Сёлета філіял РУП “Гроднаэнерга” аграфірма “Стары Дворац” зноў, ужо трэці год запар, заняў I-е месца ў рэспубліканскім конкурсе сельскагаспадарчых філіялаў Міністэрства энергетыкі Беларусі. “Шчыры дзякуй усім за працу”, — кажа дырэктар аграфірмы Віктар Аляксандравіч Байрак. Лідарства запяспечыла добрая ўраджайнасць: валавы збор збожжа (без кукурузы) склаў 6 141 тону (на 547 тон больш леташняга), кожны гектар даў па 57, 1 цэнтнера зерня (+ 6,3). Больш нарыхтавана кармоў, у тым ліку і травяных – 47,5 к.адз. на 1 умоўную галаву жывёлы. Рэнтабельнасць галіны – 28,7 %.
Сярод тых, каго ўшаноўвалі тут на дажынках, механізатары Валерый Савенка, Валянцін Бартош, камбайнеры Аляксандр Данільчык, Мікалай Лазарчык, Дзмітрый Кавальчук, Аляксандр Кунец, вадзіцель Ігар Лойка. На сушцы збожжа шчыравалі Сяргей Ліштван, Павел Мазан, Вячаслаў Гардзіеўскі, Яўген Савенка і інш.
У малочнай галіне стаўка зроблена на прадуктыўнасць статка і якасць прадукцыі. Рэнтабельнасць вытворчасці малака – 71,6%. Надой ад каровы ўзрос на 861 кг і склаў 6 694 кг. Дык вось, 93,9% усяго малака здадзена класам “экстра”, астатняе – вышэйшым гатункам.
Рэнтабельная і ялавічына – 65,2%. Жывёла на адкорме і маладняк на дарошчванні раслі яшчэ лепш, чым летась.
— У гэтым – старанне кожнага, — заўважае галоўны заатэхнік Ганна Анішчык. – У Людмілы Раздзялоўскай і Надзеі Саўчанкі нованароджаныя цяляткі прыбывалі амаль па кілаграму ў суткі, а затым у прафілакторыі ў Соф’і Міцкевіч, Ірыны Шулейка, іх падменнай Яўгеніі Бартош – больш як па кілаграму. Граматна, з поў-ным веданнем справы даглядаюцца цялушкі для ўзнаўлення дойнага статка
Алінай і Віктарам Кашлявік, Вячаславам Мелянцом і Вячаславам Бойка, гэтак жа ўмела працуюць у цэху раздою першацёлак Ганна Улейчык і Аліна Вялічка. Хачу адзначыць і адказнасць прыгатавіцеля кармоў Марыны Гудач.
Шмат увагі надаецца ўмовам працы жывёлаводаў. Да іх паслуг у новым санпрапускніку выдатныя душавыя, раздзявалкі, кухня і пакой для прыняцця ежы.
Працоўны год калектыў аграфірмы намераны завяршыць з прыбыткам больш як 9 млрд. рублёў.
Марыя Драпеза, фота аўтара