Цікавы, адметны лёс у нашых сяльчанак. У чарговы раз не падманула мяне прыемнае прадчуванне, калі давялося пазнаёміцца з аператарам машыннага даення малочнатаварнага комплексу РУСП “Масаляны” Валянцінай Матук і пагутарыць са спецыялістам па кадрах гэтай гаспадаркі Аленай Сак. Ёсць у вясковых жанчын адзін сакрэт, які іх аб’ядноўвае. Гэта сіла волі і ўменне шчыра радавацца жыццю, што часта не ўласціва многім гараджанкам. Аднойчы ў размове з адной вясковай жанчынай і шматдзетнай маці я запыталася: “А ці бывае ў Вас дрэнны настрой?” Дык яна нават здзівілася: “У мяне? Дрэнны? У мяне няма калі быць дрэннаму настрою. Каб я яшчэ на такое зважала, дык, мабыць, нічога б і не зрабіла…”
Валянціна Матук (на здымку злева) – жанчына з вясковымі каранямі, родам са Шчучынскага раёна. А вясковыя дзеці змалку дапамагаюць дарослым па гаспадарцы. Спачатку для іх гэта цікавая гульня, а потым для бацькоў гэта ўжо сур’ёзная дапамога. Ды і ў калгасах такія падлеткі імкнуліся нешта падзарабіць. Памятаю і па сабе, як спачатку разам з бабуляй палолі вялікія дзялкі буракоў, а потым мы разам з дзяўчынкамі і хлопчыкамі палівалі капусту ў калгасе. Чалавек на возе з канём вёз бочкі з вадой, а мы кубкамі палівалі маладую расаду. А ён яшчэ і казаў: “Добра палівайце! Заробіце грошы!” Мы вельмі стараліся. За некалькі разоў такога паліву зарабілі на той час каля дзевяці рублёў. Колькі радасці было ад першых уласных заробленых грошай! Іх нават шкада было траціць. Вось і Валянціна памятае такія сціплыя вясковыя радасці.
А прафесію Валянціна выбрала такую, што згадзіцца і ў вёсцы, і ў горадзе. Паступіла дзяўчына ў прафтэхвучылішча на закройшчыцу. Ды і любой гаспадыні і маці такі занятак шмат чаго дасць, асабліва калі ёсць да гэтага здольнасці. Дзяўчына выйшла замуж, але з горада ім з мужам прыйшлося паехаць, таму што эканамічная сітуацыя ў 90-ыя гады была няпростай. Вырашылі перабрацца да бацькоў мужа на Бераставіччыну. Валянціна ўспомніла пра прафесію сваёй мамы, якая была даяркай, і пайшла таксама ў жывёлагадоўлю. Пачынала цялятніцай у гэтай гаспадарцы, затым таксама стала аператарам машыннага даення. Зараз яна працуе на новым комплексе і вельмі гэтым задаволена. Тут зладжаны калектыў, людзі зацікаўлены ў выніках сваёй працы. За малако гатунку “экстра” добра плацяць, так што ёсць выдатны стымул паляпшаць дабрабыт гаспадаркі і свой уласны. Вядома, даецца высакаякаснае малако няпроста, каля кожнай кароўкі трэба папахадзіць, захоўваць санітарыю і сучасныя тэхналогіі. Але калі вопыт ёсць, рабіць становіцца лягчэй.
Адзін сын Валянціны жыве ў горадзе, а другі, электрагазазваршчык, застаўся ў родных мясцінах. Жыццё склалася добра, лічыць жанчына.
А спецыяліст па кадрах РУСП “Масаляны” Алена Сак (на здымку справа) нарадзілася і вырасла ў далёкім Казахстане. Яе маладыя бацькі паехалі туды ўздымаць цаліну. У Кустанайскай вобласці — стэп, лясоў там няма. Зямля там вельмі ўрадлівая, асабліва добра ў гэтым хлебным краі расце пшаніца. Як ні з чым не параўнальны “смак дзяцінства”, успамінае жанчына смак высокага фармавога белага хлеба, які там як сапраўдная “візітная картка”.
— Мы толькі яго і елі, настолькі ён быў смачным, — успамінае Алена. – Чорнага хлеба там увогуле няма. Шкада, што ў нас тут няма такога.
Клімат у Казахстане кантрасны, зімой моцныя маразы, а летам спёка. Памідоры, баклажаны, перцы, гарбузы растуць на дзіва. Бацькі Алены трымалі вялікую хатнюю гаспадарку – дзвюх кароў, свіней. Але потым абставіны змяніліся. І сям’я пераехала ў Беларусь, у Алекшыцы. Пасля заканчэння школы Алена закончыла каледж у Гродне, выйшла замуж. Жывуць і працуюць яны з мужам у Масалянах. Алена спачатку працавала дыспетчарам, а пяць гадоў ужо вядзе кадравую работу.
— Трэба быць вельмі камунікабельным на такой працы, — расказвае яна. – Усе канфлікты вырашаем тым, што абодва бакі ідуць на кампраміс. Праверана вопытам — гэта найлепшае рашэнне.
У Алены з мужам трое дзяцей, старэйшая дачка ўжо замужам. Гэта нават цяжка ўявіць, так молада і прыгожа яна выглядае. Сярэдняму сыну 18 гадоў, а малодшай дачушцы 9. Жыве сям’я ў добраўпарадкаваным доме. Муж Алены – слесар на ферме, а зараз, у гарачы час жніва, працуе аператарам сушылкі.
Алена падзялілася са мной і адным адмысловым кулінарным сакрэтам. У яе сям’і ўсе любяць такі мамін пачастунак. Гэта кандытарскі рулет з жартоўнай назвай “На хуткую руку”.
— Паспрабуйце, пальчыкі абліжаце, — сказала яна. – Трэба ўзяць адно дамашняе яйка (або два магазінных), банку “згушчонкі”, адну шклянку мукі. Узбіць бялок і жаўток паасобку, затым бялок дадаць да “згушчонкі” і узбіць яшчэ раз, дадаць жаўток і паступова муку, і таксама ўзбіць. На бляху трэба ўкласці пергаментную паперу, змазаць алеем і трохі “прыпудрыць” мукой. Уліць масу тонкім слоем і выпякаць у духоўцы 5-6 мінут пры тэмпературы 250 градусаў. Затым на сярэдзіну пакласці джэм, закруціць выраб і прыпудрыць зверху цукровай пудрай.
Думаецца, што гаспадыні зацікавяцца такім кулінарным шэдэўрам.
На працы і дома сяльчанкі – самадастатковыя, працавітыя і жыццярадасныя жанчыны. Яны ўмеюць жыць, і гэтым усё сказана.
Ніна Наддэ,
фота аўтара