Узорныя хоры “Манжэрок” і “Кампанэлі” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў сталі лаўрэатамі III ступені абласнога конкурсу “Новыя імёны”

Культура Образование События года

Навучэнцы Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у абласным адкрытым конкурсе “Новыя імёны”. Вынікі творчых выпрабаванняў – паспяховыя. Два дыпломы лаўрэатаў III ступені прывезлі ўзорны хор “Манжэрок” і ансамбль узорнага хору “Кампанэлі”.

Конкурс “Новыя імёны” праводзіцца ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжам з мэтай захавання і прымнажэння рэгіянальных традыцый выканаўчай і музычна-педагагічнай школ, садзейнічання прафесійнай арыентацыі таленавітых вучняў школ мастацтваў Гродзеншчыны.  Кожны год творчыя выпрабаванні праводзяцца ў розных намінацыях: “фартэпіяна”, “струнныя смычковыя інструменты”, “духавыя і ўдарныя інструменты”, “струнныя народныя інструменты”, “баян-акардэон”. У гэтым годзе сваё майстэрства і выканаўчы ўзровень прадстаўлялі юныя вакалісты ў намінацыі  “акадэмічны вакал (сольнае, ансамблевае і харавое выкананне)”.   

Бераставіцкія дзіцячыя харавыя калектывы пацвердзілі свой высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і прафесійнай падрыхтоўкі, які быў адзначаны камісіяй яшчэ ў мінулым годзе падчас атэстацыйнага агляду на пацвярджэнне звання “ўзорны”. Конкурсная праграма малодшага хору “Манжэрок” (кіраўнік Ірына Серабракова, канцэртмайстар Галіна Архіпава) і ансамбля старшага хору “Кампанэлі” (кіраўнік Таццяна Кулік, канцэртмайстар Галіна Карпенка) вылучалася разнастайнасцю і арыгінальнасцю. Бераставіцкія юныя вакалісты прадэманстравалі членам журы ўвесь свой артыстызм, непасрэднасць і эмацыянальнасць, за што і былі прызнаны лаўрэатамі III ступені. У сольным выкананні свае сілы паспрабавала Анастасія Рыжэўская. І хоць прызавога месца Насця не заняла,  выступленне юнай спявачкі было адметным і запамінальным.

Кіраўнікі бераставіцкіх ўзорных хораў Ірына Серабракова і Таццяна Кулік ўзнагароджаны Граматамі за высокае прафесійнае майстэрства і якасную падрыхтоўку вучняў да конкурсу.

Святлана Ганчарова

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *