Хутка праляцелі дзевяць незабыўных дзён змены летніку “Юны следапыт”, якія былі напоўненыя сустрэчамі са знакамітымі вяскоўцамі малой радзімы, незабыўнымі падарожжамі і велапаходамі, спартыўнымі спаборніцтвамі і квест-гульнямі, творчымі конкурсамі і рухомымі гульнямі, вячэрнімі вогнішчамі і дыскатэкамі.
За час адпачынку ў летніку ўсе сталі як адна сям’я, дзе кожны з выхаванцаў з дапамогай сваіх сяброў дасягаў сваіх вяршынь і перамог. На працягу ўсёй змены хлопчыкі і дзяўчынкі былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей. У час адпачынку вялікая ўвага надавалася не толькі прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, развіццю творчых здольнасцей, але знаёмству з гісторыяй роднага краю, справамі знакамітых землякоў, легендамі, традыцыямі і звычаямі продкаў праз даследчую і экскурсійную дзейнасць.
Кранальным і хвалюючым момантам заўсёды былі інфармацыйныя хвілінкі, на якіх вялі размову аб жорсткім генацыдзе падчас Вялікай Айчыннай вайны. Выхаванцы даведаліся аб знішчаных фашыстамі населеных пунктах Гродзенскай вобласці. А колькі ўражанняў засталося пасля наведвання музейнага комплекса “Гродзенская крэпасць. Партызанскі лагер”, музея імя П.І.Баграціёна ў Ваўкавыску, музея “Вытокі” ў Малой Бераставіцы, “Музея Вавёркі” ў Вялікай Бераставіцы.
Маладое пакаленне павінна памятаць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за тое, каб мы жылі пад мірным і шчаслівым небам. Закрыццё змены ў летніку крыху сумная падзея, так як настаў час развітання, але разам з тым і радасная, так як гэты дзень напоўнены сюрпрызамі. На фестывалі “Алімп летніка” падведзены вынікі, узнагароджаны самыя актыўныя, а імі сталі Вандзіч Аляксандра, Шмароўская Паліна, Новік Паўліна, Пашкевіч Яна.
Заключным акордам стала дыска-праграма, праведзеная Славецкай Т.М., дырэктарам філіяла па культурна-досугавай дзейнасці аграгарадка Макараўцы. Вялікі дзякуй выхавацелям, якія стараліся правесці час так, каб выхаванцам было цікава, весела і карысна. Да сустрэчы, летнік “Юны следапыт”!
Алена Будніцкая, дырэктар летніка “Юны следапыт” Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы