямікласнікаў Вялікабераставіцкай СШ і з іх удзелам.
Мовай музыкі і танца
Тэматычны канцэрт пад назвай “Творчая моладзь – супраць СНІД” адбыўся ў раённым Доме культуры ў пятніцу. Удзельніцы гуртка майстэрства вядучага Алена Філюшкіна і Вольга Плоцкая (кіраўнік Аляксандра Міцкевіч), танцавальнага калектыву «Energy Star» – Вольга Плоцкая і Паліна Захарчук (кіраўнік Алена Варонік), а таксама работнікі раённага Дома культуры Андрэй Аруткін, Сяргей Хілюта, Аляксандра Міцкевіч і Алена Варонік пастараліся мовай музыкі і танца данесці да падлеткаў, якія сабраліся ў гэты дзень у канцэртнай зале, думку аб вялікай каштоўнасці такіх простых і зразумелых на першы погляд паняццяў як Жыццё і Каханне.
Святлана Ганчарова, фота аўтара