Кніга з дастаўкай на дом

Культура Лента новостей

1У сувязі з далейшай аптымізацыяй сеткі бібліятэчных устаноў спіс населеных пунктаў раёна, якія абслугоўвае перасоўная бібліятэка, ці бібліобус, сёлета павялічыўся. Цяпер гэта дастаткова запатрабаваная сельскім насельніцтвам форма бібліятэчнай работы выкарыстоўваецца ў 65 вёсках Бераставіччыны, як правіла, аддаленых і маланаселеных. Сёння я гутару з бібліятэкарам бібліобуса Нэлі УЛЯВІЧУС (на здымку), у зону абслугоўвання якой увайшлі новыя вёскі.

– Нэлі Аляксандраўна, якія населеныя пункты папоўнілі маршрут бібліобуса?
– У сувязі з закрыццём Красноўскай і Мацеевіцкай сельскіх бібліятэк цяпер мы заязджаем яшчэ і ў Станявічы, Мацеевічы, Цыдзікі, Каласы, Яскалды і Краснае. У першых нашых выездах акцэнт рабіўся на агітацыйна-тлумачальную работу. У гэтым нам дапамагалі ў тым ліку і былыя бібліятэкары, якія, безумоўна, добра ведаюць сваіх найбольш актыўных чытачоў. У размовах з вяскоўцамі цікавіліся, якой літаратуры яны аддаюць перавагу. Знаёмілі з графікам работы перасоўнай бібліятэкі. Складалі спісы чытачоў.
–Ці шмат сярод вяскоўцаў жадаючых чытаць?
–Вы ведаеце, нашы асноўныя чытачы – людзі, як правіла, пажылыя. Сярод іх ёсць нямала тых, хто проста не ўяўляе свайго жыцця без кнігі і чытання. Яны з нецярпеннем чакаюць бібліятэку “на колах”, цікавяцца літаратурнымі навінкамі, ды і ўвогуле любяць паразмаўляць, падзяліцца сваімі радасцямі і нягодамі. Аднак чытае і моладзь, летам на канікулы прыязджаюць адпачываць школьнікі, кнігі і перыёдыку заказваюць дачнікі. Мы – а акрамя мяне на маршруты выязджае таксама бібліятэкар Людміла Саванчук – абслугоўваем сёння звыш 1400 чытачоў.
– Якой літаратуры аддае перавагу сельскі чытач?
– Рознай. Перад кожным выездам фарміруецца фонд з улікам чытацкіх запытаў. Ні адно з пажаданняў вяскоўцаў не пакідаем без ўвагі. Найбольш запатрабаваная мастацкая літаратура – дэтэктывы, “жаночыя” раманы, фантастыка і прыгоды, творы класікаў беларускай і рускай літаратуры, да якіх часцей звяртаюцца людзі старэйшага ўзросту з вышэйшай адукацыяй. Сярод самых папулярных кніг – творы Дз. Карэцкага, Ф. Нязнанскага, Ганны і Сяргея Літвінавых, Г. Шчар­баковай, А. Фе­дарэнкі, А. Якімовіча і г.д. Многія цікавяцца галіновымі выданнямі. Тэматыка іх таксама разнастайная. Гэта літаратура па пчалярству, рыбалоўству, кулінарыі, развядзенні хатняй жывёлы, народнай медыцыне. Абавязкова ў наяўнасці выданні грамадска-палітычнага характару, даведачная літаратура. А інфармацыя пра новыя паступленні падаецца праз інфармацыйныя бюлетэні і аператыўныя выставы тыпу “Галерэя навінак”.
–Якія газеты і часопісы карыстаюцца попытам у сяльчан? Ці чытаюць яны нашу “раёнку”?
– Пры афармленні падпіскі на перыёдыку супрацоўнікі райбібліятэкі ўлічваюць пажаданні чытачоў бібліобуса і спецыяльна выпісваюць для абслугоўвання вясковых жыхароў цэлыя камплекты папулярных перыядычных выданняў. Гэта часопісы “Хозяин”, “Гаспадыня”, “Целитель”, “Домашний доктор”, “Досуг пенсионера”, “Планета”, газеты “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Аргументы и факты”, “Комсомольская правда” і шэраг іншых.
Што датычыцца “Бераставіцкай газеты”, то вельмі шмат пенсіянераў яе выпісваюць самі, каб заўсёды быць у курсе падзей раёна.
–Дзякуй за гутарку, Нэлі Аляксандраўна. Удзячных вам чытачоў!
Гутарыла Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *