У 2005 годзе СВК “Стары Дворац” стаў філіялам РУП “Гроднаэнерга” – аграфірмай “Стары Дворац”.
Стаўка тут робіцца на раслінаводства і жывёлагадоўлю. У гаспадарцы вырошчваюцца збожжа, рапс, цукровыя буракі. З кожным годам узрастае культура земляробства, эфектыўна развіваецца жывёлагадоўля.
У аграфірме праяўляюць вялікі клопат пра замацаванне кадраў. Працаўнікі забяспечаны новым камфортным жыллём. У аграгарадку Стары Дворац на вуліцах Садовая і Юбілейная можна палюбавацца на прыгожыя прасторныя дамы, дзе звіняць дзіцячыя галасы. Калі сям’я забяспечана выдатным жыллём, яна не будзе шукаць сабе іншага месца, а значыць, у вёскі ёсць будучае. Не толькі замацаваць добрыя кадры, але і мець больш маладыя – свае, мясцовыя, сапраўдную змену ўдаецца ў гэтай гаспадарцы. Юнакі пасля заканчэння Бераставіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя вяртаюцца ў свае родныя мясціны і вельмі задаволены дастойнымі ўмовамі працы.
Новыя сучасныя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі дазволілі ўпэўнена рухацца наперад, а гэта немагчыма без эфектыўнага тэхнічнага забеспячэння вытворчасці. За перыяд з 2005 па 2013 было закуплена 25 адзінак самаходнай тэхнікі, 24 адзінкі сельгасагрэгатаў і прычапнога інвентару. План па дзяржзакупках кожны год выконваецца. Дзякуючы моцнаму “чалавечаму фактару” і прадуманаму гаспадаранню, аграфірма ўпэўнена лідзіруе сярод іншых такіх арганізацый у рэспубліцы.
Не стварае больш праблем рамонт тэхнікі. Нават зімой, у маразы будзе камфортна людзям у адноўленай майстэрні. Яна сапраўды радуе вока. Тут абсталяваны слясарнае і механічнае аддзяленні, два зварачных пасты, устаноўлены кампрэсар. У спецыялізаваных аддзяленнях устаноўлены электрагідраўлічны прэс, разнастайныя станкі.
Асаблівая ўвага надаецца перспектыўнай галіне – малочнай жывёлагадоўлі. На сучасным малочнатаварным комплексе сярэднясутачны надой ад каровы зараз 20,7 кілаграма, што на 1 кілаграм больш, чым за такі ж адпаведны час летась. За 10 месяцаў малака гатункам “экстра” здалі 39,3 працэнта. Таварнасць складае 94,1 працэнта. Намеснік дырэктара аграфірмы па жывёлагадоўлі Цімур Чэрыўханаў (на здымку разам з памочнікам брыгадзіра Святланай Івановай, аператарамі машыннага даення Людмілай Ясько, Жаннай Рагель і жывёлаводам Ганнай Улейчык) выказаў самыя добрыя словы павагі і ўдзячнасці ў адрас зладжанага калектыву комплексу.
Скарбонка дасягненняў і рост дабрабыту аграфірмы немагчымыя без укладу кожнага спецыяліста і працаўніка, якія сумленна выконваюць свае абавязкі. Напрыклад, вагаўшчык Клаўдзія Ткачук (на здымку) ужо 11 гадоў не толькі ў гарачую пару жніва паказвае сябе з самага лепшага боку, але і на працягу года ўзважвае разнастайныя грузы, вядзе ўлік прадукцыі. А механізатар Мікалай Маргун (на здымку) праявіў сябе сапраўдным майстрам сваёй справы на складаных відах работ.
Добрага здароўя кіраўніцтву і калектыву аграфірмы, новых плённых здабыткаў, удачы і шчасця!
Ніна Наддэ, фота аўтара