Аграгародок Макараўцы адзначыў свята вёскі

Лента новостей

У дзень ушанавання памяці Пятра і Паўла па каталіцкаму календару ў аграгарадку Макараўцы адбылося свята вёскі. Мерапрыемства гэтае праходзіла на адкрытым паветры, на тэррыторыі перад будынкам мясцовага сельвыканкама. І сабрала, па водгуках, звыш сямісот чалавек – мясцовых жыхароў і гасцей. Падобныя сустрэчы ладзяцца ў Макараўцах не першы раз і дэманструюць сапраўдную павагу і любоў да роднай вёскі.
Распачалося свята з выступ­лен­няў самых юных мясцо­вых удзельнікаў мастацкай сама­дзейнасці. Спявалі навед­вальнікі падрыхтоўчай і малодшай груп вакальнага гуртка Макараўскага Дома нацыянальных культур Юлія Шока і Дамініка Бажко, Ангеліна Кажура і Максім Будніцкі, вакальная група Канюхоўскага сельскага Дома культуры “Вяснушкі” ў складзе Паліны Ра­дзевіч, Анжэлікі Панасевіч, Карыны Юхнюк і саліста Яўгена Ка­ва­леўскага, а таксама ўдзельніца фі­нала дзіцячага конкурсу “Песня для Еўрабачання” з горада Гродна Дзіяна Гузіно, сваякі якой жывуць у Макараўцах.
Для дзяцей праводзілася шмат гульнявых конкурсаў, працавалі забаўляльныя атракцыёны. Святочны настрой стваралі роставыя лялькі, у ролі якіх выступалі Таццяна Панасюк, Алена Воронік і Павел Мазан.
Урачыстую частку свята адкрыла жаночая вакальная група “Альтанка” з сімвалічнай песняй “Вёсачка”. Выступалі таксама ўдзельнікі старэйшай групы вакальнага гуртка мясцовай установы культуры Марта Канецкая, Антон Бажко і Анастасія Мартыш. Нікога не пакінула раўнадушным выступленне народнага ансамбля польскай песні Макараўскага Дома нацыянальных культур “Стокроткі”.
З прывітальным словам да жыхароў аграгарадка і яго гасцей звярнуўся старшыня СВК “Макараўцы” Мікалай Лохман.
Падчас урачыстасці вядучыя Зоя Хлебнікава і Таццяна Славецкая ўзгадвалі цікавыя факты з гістарычнага мінулага вёскі і мясцовай гаспадаркі, успаміналі ветэранаў вайны і перадавікоў вытворчасці, знаёмілі гасцей свята з сённяшнімі статыстычнымі дадзенымі, якія датычацца дэма­графічнага становішча аграгарадка. Так, напрыклад у Макараўцах пражывае 301 жыхар, з іх 71 дзіця, 68 пенсіянераў, 178 чалавек сярэдняга ўзросту. Зарэгістравана таксама 104 сям’і, 15 з якіх – шматдзетныя. Дарэчы, сем’ Веры і Аляксандра Горлавых, Алены і Леанарда Барцэвічаў, Віктара і Ірыны Ляховічаў, якія можна лічыць прыкладам для іншых, былі адзначаны каштоўнымі падарункамі. Узнагародзілі таксама доўгажыхара Уладзіміра Іванавіча Трафіменкова і самую актыўную доўгажыхарку Марыю Паўлаўну Рафальчук. Падарунак атрымала і самая маленькая жыхарка Анастасія Казлоўская. Традыцыйна вызначылі самыя прыгожыя і добраўпарадкаваныя падворкі. Іх гаспадары Антаніна і Антон Ігнатовічы, Ганна і Пётр Аўдзей, Алена і Аляксандр Катляровы, Ларыса і Яўген Сакаловы, Святлана і Вяслаў Матукевічы таксама былі ўзнагароджаны падарункамі.
Нельга было адвесці вачэй ад выставы кулінарных вырабаў Лі­ліі Тадэвушаўны Мароз, Алены Анто­наўны Будніцкай і Ма­рыі Станіславаўны Саросек з Макараў­цаў, а таксама Марыі Геронімаўны Саросек з Ігнатавіч. Дарэчы, жыхары і госці свята змаглі пачаставацца салодкасцямі, прадстаўленымі на гэтай выставе.
Сапраўдным упрыгожваннем свята стала выступленне рок-гурта “Мі­лосць” з Ліды, які завітаў у Макараўцы па запрашэнні настаяцеля храма Уздзвіжання Святога Крыжа, ксяндза-пробашча Паўла Беланоса.
Прыемным сюрпрызам для вяскоўцаў стаў прыезд групы “Федэрацыя” і цыганскага тэатра “Джыпсі бэнд”, якія падзяліліся з жыхырамі і гасцямі свята сваёй творчасцю.
Увечары, падчас дыскатэчнай праграмы, адбылося выступленне Сяргея Гужа, а таксама Вікторыі і Антона Бажко, Таццяны Славецкай. Праводзіліся гульні і конкурсы. Свята завяршылася феерычным салютам.
Жыхары засталіся задаволены мерапрыемствам і ўдзячны яго ўдзельнікам, арганізатарам і спонсару – СВК “Макараўцы”. Асаблівая ўдзячнасць старшыні кааператыва Мікалаю Лохману, намесніку старшыні па ідэалагічнай рабоце Алесе Капіца, старшыні Макаравецкага сельвыканкама Івану Ятэлю і сакратару сельвыканкама Люцыне Кулікоўскай.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *