Аб летнім адпачынку школьнікаў у Бераставіцкім раёне

Лента новостей

ris25062014-1Да канца навучальнага года застаецца ўжо зусім нямнога часу, і калі дзеці з нецярпеннем чакаюць летніх канікулаў, дык дарослыя заклапочаны тым, каб за перыяд летняга адпачынку хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі не толькі адпачыць і паправіць сваё здароўе, але і напоўніць вольны час цікавымі і карыснымі справамі.
Аб тым, як будзе арганізавана летняе аздараўленне школь­нікаў нашага раёна, я пацікавілася ў метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Саннікавай.

— За перыяд летніх канікул плануецца ў лагерах рознага тыпу аздаравіць 925 хлопчыкаў і дзяўчынак з Бераставіччыны, — расказала Святлана Васільеўна.- Ужо з першага чэрвеня ва ўсіх установах адукацыі, за выключэннем Паплаўскага ясляў-сада-базавай школы, пачнуць работу лагеры з дзённым прабываннем. У некаторых школах яны будуць працаваць у дзве змены, адпачыць у іх змогуць 330 чалавек.
Мая субяседніца таксама адзначыла, што сёлета будуць працаваць і 9-дзённыя профільныя лагеры з кругласутачным прабываннем, у якіх традыцыйна рэалізуюцца разнастайныя праграмы дзейнасці па развіцці фізічных, інтэлектуальных, творчых і сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцей дзяцей і падлеткаў. У прыватнасці, будзе арганізавана работа дзевяці такіх лагераў, як, напрыклад, “Мерыдыян-2”, “Юны пагранічнік”, “Навука”, “Выратавальнік”, “Краязнаўцы”, “Праметэй”, “Алімпіец”. Ахапіць работай профільных лагераў плануецца 235 навучэнцаў устаноў адукацыі.
Што датычыцца дзіцячага аздараўленчага лагера з кругласутачным прабываннем “Бераставіцкі”, то ў ім плануецца аздаравіць 330 школьнікаў нашага раёна. Праца лагера традыцыйна будзе арганізавана ў тры змены: з 21 чэрвеня па 8 ліпеня, з 12 па 29 ліпеня і з 2 па 19 жніўня.
Для 60 старэйшых школьнікаў, якія ў летні перыяд плануюць не толькі адпачыць, але і папрацаваць, будуць арганізаваны лагеры працы і адпачынку — у Вялікабераставіцкай СШ, гімназіі аг.Пагранічны, Мала­бераставіцкай СШ і Пархімаў­скай БШ. Школьнікі, занятыя ў іх, будуць працаваць на палях падшэфных гаспадарак.
Для тых, хто выбірае працоўны адпачынак, будзе магчымасць рэалізаваць гэта і ў вучнёўскіх брыгадах, арганізаваных і фінан­саваных са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Як паведамілі ў аддзеле па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, гэтым летам будзе працаваць пяць вучнёўскіх брыгадаў: з 15 па 26 чэрвеня – у Вялікабераставіцкай СШ (20 чалавек), Макараўскім яслях-садзе-СШ (10 чалавек), Вялікаэйсмантаўскай СШ (15 чалавек), Кватарскім яслях-садзе-БШ (9 чалавек) і з 29 ліпеня па 10 жніўня – у Алекшыцкай СШ (13 чалавек).
Школьнікі будуць заняты пераважна на добраўпарадкаванні тэрыторый сваіх навучальных устаноў, падрыхтоўцы іх да рамонту і ўборцы кабінетаў.
Створаныя працоўныя месцы ў вучнёўскіх брыгадах будуць фінансавацца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, выдзелена іх у гэтым годзе 54 мільёны рублёў, прычым, усе яны пойдуць на аплату працы маладых лю­дзей.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *