Агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў

Лента новостей

Дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах з’яўляецца адным з вядучых напрамкаў работы ўстаноў культуры раёна па арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў, а таксама людзей старэйшага ўзросту.

У адпаведнасці з Палажэннем аб абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Святло захапленняў» 20 сакавіка ў нашым раёне пабывала прадстаўнік абласнога журы, вядучы метадыст АМЦНТ Н.А.Афанасік. Яе ўвазе былі прадстаўлены пасяджэнні такіх аматарскіх аб’яднанняў устаноў культуры Бераставіччыны, як клуб творчых людзей «Бераставіцкае зямляцтва» і аматарскае аб’яднанне тэхнічнага мадэлявання «ВІНТ» РДК, клуб аматараў гульні «Старадварэцкія пацехі», дзіцячае аматарскае аб’яднанне «Малышок» Пархімаўскага Дома культуры і вольнага часу, сямейны клуб «Вернасць» Эйсмантаўскага ЦДК, клуб выхаднога дня «Забаўнік» Алекшыцкага ЦДК.
Агляд-конкурс ставіў сваёй мэтай выяўленне новых сучасных форм работы, пошук неардынарных напрамкаў развіцця аматарскага руху, прыцягненне насельніцтва да каштоўнасцей беларускай культуры, да больш актыўнага ўдзелу мясцовых жыхароў розных узростаў ў культурна-масавых мерапрыемствах.
Раённы Дом культуры прадэманстраваў сваю работу ў форме сумеснага пасяджэння-гасцёўні клуба творчых людзей «Бераставіцкае зямляцтва» і аматарскага аб’яднання тэхнічнага мадэлявання «ВІНТ». Адбыліся прэзентацыі кніг Алы Лагады «З каханнем да людзей» і Кастуся Богуша «Ачышчэнне», музычнага альбома, куды ўключаны песні Сяргея Хілюты. Былі наладжаны выставы твораў мастакоў Андрэя Втарушына, Валянціны Шышпаронак, Аляксандра Ваўчка, а таксама новых авіямадэляў, сканструяваных удзельнікамі аб’яднання «ВІНТ».
Аматарскае аб’яднанне «Старадварэцкія пацехі» заўсёды рада адчыніць свае дзверы дзецям і запрасіць іх у чарадзейны свет гульні і казкі. Яго кіраўніком і ўдзельнікамі была падрыхтавана інтэлектуальная гульня «Кросс-вопрос».
Дзіцячае аматарскае аб’яднанне «Малышок» напаўняе вольны час пархімаўскіх дзяцей цікавай дзейнасцю, развівае ў іх ініцыятыву і творчасць, арганізатарскія здольнасці і актыўнасць. Адметнай асаблівасцю прадэмаставанага пасяджэння з’явілася тое, што дзеці самі былі арганізатарамі свайго адпачынку. «Свята паветранага шара» – такую назву мела сустрэча, якая пакінула добрыя ўражанні і станоўчыя эмоцыі ва ўсіх удзельнікаў мерапрыемства, спецыялістаў з раёна і вобласці.
Сямейны клуб «Вернасць», які дзейнічае пры Эйсмантаўскім ЦДК, спрыяе ўмацаванню маральна-псіхалагічнага клімату сям’і, фарміраванню маральнай чысціні, духоўнага багацця і фізічнай дасканаласці сем’яў. Пасяджэнне клуба «Дзень падзякі татаў» стала для сем’яў, якія ўдзельнічалі ў аглядзе-конкурсе, сапраўдным святам з выдатным канцэртам і цікавай конкурснай праграмай.
Клуб выхаднога дня «Забаўнік» створаны пры Алекшыцкім ЦДК нядаўна, але ўжо карыстаецца папулярнасцю ў мясцовай моладзі. З ініцыятывай і творчасцю рабяты падыходзяць да падрыхтоўкі пасяджэнняў. Яны з’яўляюцца непасрэднымі арганізатарамі свайго вольнага часу. І гэта было выразна відаць падчас дэмастрацыі работы клуба. Прэзентацыя любімых паходаў «Аднойчы на прывале…» перадала існуючыя ўзаемаадносіны ў калектыве, імкненне прыйсці на дапамогу адзін аднаму.
Прадэманстраваная дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў была станоўча ацэнена спецыялістам з вобласці. Вынікі ж агляду-конкурсу будуць падведзены пазней.
Алена Місюля,
дырэктар РМЦ НТ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *