Упершыню я сустрэлася з ветэранам Вялікай Айчыннай Міхаілам Аляксандравічам Шурбай, калі яму ішоў восемдзесят сёмы год. Гутарылі мы з ім тады доўга. Мой субяседнік успамінаў пра жыццё ў фашысцкай акупацыі, пра тое, як ваяваў. А сёння ў франтавіка юбілей: яму споўнілася дзевяноста гадоў. І з такой цудоўнай нагоды разам з сакратаром праўлення раённай арганізацыі ветэранаў Соф’яй Конік, інспектарам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галінай Сыч і намеснікам старшыні сельгаскааператыва “Цецяроўка” Марыяй Некала спяшаюся ў Гарбачы, каб павіншаваць Міхаіла Аляксандравіча з яго паважаным юбілеем і пагутарыць з ім зноў.
Вось і вёска Гарбачы. З таго часу ў ёй нічога не змянілася. Вузкая грунтовая вулачка, шмат дрэў. Акуратная царква на прыгорку. Мне прыемна было ўбачыць, што пасля нашай той сустрэчы не надта змяніўся і мой знаёмы: не дужа пастарэў, мае яшчэ сілу тупаць і дома, і па двары. Жонка яго, Вера Іванаўна, падтрымлівае мой камплімент яе мужу: ” Праўду кажаце, малайчына ён у мяне, якім быў руплівым і ўвішным, такім і застаўся”.
У мясцовым сельгаскааператыве механізатара таксама заўсёды цанілі за руплівасць, уменне ды старанне: заслужаны калгаснік узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Яшчэ тут заўсёды памяталі, што Міхаіл Аляксандравіч – салдат Вялікай Айчыннай і ўшаноўвалі яго на Дзень Перамогі. Вайна пакінула гэтаму чалавеку сваю страшную памяць: асколкі ад снарада ды апечаны порахам твар. Яна ж украла ў яго маладосць, адабрала родных людзей – бацьку і сястру, і ветэран усё жыццё носіць у сваім сэрцы вялікую крыўду на тую праклятую вайну.
З нагоды свайго юбілею Міхаіл Аляксандравіч апрануў святочны пінжак з баявымі ўзнагародамі. І ўспаміны зноў вярнулі яго ў маладосць, абпаленую вайною:
– Жыву я ў Гарбачах. Родам жа з Клюкоўцаў, і сям’я там наша вялікай была: я і сястра Ліда – старэйшыя, пад намі Валодзя і Аркадзь, якому ў акупацыю чатырнаццаць было, а астатнія браты-сёстры яшчэ меншыя. І гэта з такой во сям’ёй маці наша адна засталася. Татку нашага немцы забралі і расстралялі. За тое, што ён партызанам дапамагаў. І не аднаго толькі татку нашага: на расстрэл у Цецяроўку павязлі тады і дзядзьку Данілу з сынам Пашам – у іх хаце (нехта, як і на татку нашага, таксама данёс) немцы засталі трох партызан… Але на гэтым нашы беды не скончыліся. Ліду І Аркадзя – яны ўжо самі работнікі былі – забралі парабкаваць у Германію. А потым і Валодзьку забралі. Вось што такое акупацыя: жылі мы ў вялікім страху, любога маглі расстраляць ці на работы ў Нямеччыну забраць.
Ліду і Валодзю маці дачакалася, а Аркадзь пасля вызвалення апрануў салдацкі шынель і ваяваў. Аднак не суджана было яму вярнуцца, загінуў у адным з баёў.
А ў 44-м мабілізавалі на фронт і мяне. Трапіў на ІІІ Беларускі, дзе ваяваў у складзе 91-й дывізіі. Нас, новае папаўненне, пасля вучобы, якую праходзілі пад Разанню, павязлі пад Каўнас. Дыслацыраваліся ў лесе, і хутка ўступілі ў бой. Я быў кулямётчыкам, а ён жа заўсёды на лініі агню, і смерць за ім ходзіць “па пятах”…
Асабліва ўрэзаліся ў памяць ветэрана баі за Кёнігсберг. Вось як ён пра гэта ўспамінае:
– Наступленне ўжо ішло ў накірунку Кёнігсберга. Гэта быў горад-крэпасць, падыходы да якога вораг так замініраваў, што не падступіцца. Артпадрыхтоўка – і зноў у бой, і так суткі за суткамі. А зверху авіяцыя бамбіла. Колькі ж байцоў нашых там палягло….
Адзін з эпізодаў мне запомніўся на ўсё жыццё, за яго і медаль “За адвагу” атрымаў. Нас, кулямётчыкаў, на нейтральнай паласе размеркавалі, на адлегласці паўсотні метраў адзін ад другога. Ноч, помню, была надта халодная і такая цёмная, што хоць вока выкалі. Непадалёку хаты нейкага хутара гарэлі. Раптам, здалося мне, аднекуль даляцелі абрыўкі слоў. Прыслухаўся: гаворка нямецкая, фрыцы пра нешта сцішана гергечуць. Здагадваюся: “языка” ўзяць сабраліся. І тут іх выдаў водбліск пажару – полымя асвяціла рухомыя цені. У мяне з сабой было шэсць дыскаў і дзве супрацьтанкавыя гранаты. Страляю. Цені падаюць на зямлю. Як толькі падняліся – зноў адкрываю па іх агонь. Немцы таксама пачалі адстрэльвацца, і завязаўся няроўны бой.
Прызнаюся, думаў, што вось тут смерць мяне і знойдзе. Надта ж няроўнымі былі сілы. Але агню не спыняў, да чатырох раніцы адстрэльваўся, не падпускаючы ворагаў блізка да сябе. А раніцай нашы хлопцы падлічылі, што забіта васямнаццаць фрыцаў. Тады і зразумеў, што проста не лёс мне быў загінуць на чужой зямлі. А вось параніць дык параніла: асколкі ад снарада ў грудзі і ў нагу трапілі. У шпіталі, аднак, іх не даставалі, сказалі: “Так і будзеш жыць”. Вось і дажыў ужо да 90 гадоў, носячы ў сваім целе памяць пра вайну.
Сустракаў баец перамогу над фашыстамі і радаваўся: “Адваяваўся!” Але выйшла зусім інакш. Да жніўня салдат служыў тэрміновую службу, а ў пачатку гэтага месяца разам са сваёй дывізіяй трапіў у Маньчжурыю, на Чынган. Быў камандзірам мінамётнага разліку.
– Японцаў перамаглі хутка, за месяц, – успамінае. – Але вораг гэты быў не толькі надзвычай хітрым, а і адчайным. Абвяжацца самурай гранатамі – і пад танкі. Траншэй яны не капалі, а капалі ямы ў шахматным парадку. У кожнай такой яме – аўтаматчык, і косіць аўтаматам знянацку, з блізкай адлегласці. Мясцовасць жа мініравалі так, што калі ўзарвецца адна міна – дэтаніруюць астатнія.
Вось на такія міны і нарваліся мы, калі спрабавалі прарвацца да стратэгічна важнай чыгуначнай магістралі. Ротны ішоў спераду, і яго смяртэльна раніла ў грудзі. Загінулі і многія байцы. Мне пашанцавала застацца жывым, але апякло твар і галаву: быццам і цэлае ўсё, а за скурай – цёмныя плямы, як усё роўна запечаная кроў. Тыя страшныя знакі заставаліся яшчэ гадоў дзесяць. Ды і цяпер яшчэ бачны на ілбе, быццам пячатка вайны.
…Міхаіл Аляксандравіч прымае кветкі і падарункі, шчыра дзякуе за віншаванні і добрыя пажаданні. Марыя Антонаўна Некала, у прыватнасці, ад праўлення сельгаскааператыву ўручае ветэрану не толькі грошы, але і пасцельную бялізну, ручнік і парфум, да ўсяго яшчэ і 20 кілаграмаў свежага мяса.
Акрамя дзяцей, унукаў-праўнукаў і родных ды блізкіх юбіляра віншавалі, вядома ж, і ад мясцовай пярвічнай ветэранскай арганізацыі.
На здымку: удзельнік вайны Міхаіл Аляксандравіч Шурба з жонкай.
Марыя Драпеза,
фота аўтара