Аб назве старога бераставіцкага касцёла і яго пячатцы

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей

Касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны – так некалі называўся стары касцёл у Вялікай Бераставіцы. Аб гэтым сведчаць шматлікія гістарычныя, у тым ліку і архіўныя дакументы. На лацінскай мове – Visitationis (касцёл Візітацыі). Што азначае тэрмін „наведзіны”? Відавочна, што гэта слова з’яўляецца сінонімам слова “візіт”. Але аб якім „візіце” ідзе размова?
Вось аб чым сведчаць факты. Назва касцёла звязана з наступнай гісторыяй з жыцця Марыі. Узгадваецца гэтая падзея ў Евангеллі св. апостала Лукі. Архангел Гаўрыіл абвясціў св. Марыі радасную навіну пра тое, што яна неўзабаве стане маткай Ісуса. А ў дадатак паведаміў, што яе стрыечная сястра Альжбета, якая, будучы ў шлюбе, доўга не мела дзяцей, у дадзены час таксама цяжарная і чакае нараджэння дзіцяці. Натхнёная такімі звесткамі Марыя вырашыла наведаць сваячку і выправілася ў далёкую дарогу. Мясцовасць Эйн Карэм, дзе жыла Альжбета, знаходзілася ў ваколіцах Іерусаліма. Ад Назарэту гэта больш за 100 км. З маленьнім Езусам ва ўлонні Марыя ўсё ж дабралася да пасялення сваячкі. Увайшоўшы ў яе дом, прывітала цяжарную сястру, а тая, напоўніўшыся Святым Духам, адказала Марыі: “Бласлаўлёная ты між нявестамі і бласлаўлёны плод улоння Твайго!”
Гэтыя словы Альжбеты пазней стануць святымі для кожнага хрысціяніна і будуць паўтарацца у час кожнай літургіі. Сцэна радаснага прывітання цяжарных жанчын атрымала назву Наведзінаў (Візітацыі) св. Марыі і стала шырока выкарыстоўвацца ў хрысціянскай іканаграфіі. У гонар гэтай біблейскай гісторыі і быў некалі асвечаны бераставіцкі касцёл.


Некалі Дзень Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі католікі адзначалі 2 ліпеня. Менавіта у гэты час мястэчка прымала штогадовы трохдзённы фэст, на які прыбывала не менш за тысячу паломнікаў. У 1969 г. у выніку царкоўнай рэформы свята перанеслі на 31 мая.
Цікава, што пры Польшчы, да 1939 г., стары бераставіцкі касцёл лічыўся філіяльным і адкрываўся толькі па вялікіх святах. Мясцовыя жыхары ў той час называлі яго па-свойму – касцёл Пятра і Паўла. Назва была звязаная з фігурамі святых, якія ўпрыгожвалі галоўны алтар храма.
Сімвалічную сцэну Наведзінаў св. Марыі адлюстроўвала некалі і парафіяльная пячатка касцёла. У архівах сустракаюцца яе чорна-белыя адбіткі. Такая пячатка ўжывалася да 1863 г., пакуль касцёл не закрылі. Адзін з адбіткаў прадстаўлены на фотаздымку. Зроблены ён на дакуменце ад 25 чэрвеня 1862 г. Як відаць, аверс пячаткі меў авальную форму. У яго полі змешчаны постаці двух жанчын. Кабеты апранутыя ў доўгія звужаныя ў поясе сукенкі (тунікі). Рукі складзеныя на грудзях, а вакол галоў – німбы. Можна меркаваць, што злева – святая Марыя, а справа сядзіць яе сваячка. Па краю пячаткі цягнецца надпіс на польскай мове: ”PIE [CZEC] KOSCIOLA PARAF[I]ALNEGO [W] BRZOSTOWICY”. Якасць адбітка і яго колер гавораць аб тым, што зроблены ён з выкарыстаннем звычайнай сажы. Такія адбіткі называюцца курадымнымі або вэнджанымі. Пячатка награвалася на свечцы ці алейнай лямпе, пакуль яе не пакрываў нагар, а потым прыціскалася да паперы.


Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне, “Энцыклапедыі старапольскай”, інфармацыя жыхара Вялікай Бераставіцы Мар’яна Баера.

Сяргей Лушчык, г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *