“Не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі”

Актуально Образование Человек и его дело

 

Ужо на працягу 30 гадоў віншаванні з Днём настаўніка  ў гэтыя першыя кастрычніцкія дні прымае  і Алена Антонаўна Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы. 

У 1987 годзе яна закончыла Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і юнай дзяўчынай пачала працаваць  настаўніцай пачатковых класаў у  Вішнеўскай  васьмігадовай школе. Потым  яшчэ некаторы час вучыла дзяцей у Сарасекскай школе, завочна закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

3 1994 года Алена Антонаўна працуе ў Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе. Спачатку настаўніцай пачатковых класаў, а  апошнія 10 гадоў – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.  Менавіта ў гэтай школе яна знайшла сябе, змагла рэалізавацца як прафесіянал сваёй справы. Адной з першых у  раёне асвоіла тэхналогію “Крок за крокам”, цікавіцца праектнай дзейнасцю,  заўсёды імкнецца шукаць інавацыйныя падыходы ў рабоце са сваімі вучнямі.

Алена Антонаўна нарадзілася і вырасла ў Канюхах, да яе ў сям’і настаўнікаў не было. Яна гаворыць, што з  самага дзяцінства марыла стаць настаўніцай і быць падобнай на сваю першую настаўніцу Валянціну Міхайлаўну Панасевіч.  

— Ды  і не толькі на яе, — дадае Алена Антонаўна, — мне    падабаліся  нашы канюхоўскія настаўнікі, падабалася, як яны апранаюцца,  іх  паходка  і  тое, што яны заўсёды з дзецьмі. Памятаю, аднойчы на ўроку малявання было заданне намаляваць, кім хто хоча  стаць. Я намалявала настаўніцу за сталом і з указкай. Настаўніца паглядзела на мой малюнак і сказала: “Вы ўсе ў школе хочаце быць настаўнікамі, але потым ніхто не ідзе вучыцца на настаўнікаў”.  Чамусьці я гэта так запомніла, і   пасля васьмі класаў па накіраванні паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча.

І цяпер я ўжо  нават не ўяўляю сябе на другім месцы, у другой прафесіі.  Калі пайшла працаваць завучам, мне вельмі не хапала   цесных адносін з дзецьмі, якія бываюць у класных кіраўнікоў. Таму я з нецярпеннем чакаю лета,  калі я працую дырэктарам лагера  і кожны дзень цесна кантактую з дзецьмі.

Галоўным у прафесіі педагога Алена Будніцкая лічыць  любоў да дзяцей, уменне знайсці падыход да іх,  зразумець іх праблемы і радасці. А для гэтага настаўніку абавязкова патрэбна  шчырасць, дабрыня і адкрытасць.

— Мне вельмі прыемна бывае,  калі дзеці здалёк крычаць: “Добры дзень, Алена Антонаўна!”,      бягуць да мяне, абдымаюць, дзеляцца нейкімі сваімі сакрэтамі.  А яшчэ вельмі радуе, што ёсць такія вучні, якія ўжо закончылі школу, але на Дзень настаўніка ці    Дзень маці прыходзяць да мяне дадому з кветкамі, віншуюць, тады  сапраўды разумееш, што не дарма працавала.

Акрамя таго, што Алена Антонаўна займаецца выхаваўчай работай у сваёй  установе адукацыі, яна яшчэ  ва ўсіх класах вядзе ўрокі асноў бяспекі жыццядзейнасці і выкладае прадмет “Чалавек і свет” у 5 класе.  Педагог шмат публікуецца  ў “Настаўніцкай газеце” і часопісе “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, дзе дзеліцца з калегамі вопытам работы і метадычнымі распрацоўкамі. Дарэчы, Алена Антонаўна неаднаразова ўдзельнічала ў абласных конкурсах метадычных распрацовак і мае пэўныя дасягненні.  Яе праца не застаецца незаўважанай. Алена Будніцкая ўзнагароджвалася  Граматай ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, Ганаровай граматай райвыканкама, неаднаразова атрымлівала граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. 

А яшчэ Алена Антонаўна — дэпутат раённага Савета дэпутатаў.

Я цікаўлюся, як на ўсё ў яе хапае часу, як удаецца сумяшчаць працу і сям’ю.

— Муж не раз жартам казаў: “Можа,    табе  раскладушку ў кабінет прынесці, бо ты жывеш ужо ў школе”,  — усміхаецца Алена Антонаўна. —  Але на самай справе ён вельмі падтрымлівае мяне,  і гэта важна. Муж і малодшы сын Максім клапоцяцца пра мяне   і  вячэру падрыхтуюць. Старэйшыя сын і дачка ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, у мяне ўжо ёсць дзве ўнучкі.

Дачка Ірына, як  і я, пайшла ў педагогіку,  закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і магістратуру, яна настаўнік  замежнай  мовы. Сям’я для мяне таксама вельмі важная каштоўнасць, я не стаўлю працу вышэй за яе. Калі выпадае вольная хвілінка, люблю займацца выпечкай, каб парадаваць сваіх мужчын, у нядзелю сям’ёй едзем у царкву, у госці да старэйшых дзяцей. Стараюся  прывіваць сваім дзецям любоў да працы, гэтаму вучу і сваіх вучняў. Я лічу вельмі важным выхаваць кожнае дзіця чалавекам, які зможа рэалізаваць сябе ў далейшым жыцці, стаць  паспяховым   не толькі для сябе і для грамадства.   

Шчаслівы той чалавек, які раніцай з ахвотай ідзе на працу, а вечарам з радасцю спяшаецца дадому. Гледзячы, як гараць вочы у Алены Антонаўны, калі яна расказвае пра сваю працу і пра сваю сям’ю, можна не сумнявацца, што гэты прынцып у яе жыцці дзейнічае.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *