Абмяркоўваем праект асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады: Інавацыйны падыход дае станоўчыя вынікі

Лента новостей

Вікторыя Кісялеўская, дырэктар Малабераставіцкай СШ, дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу:
–Павышэнне якасці адукацыі было і застаецца першачарговай задачай для кожнай навучальнай установы, а якасць адукацыі прадугледжвае павышэнне інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу навучэнцаў, удасканаленне сістэмы выхаваўчай і ідэалагічнай работы.
Наша Малабераставіцкая сярэдняя школа ў межах аграгарадка стала сацыякультурным цэнтрам, усе структуры якога цесна ўзаемадзейнічаюць пры вырашэнні пытанняў, якія датычацца навучання і выхавання падрастаючага пакалення.
У школе створаны ўсе неабходныя ўмовы для рознабаковага развіцця вучняў. Яны маюць магчымасць павышаць свой адукацыйны ўзровень на 40 факультатыўных занятках і ў 15 гуртках і спартыўных секцыях.
Перамены ў стане сучаснага грамадства патрабуюць пераасэнсавання падыходаў да навучання і выхавання з улікам сучасных сацыяльна-эканамічных, грамадска-палітычных і духоўна-маральных тэндэнцый. У гэтай сувязі актуальным становіцца фарміраванне ў падрастаючага пакалення патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, яго далучэнне да нацыянальных традыцый, ідэалаў і каштоўнасцей, развіццё здольнасці аб’ектыўна ацэньваць падзеі ў краіне і свеце.
Як паказаў вопыт школы, дзейсным сродкам фарміравання і развіцця ў вучняў цікаўнасці і павагі да гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю з’яўляецца пошукава-даследчая краязнаўчая дзейнасць.
З 2007 па 2009 год наш калектыў працаваў над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне праграмы выкарыстання патэнцыялу музея для забеспячэння ідэалагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу”. Работа ва ўмовах інавацыйнай пляцоўкі, якая мела статус рэспубліканскай, была пабудавана на аснове пошукава-даследчай дзейнасці. Школьны музей “Вытокі” мае гісторыка-этнаграфічны профіль, які дае шырокія магчымасці для даследавання гісторыі малой радзімы.
У ходзе рэалізацыі праграмы інавацыйнага праекта актывізавалася дзейнасць педагогаў і вучняў, узрасла іх зацікаўленасць да інавацыйнай дзейнасці. Удзельнікі праекта адчулі вялікі творчы запал, набылі пэўны вопыт работы, якім з задавальненнем дзеляцца з зацікаўленымі асобамі, і ўпэўнены, што атрыманыя навыкі і вопыт работы будуць выкарыстаны ў ходзе далейшай работы па выхаванні падрастаючага пакалення.
Музей у школе – гэта культурна-асветніцкі і вучэбна-выхаваўчы цэнтр, дзе найбольшай увагі да сябе па-трабуюць дзеці. Вельмі важна, што яны выступаюць тут не як спажыўцы, а як актыўныя стваральнікі.
Кіраўніком краязнаўчага музея з’яўляецца Тамара Іванаўна Эйсмант, настаўнік гісторыі вышэйшай катэгорыі. Талент настаўніка натхняе вучняў і настаўнікаў на сумесную творчую дзейнасць.
Фарміраванне экалагічнай культуры дзяцей і дарослых, іх актыўнай жыццёвай пазіцыі сродкамі вывучэння прыроды роднага краю, існуючых экалагічных праблем і шляхоў іх вырашэння, з’яўляецца яшчэ адным важным напрамкам дзейнасці калектыву нашай школы.
У ходзе даследавання прыроднага багацця мікрарэгіёна мы распрацавалі экалагічны праект “Стратэгія ўстойлівага развіцця Крынічнай даліны” (Мясцовая павестка-21), ідэяй якога з’яўляецца пераемнасць, непарыўнасць і паслядоўнасць у экалагічным выхаванні ўсіх звенняў соцыуму, аднаўленне і захаванне прыроднага багацця малой радзімы.
Калектыў школы ўпэўнены, што гатоўнасць настаўніка да інавацыйнага, творчага падыходу ў навучанні і выхаванні раскрывае вялікія магчымасці ў дасягненні новых поспехаў.
Мне, як настаўніцы замежнай мовы па прафесіі, асабліва імпануе тое, што ў праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады ў ліку адной з першачарговых задач у сістэме адукацыі ставіцца стварэнне такой школы, з якой павінна выходзіць моладзь, якая валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі і замежнымі мовамі. Сёння ў гэтым наўрад ці каго патрэбна пераконваць. Наша краіна працягвае наладжваць сувязі са шматлікімі краінамі свету. А без ведання замежных моў тут проста не абысціся. Аднак для забеспячэння камунікатыўнай накіраванасці іх засваення неабходна правесці пэўную работу, у прыватнасці, пашырыць і аднавіць матэрыяльна-тэхнічную базу кабінетаў замежнай мовы, правесці далейшае ўдасканаленне вучэбна-метадычных комплексаў. Лічу, вельмі важнай і неабходнай была б у гэтай сувязі і рэалізацыя на рэспубліканскім узроўні такой прапановы, як наладжванне на адным з цэнтральных тэлеканалаў праграм па вывучэнні замежнай мовы. Нават у краінах Заходняй Еўропы, дзе больш магчымасцей для ўзаемных кантактаў, такая практыка шырока выкарыстоў-ваецца і даказвае сваю эфектыўнасць.
Як дырэктара, мяне хвалюе сёння і тое, што апошнім часам у школу прыходзіць мала маладых спецыялістаў, якія асэнсавана абралі прафесію педагога і не маюць намеру пакінуць сцены школы праз два гады. Думаю, што сапраўдная творчая асоба ў любым месцы знойдзе магчымасць для сваёй самарэалізацыі. А ўмовы для працы ў нашай школе, дзякуючы рэалізацыі праграмы аграгарадкоў, створаны выдатныя.
Патрабуюць свайго вырашэння некаторыя пытанні гаспадарчагага і юрыдычнага характару ў сувязі з атрыманнем школай статусу юрыдычнай асобы.
Аднак галоўнай мэтай кожнага творча працуючага педагога, усяго калектыву ў цэлым і надалей застанецца выхаванне асобы дзіцяці, здольнай да інтэлектуальна-крэатыўнага самавызначэння і паспяховай самарэалізацыі.
Падрыхтаваў
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *