На мінулым тыдні на Гродзеншчыне адбыўся рэспубліканскі семінар па малочнай жывёлагадоўлі. У ім прынялі ўдзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыла, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вайцяховіч, спецыялісты сельгаскааператываў з розных абласцей краіны. Наведалі ўдзельнікі мерапрыемства сярод іншых раёнаў і Бераставіцкі. Яны пабывалі ў РУСП “Масаляны”. Бераставіччына была выбрана для наведвання невыпадкова. У нас дынамічна развіваецца малочная жывёлагадоўля. Тут была праведзена своечасовая мадэрнізацыя, зроблены сапраўдны рывок наперад, павялічваецца вытворчасць каштоўнай сыравіны, паляпшаецца яе якасць. Прадстаўнікам многіх сельгаскааператываў з іншых абласцей краіны на Бераставіччыне было чаму павучыцца.
Малочнай прадукцыі належыць важнае месца ў харчаванні дзяцей і дарослых. Кожны з нас для добрага здароўя па медыцынскіх нормах павінен спажываць да 403 кілаграмаў такой прадукцыі ў год. Можна не сумнявацца зараз і ў якасці малака. Кантроль над гэтым ажыццяўляе Дзяржаўная харчовая інспекцыя па якасці і стандартызацыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Строгі кантроль за якасцю неабходны не толькі для таго, каб насельніцтва спажывала карысныя малочныя прадукты, але і для дыверсіфікацыі айчыннага экспарту, выхаду на новыя рынкі, у тым ліку, магчыма, і еўрапейскія. Каб падтрымаць там імідж краіны, трэба быць гатовымі для жорсткай канкурэнцыі і выпускаць прадукцыю найвышэйшай якасці, не забываючы пры гэтым і пра даступныя цэны.
Безумоўна, малочная жывёлагадоўля ў Беларусі зараз – найбольш рэнтабельная галіна сельскай гаспадаркі, якая дае высокі прыбытак. У сённяшніх умовах можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ад вытворчасці малака ў многім залежыць эканоміка краіны. Таму такая вялікая ўвага надаецца дынамічнаму развіццю гэтай стратэгічнай галіны. У 21 стагоддзі неабходна рабіць стаўку на скарачэнне выдаткаў і аптымізацыю працэсу, таму ў рэспубліцы працягваюць будавацца і ўводзяцца ў эксплуатацыю сучасныя малочнатаварныя комплексы. Вытворчасць там вядзецца па апрабаваных сусветных тэхналогіях. Па такім шляху пайшлі лепшыя вытворцы малака ў розных краінах. Незалежна ад колькасці буйной рагатай жывёлы на аб’ектах у замежных уласнікаў, бясспрэчная верная прыкмета поспеху ў іх адна – строгае захаванне тэхналогій.
Здароўе каровы пачынаецца з нарыхтоўкі якасных кармоў у гаспадарках. Абмен рэчываў у арганізме буйной рагатай жывёлы напрамую залежыць ад правільнага кармлення. Вучоныя сцвярджаюць, што нават мастыт выклікаецца не толькі інфекцыяй, але часта і дрэнным харчаваннем з недахопам важных вітамінаў і мінералаў, што значна аслабляе імунітэт. Існуе цэлая навука, як карміць кароў. У розныя перыяды свайго жыцця і лактацыі арганізму жывёлы патрабуецца розная колькасць энергіі і разнастайных спажыўных рэчываў. Рацыён павінен адпавядаць такім перыядам, быць абгрунтаваным і эфектыўным, служыць крыніцай энергіі.
Добры догляд, своечасовае лячэнне і правільнае даенне рагуль з захаваннем належных патрабаванняў санітарыі – яшчэ адна важная складаючая выніковай работы.
Аграрыі рэспублікі на прыкладзе нашага раёна сваімі вачамі паглядзелі, як тэорыя тут арганічна спалучаецца з практыкай. На малочнатаварным комплексе ў РУСП «Масаляны», дзе ўтрымліваецца 800 галоў дойнага статка, яны змаглі паглядзець увесь цыкл вытворчасці малака. Цялят добра даглядаюць, імунаглабуліны ў іх крыві ў норме. Гэта сведчыць аб тым, што малодзіва ім спойваюць дастаткова, а значыць, імунная сістэма моцная. Такія цяляты патрабуюць менш клопату, бо менш хварэюць.
Кармы ў РУСП “Масаляны” добрыя, рацыёны кармлення жывёлы збалансаваныя, што з’яўляецца залогам высокіх надояў. Хворыя каровы выдаляюцца са статка і дояцца асобна. Спецыялісты часта праводзяць кантрольныя дойкі – кантроль за аператарамі машыннага даення тут пастаянны. А малака гатункам “экстра” за першы квартал гэтага года ў РУСП “Масаляны” здалі амаль трэць ад усяго.
Вядома, і нашым жывёлаводам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. А ў цэлым у ўдзельнікаў рэспубліканскага мерапрыемства засталіся самыя лепшыя ўражанні ад Бераставіччыны. Мы можам ганарыцца нашымі руплівымі землякамі, да якіх прыязджаюць па перадавы вопыт.
Ніна Наддэ