У рамках III абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” з канца лютага па сярэдзіну красавіка на Бераставіччыне праходзіў раённы агляд-конкурс аўтэнтычнага фальклору “Народныя крыніцы”.
Нагадаем, што І абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” адбыўся ў 2007 годзе па выніках этнаграфічных даследаванняў і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёну (абрадаў, звычаяў, харэаграфічнага, музычнага, песеннага, інструментальнага мастацтваў, празаічных жанраў.) У гэтых даследаваннях прымалі ўдзел усе 17 раёнаў вобласці, у тым ліку і метадысты Бераставіцкага РМЦ НТ. За час, які доўжыўся фестываль, на Гродзеншчыне атрымалі другое нараджэнне ці былі адноўлены такія абрады, як “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Багач”,“Заручыны” і шэраг іншых, былі прадстаўлены народныя побытавыя танцы, загучалі імёны народных майстроў і адметных выканаўцаў фальклору з усіх куточкаў Гродзеншчыны. Ад Бераставіччыны, напрыклад, дыпломамі за паспяховы ўдзел у ІІ фестывалі былі адзначаны фальклорны гурт “Прамень” Пыхоўчыцкага Дома сацыяльна-культурных паслуг (мастацкі кіраўнік Р.І.Пальяноўская) і яго салістка Любоў Цярэшчанка, а таксама выканальніца фальклору з Пархімаўцаў Валянціна Бычкоўская.
– У праграмах выступленняў дзіцячых і дарослых аматарскіх фальклорных гуртоў, падрыхтаваных клубнымі ўстановамі на раённы агляд-конкурс аўтэнтычнага фальклору “Народныя крыніцы”, былі выкарыстаны разнастайныя віды народнай творчасці, – расказвае метадыст па фальклору і этнаграфіі РМЦ НТ Марыя Юшкевіч. – І ў песнях, і ў вершах, і ў прозе гучаў яскравы беларускі гумар. Быў прадэманстраваны шэраг тэатралізаваных абрадавых пастановак і выступленняў фальклорных гуртоў, якія дзейнічаюць пры Дамах культуры і клубах, наладжаны выставы народных майстроў. Малабераставіцкі цэнтральны Дом культуры, Пыхоўчыцкі Дом сацыяльна-культурных паслуг, Старадварэцкі Дом культуры і народнай творчасці і Бераставічанскі клуб-бібліятэка падрыхтавалі конкурсныя праграмы ў форме “вячорак”. Абрад “Гуканне вясны” паказалі Кватарскі сельскі Дом культуры і вольнага часу і Макараўскі Дом нацыянальных культур. Праграмы пад назвамі “Беларускі куфэрак” і “Бабулін куфэрак” прайшлі ў Пархімаўскім Доме культуры і вольнага часу і ў Масалянскім сельскім Доме культуры. Раённы Дом культуры прадэманстраваў журы абрад “Уваходзіны”, а Канюхоўскі сельскі Дом культуры – гульнёва-забаўляльную праграму “Запрашае на падворак Лявоніха і Сымоніха”.
Па выніках раённага агляду-конкурсу ў намінацыі “лепшы фальклорны гурт” журы адзначыла выступленні фальклорных калектываў “Вечарына” Старадварэцкага ДКіНТ з праграмай “Цёплыя вячоркі” (1-е месца) і “Вясёлка” Малабераставіцкага ЦДК з праграмай “Запрашаем на вячоркі” (2-е месца), а таксама РДК з абрадам “Уваходзіны” (3-е месца). У намінацыі “лепшы дзіцячы фальклорны гурт” прызавыя месцы прысуджаны гуртам “Мазурыкі” Макараўскага ДНК з абрадам “Гуканне вясны” (1-е месца) і “Рамонкі” Пархімаўскага ДКіВЧ з праграмай “Беларускі куфэрак”. У намінацыі “індывідуальныя выканаўцы” адзначаны выступленні Рэгіны Пальяноўскай з Пыхоўчыцкага ДСКП (1-е месца) і Таццяны Арцюхевіч з Пархімаўскага ДКіВЧ.
У намінацыі “народная проза” лепшай прызнана конкурснае выступленне загадчыцы Бераставічанскага клуба-бібліятэкі Веры Акуліч (1-е месца).
Работнікі вышэйназваных устаноў з адказнасцю і стараннем аднесліся да падрыхтоўкі сваіх праграм, іх сцэнарныя распрацоўкі адзначаліся цікавым зместам і добрым мастацкім вырашэннем.
Лепшыя фальклорныя гурты і асобныя выканаўцы будуць удзельнічаць у занальным этапе ІІІ абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, які адбудзецца ў РДК 30 мая. А заключны этап фестывалю пройдзе ў верасні ў Астраўцы.
Святлана Ганчарова