Прадстаўнікі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Новыя імёны” ў намінацыі “аркестровыя інструменты”. Скрыпачы Марыя Яхантава і Арцём Грамыка, а таксама духавікі Арцём Нікан, Яўген Зенчык і Яўген Патурынскі вярнуліся з гэтага сур’ёзнага музычнага выпрабавання з прызавымі месцамі.
Конкурс “Новыя імёны” штогод праводзіцца ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжам з мэтай захавання і прымнажэння рэгіянальных традыцый выканаўчай і музычна-педагагічнай школ, садзейнічання прафесійнай арыентацыі таленавітых вучняў школ мастацтваў Гродзеншчыны. У гэтым годзе сваё майстэрства і выканаўчы ўзровень прадстаўлялі юныя музыканты, якія іграюць на аркестровых інструментах. Паспрачацца за званне лаўрэата прыехалі больш за сто хлопчыкаў і дзяўчынак вобласці. Сярод іх і вучні Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Скрыпачам Марыі Яхантавай і Арцёму Грамыка неабходна было выканаць тры творы: сачыненне буйной формы, віртуозную п’есу і п’есу беларускага кампазітара. Узровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу быў дастаткова высокі, але нашы вучні выступілі дастойна і сталі лаўрэатамі ІІІ ступені. Для Арцёма выступленне на конкурсе такога ўзроўню – першае. Юны музыкант успамінае, як хваляваўся перад выхадам на сцэну музычнага каледжа, і з якой нечаканасцю пачуў сваё імя сярод пераможцаў. Марыя – не навічок у гэтай справе. Дзяўчынка ўжо выступала на абласным конкурсе імя Горскага, удзельнічала ў абласных алімпіядах па музычна-тэарэтычных дысцыплінах. Яна, дарэчы, плануе звязаць сваё жыццё з музыкай і паступаць у Гродзенскі музычны каледж.
Духавікі таксама набылі чарговыя “трафеі”. Арцём Нікан стаў першым, а Яўген Патурынскі – трэцім у намінацыі “медныя духавыя інструменты”, Яўген Зенчык – трэцім у намінацыі “драўляныя духавыя інструменты”.
Усе нашы юныя ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Іх творчыя дасягненні сталі магчымымі, дзякуючы сумесным намаганням і дапамозе настаўнікаў Галіны Міскевіч, Аксаны Ярмак, Вадзіма Антоненкі і канцэртмайстраў Ірыны Дарашкевіч, Галіны Карпенка і Галіны Архіпавай, якія, дарэчы, былі адзначаны граматамі за высокае педагагічнае і канцэртмайстарскае майстэрства.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара
На здымку: лаўрэаты ІІІ ступені абласнога конкурсу “Новыя імёны” Марыя Яхантава і Арцём Грамыка разам са сваімі настаўнікамі Аксанай Ярмак і Галінай Міскевіч.