Завяршыўся раённы агляд-конкурс дзіцячай творчасці клубных устаноў «Запалі сваю зорку», які праводзіцца штогод з мэтай рэалізацыі мастацкага патэнцыялу здольных дзяцей і падлеткаў, павышэння іх выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры, прыцягнення юных выканаўцаў да ўдзелу ў фестывалях і конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў.
Традыцыйна ў аглядзе ўдзельнічалі юныя наведвальнікі гурткоў аматарскай творчасці, якія дзейнічаюць пры Дамах культуры і клубах раёна. Увазе журы – а ў склад яго ўваходзілі дырэктар РМЦНТ Алена Місюля і метадысты Юлія Атрушкевіч, Марыя Юшкевіч і Яна Зорына – былі прадстаўлены падрыхтаваныя кіраўнікамі гурткоў канцэртныя праграмы розных жанравых напрамкаў – вакальна-харавога, танцавальнага, інструментальнага, драматычнага. Юныя артысты выступалі ў намінацыях “саліст”, “дуэт”, “вакальная група”, “ансамбль”, “танцавальны калектыў”, “вядучы канцэртных праграм”. Ацэньваліся вакальныя дадзеныя ўдзельнікаў, чысціня і выразнасць выканання нумара, сцэнічная культура і культура мовы, артыстызм, а таксама рэжысура праграмы і ўзровень музычнага суправаджэння. Як паказаў агляд, у нашым раёне нямала творчых дзяцей і падлеткаў, якія з дапамогай кіраўнікоў гурткоў развіваюць і ўдасканальваюць свае здольнасці. Па меркаванні членаў журы, найлепш гэта работа наладжана ў раённым Доме культуры, Пагранічным, Малабераставіцкім, Алекшыцкім ЦДК, Макараўскім ДНК, Старадварэцкім ДКіНТ. Сярод найбольш яркіх нумароў былі адзначаны выступленні Анастасіі Барэль, Аляксея Кавалевіча і Аляксея Рыгосіка з г.п. В.Бераставіца, Кацярыны Кузьміцкай з аг. М.Бераставіца, Ганны Пугачэўскай з аг. Пархімаўцы, Караліны Некала з аг. Пагранічны, Ксеніі Камяк з аг. Алекшыцы, Машы Габрусевіч з аг. Стары Дворац, дуэты Іллі Бутрылы і Яны Пучок (Старадварэцкі СДКіНТ), Кацярыны Мікуць і Паліны Хасанавай (РДК), а таксама вакальных груп “Вясёлыя званочкі” (Макараўскі ДНК), “Салавейкі” (РДК), вядучых праграм Яўгена Касьяна і Алёны Праведнік (Кватарскі СДКіВЧ), Аляксандра Прэдка і Дар’і Карвацкай (Старадварэцкі СДКі НТ), Кацярыны Чорнай, Ілоны Макулік і Нікі Стубеды (Малабераставіцкі ЦДК), танцавальных калектываў “Забіякі” (Старадварэцкі СДКіНТ), “Весялушкі” (Пархімаўскі ДКіВЧ) і “Рытм-Star” (Пагранічны ЦДК). Дарэчы, “Рытм-Star” прадстаўляў раён у адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячых аматарскіх танцавальных калектываў сельскіх устаноў культуры “Крышталікі запрашаюць”, які прайшоў у Бярозаўцы Лідскага раёна. А салістка Карына Качанава і вакальны ансамбль “Салавейкі” РДК, а таксама малабераставіцкія вядучыя прынялі ўдзел у абласным фестывалі дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей”.
Святлана Ганчарова