У нашым раёне паспяхова развіваецца земляробства, а лепшыя сельгаскааператывы кожны год па выніках жніва становяцца вядомымі на ўсю рэспубліку. Ураджайнасць збожжавых у іх высокая. У чэрвені традыцыйна на Бераставіччыне праводзіцца агляд пасеваў ва ўсіх гаспадарках. У час такой праверкі вызначаецца якасць правядзення вясенне-палявых работ, пільная ўвага надаецца таксама догляду раслін, навядзенню парадку на палях і каля сельскагаспадарчых пабудоў. У аб’ездзе прымалі ўдзел старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў, начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення Аляксандр Курыла, старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон, начальнік інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Алена Дзешка, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгаскааператываў. Акрамя пасеваў, камісія агледзела і стан палявых дарог.
Было адзначана, што на месцах праведзена пэўная работа для таго, каб вырасціць новы шчодры ўраджай. Парадавалі пасевы азімай і яравой пшаніцы, рапсу, ячменю, трыцікале, цукровых буракоў, кукурузы і бульбы. Добрае ўражанне засталося ў раённай камісіі пасля наведвання палёў РУСП “Масаляны”, СВК імя Варанецкага,“Алекшыцы”, “Малабераставіцкі элітгас”. Дагледжаныя пасевы яравых і азімых збожжавых у СВК “Цецяроўка”, “Макараўцы”, “Пархімаўцы”, аграфірме “Стары Дворац”, СВП “АграМір”.
Першае месца па выніках аб’езду было прысуджана РУСП “Масаляны”, другое – СВК імя Варанецкага, трэцяе – СВК “Алекшыцы”. Як і кожны год, гаспадаркі спаборнічаюць паміж сабой.
Цікава было пагутарыць з вопытным спецыялістам, начальнікам раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове расін Аленай Дзешка, якая прымае ўдзел у такіх мерапрыемствах ужо не адзін год.
— Першы раз я аглядала пасевы ў раёне пасля заканчэння ў 1988 годзе Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, калі пачынала працаваць аграномам на тагачаснай Бераставіцкай раённай станцыі аховы раслін. З той пары ў аграрным сектары рэспублікі адбыліся кардынальныя змены. Значна пайшла наперад навука, багацейшымі сталі гаспадаркі. Усё гэта вельмі станоўча паспрыяла ўраджайнасці раслін. Удасканаліліся і сучасныя перспектыўныя гатункі. Раней было бачна, які калгас перадавы, а які адстае, і колькі ўкладваецца ў поле ведаў, старання і сродкаў. Зараз такія межы паміж гаспадаркамі сцерліся, часам можна і не зразумець, чыё поле аглядаеш. Напрыклад, вялікія змены ў станоўчы бок адбыліся ў аграфірме “Стары Дворац”, СВП “АграМір”.
— Алена Расціславаўна, а як паўплывалі частыя дажджы на стан пасеваў у гэтым годзе? Для раслін гэта добра? – цікаўлюся на заканчэнне гутаркі.
— Дажджы не пашкодзілі пасевам, наадварот, паспрыялі. Для раслін такая натуральная дажджавая “паліўка” добрая, зерне налілося. Але вільготнасць спрыяе захворванням і шкоднікам на збожжавых. А калі расліна слабее, да яе, як і да слабога чалавека, “чапляюцца” новыя хваробы. Аднак пасевы ў раёне пад кантролем, і ў нас добрыя віды на новы ўраджай, які, будзем спадзявацца, апраўдае чаканні.
Ніна Наддэ