Пра этнавыхаванне рэчамі ішла размова ў чацвер, 26 студзеня, падчас правядзення выязнога семінара для загадчыкаў і мастацкіх кіраўнікоў клубных устаноў Бераставіцкага раёна. На сустрэчы была прааналізавана работа па стварэнні этнакуткоў у філіялах па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадкоў Бераставіччыны. У рабоце семінара прыняў удзел намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віталій Ляховіч.
Распачаўся семінар у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Адкрываючы сустрэчу, дырэктар цэнтра Алена Місюля падкрэсліла важнасць справы этнавыхавання ў сучасным грамадстве, звярнула ўвагу прысутных на тое, што збор і захаванне прадметаў і рэчаў мясцовай культурнай спадчыны з’яўляецца адным з галоўных кірункаў дзейнасці клубных устаноў, і выказала падзяку ўдзельнікам семінара за стварэнне этнакуткоў – сёння ў розных формах яны дзейнічаюць ужо ў кожнай клубнай установе.
Метадыст па фальклору і этнаграфіі Леанід Панасевіч, звяртаючыся да клубных работнікаў адзначыў, што сёння,у постіндустрыяльным, інфармацыйным грамадстве, у век глабалізацыі, усё вастрэй становіцца пытанне этнавыхавання. Захапляючыся замежным рэчавізмам, мы вольна ці мімаволі прымаем чужыя духоўныя каштоўнасці. Да прыкладу, святкуем заморскі Хэлоўін. З другога боку, назіраецца імкненне падкрэсліць асаблівасці свайго этнасу. Моладзь прагне не толькі паслухаць іншаземцаў, але і данесці да іх культурныя адметнасці свайго народа. Самы ж наглядны сродак распавесці чалавеку, хто ён такі ў шматэтнічным свеце – гэта зварот да побыту сваіх продкаў, іх традыцый і фальклору – да так званай матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Леанід Міхайлавіч падкрэсліў, што ў гэтай справе неацэнная роля якраз работнікаў культуры, якія добра ведаюць насельніцтва свайго мястэчка і могуць плённа супрацоўнічаць з вяскоўцамі ў зборы старадаўніх побытавых рэчаў для этнакуткоў, тым самым зберагаючы і развіваючы мясцовыя традыцыі і культуру.
У час семінара яго ўдзельнікам было прапанавана паглядзець, як на практыцы можна аформіць этнакуткі, на што зрабіць акцэнт, як выкарыстоўваць іх у рабоце клубнай ўстановы, у прыватнасці, пры планаванні мерапрыемстваў этнавыхаваўчага характару.
Работнікі культуры наведалі Дом рамёстваў, дзе загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян прадэманстравала ўнікальныя самабытныя тканыя дываны, ходнікі, абрусы, паясы, адзенне, у свой час перададзеныя народнымі майстрыхамі Мар’янай Кажанеўскай, Аленай Барцэвіч, Валянцінай Мікуцкай, Антанінай Руселік і Надзеяй Тоўкач. Гэтыя рамесныя вырабы пастаянна выкарыстоўваюцца пры афармленні выстаў продажу ў час шматлікіх кірмашоў. Тамара Мікалаеўна расказала і аб планах па аднаўленні рэгіянальнага народнага касцюма, распаўсюджанага ў нашай мясцовасці.
Далей адбылося знаёмства з этнакуткамі філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадкоў Кватары і Алекшыцы, дзе работа па збору і афармленню матэрыялаў рэгіянальнай народнай культуры праведзена найбольш поўна. У Кватарах удзельнікам семінара былі прапанаваны этнаэкскурсія і майстар-клас па кераміцы ад мясцовай майстрыхі Веры Карач ( на здымку).
У Алекшыцах увазе ўдзельнікаў семінара была прадстаўлена этнахатка. З яе інтэр’ерам і атрыбутамі тагачаснага сялянскага побыту гасцей пазнаёміла мастацкі кіраўнік філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці Валянціна Шыш (на здымку ўнізе).
Падвёў вынікі семінара намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віталій Ляховіч, які падкрэсліў важнасць распачатай клубнымі ўстановамі справы па захаванні аб’ектаў матэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёну. Наступным этапам у рабоце будзе збор і фіксацыя аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны – узораў вуснай народнай творчасці, абрадаў, танцаў, печыва і г.д. У якасці кіраўніцтва для дзейнасці па гэтым кірунку ўдзельнікам семінара былі раздадзены зборнікі метадычных рэкамендацый са спасылкамі на галоўныя аспекты Міжнароднай Канвенцыі аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай 17 кастрычніка 2003 года на 32-й сесіі ЮНЭСКА, якія ўвайшлі ў аснову заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара