Без візы – у Беларусь. Больш за сто грамадзян Польшчы ўжо наведала нашу краіну праз пункт пропуску «Бераставіца»

Актуально Граница Лента новостей Общество

У мэтах падтрымання добрасуседскіх адносін Беларусь  прыняла рашэнне аб увядзенні часовага бязвізавага парадку ўезду для грамадзян Польшчы, якое пачало дзейнічаць з 1 ліпеня і працягнецца да 31 снежня ўключна.

— Грамадзянам Польшчы можна  перасякаць мяжу без візы ў пунктах пропуску толькі на беларуска-польскім участку мяжы, на Брэсцкім або на Гродзенскім напрамку, — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік Гродзенскай пагранічнай групы Надзея Масевіч. —  Таксама ім дазволена наведванне памежнай зоны без пропуску. Пры ўездзе ў Беларусь у пункце пропуску дастаткова вусна паведаміць супрацоўніку органаў памежнай службы аб намеры наведаць памежную зону з пазначэннем населеных пунктаў і мэты іх наведвання. Для бязвізавага ўезду неабходна прад’явіць сапраўдны дакумент для выезду за мяжу, зялёную карту (пры руху на аўтамабілі), а таксама медстрахоўку. Для перасячэння мяжы ПЦР-тэст і сертыфікат аб вакцынацыі не патрабуецца.

На Гродзенскім  участку беларуска-польскай мяжы на сённяшні дзень дзейнічае толькі адзін пункт пропуску – “Бераставіца – Баброўнікі”. Менавіта туды 8 ліпеня і накіраваліся журналісты дзяржаўных СМІ, каб на месцы паглядзець, наколькі запатрабаваны палякамі бязвізавы ўезд у нашу краіну.

—      Я еду з візай, бо зрабіў яе раней, але лічу, што ідэя аб бязвізавым рэжыме вельмі добрая, асабліва для жыхароў прыгранічных тэрыторый,  — адзначыў грамадзянін Польшчы Яўген Максіменка.

—  Мы з беларусамі цесна звязаны, у мяне нават і жонка беларуска. Думаю, што многія палякі скарыстаюцца з “бязвізу”, бо шмат хто  з іх мае магілы продкаў на Беларусі, хтосьці наведаецца з турыстычнай мэтай,  хтосьці прыедзе за пакупкамі, бо не сакрэт, што і паліва, і многія прадукты харчавання ў вас таннейшыя.  Адзіная праблема – гэта вялікія чэргі, на мяжы даводзіцца стаяць па некалькі гадзін, а ў спякотнае надвор’е не кожны такое вытрымае,  думаю, што калі пахаладае, то паедзе больш людзей.

Пан Янэк Харасім з Домбровы-Бялостоцкай таксама ўпэўнены, што “бязвіз” вельмі патрэбен і палякам, і беларусам. Ён кажа, што ездзіць у Беларусь даволі часта, любіць наш чорны хлеб, жартуе, што купляе яго, “каб не рос жывоцік”. Многія з яго знаёмых палякаў таксама маюць сваякоў на беларускім баку мяжы, і задаволены, што могуць прыехаць цяпер да іх без візы. 

Яшчэ адзін наш суразмоўца, Аляксандр, хоць і ехаў на аўтамабілі з польскімі нумарамі, аказаўся беларусам. Ён ужо некаторы час жыве ў Польшчы, мае многіх знаёмых палякаў, якія цікавяцца Беларуссю, і думае, што яны абавязкова выкарыстаюць магчымасць наведаць нашу краіну без візы.

Дарэчы, як паведаміла Надзея Масевіч, па стане на  ранак 8 ліпеня праз пункт пропуску “Бераставіца” па бязвізавым  парадку ўезду Беларусь наведала  ўжо больш за 100 грамадзян Рэспублікі Польшча, а у цэлым  на беларуска-польскім участку мяжы з 1 ліпеня  гэтай магчымасцю    скарысталіся каля 300 жыхароў Польшчы. Афіцыйны прадстаўнік Гродзенскай пагранічнай групы заўважыла, што напярэдадні выхадных дзён пасажырапаток традыцыйна павялічваецца, але беларуская пагранічная служба са свайго боку гатова забяспечыць хуткае праходжанне пагранкантролю на граніцы з сумежнымі краінамі Еўрасаюза.

Застаецца дадаць, што з 15 красавіка «бязвіз» дзейнічае і  для грамадзян Літвы і Латвіі. З пачатку  яго дзеяння Беларусь наведала больш за 70 тысяч грамадзян Літвы і больш за 36 тысяч грамадзян і неграмадзян Латвіі.

Жэст добрай волі беларускага боку дапамагае захоўваць узаемапаважлівыя адносіны з гэтымі краінамі, а таксама кантакты паміж простымі людзьмі нават ва ўмовах санкцыйнага ціску на Беларусь.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *