Са знаёмства з працэсам падрыхтоўкі і правядзення сходу працоўнага калектыву РСУП «Алекшыцы» распачаўся другі дзень стажыроўкі для кандыдатаў, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў раённага выканаўчага камітэта на пасады кіраўнікоў арганізацый аграпрамысловага комплексу для першачарговага вылучэння.
Нагадаю, што першы дзень стажыроўкі, арганізаванай аддзелам арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, прайшоў у сценах Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрыя Кадргулова.
Для рэзервістаў — галоўнага заатэхніка РУСП “Масаляны” Сяргея Жураўскага, галоўнага інжынера-механіка КСУП “Пагранічны-Агра” Віктара Блажыеўскага, намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі КСУП “Пагранічны-Агра” Аляксандра Баярчука і намесніка дырэктара КСУП “Варанецкі” Паўла Станеўскага- праходжанне падобнай стажыроўкі – гэта выдатная магчымасць не толькі для набыцця новых ведаў, але і для абмену вопытам са сваімі калегамі.
Падчас праходжання стажыроўкі на базе РСУП “Алекшыцы” пад кіраўніцтвам дырэктара сельгаспрадпрыемства Валерыя Паўлюкевіча будучыя кіраўнікі азнаёміліся з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўным дагаворам, арганізацыйна-распарадчай дакументацыяй і нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгламентуюць вытворча-гаспадарчую і фінансава-эканамічную дзейнасць прадпрыемства. Надзвычайна карыснай для кадраў была інфармацыя аб наладжванні дзелавых зносін і вядзенні перагавораў з прадстаўнікамі арганізацый, заключэнні дагавораў на набыццё матэрыяльных рэсурсаў.
Падчас актыўнага дыялогу з усімі прысутнымі Валерый Эдуардавіч адзначыў, што да кожнай справы трэба падыходзіць з розумам. І пры наяўнасці распрацаванай сістэмы вытворчасці, дзе кожная дэталь распісаная да апошняй дробязі, выканаць пастаўленыя задачы цалкам рэальна.
Упэўніцца ў гэтых словах мужчыны змаглі на комплексе па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы РСУП “Алекшыцы”. Аб тым, як наладжаны вытворчы працэс на дадзеным аб’екце прысутным расказаў яго кіраўнік Норберт Малецкі.
Сярэднясутачнае прыбаўленне буйной рагатай жывёлы на адкорме за лістапад гэтага года тут склала 1100 грамаў і атрымаць такія вынікі, па словах Норберта Юзэфавіча, можна толькі дзякуючы выкананню тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы. Безумоўна, на “хуткаснае” прыбаўленне могуць паўплываць новыя кормадабаўкі і прадукты, аднак менавіта прытрымліванне тэхналагічных патрабаванняў дазваляе забяспечыць тую самую жаданую стабільнасць. Надзвычайна важны ў гэтай справе і чалавечы фактар. Сёння на комплексе задзейнічана каля 70 чалавек і кожны з іх з адказнасцю выконвае свой фронт работ, бо дысцыпліна – гэта таксама адзін са складнікаў поспеху.
Дарэчы, комплексу ўжо больш за 30 гадоў, а яго тэхналогіі, як змаглі ацаніць прысутныя, паспяхова працуюць і зараз.
Не менш насычаным у інфармацыйным плане стаў і другі дзень стажыроўкі, які таксама прайшоў на базе РСУП “Алекшыцы”. На гэты раз размова ішла аб выкананні патрабаванняў заканадаўства па ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў, а таксама ажыццяўленні кантрольнай дзейнасці.
Разам з дырэктарам прадпрыемства спецыялісты аб’ехалі сельскагаспадарчыя ўгоддзі прадпрыемства, а таксама наведалі шэраг вытворчых аб’ектаў – машынна-трактарны парк, малочнатаварную ферму і малочнатаварны комплекс РСУП “Алекшыцы”.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара