Выпускнікі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы сустрэліся праз 45 гадоў пасля выпуску

Актуально Образование

У суботу, 22 ліпеня, у Вялікай Бераставіцы сустракаліся былыя аднакласнікі выпуску 1972 года.

45 гадоў таму яны закончылі Вялікабераставіцкую сярэднюю школу і поўныя надзей і планаў распачалі самастойнае  жыццё. Сёння яны ўжо зусім дарослыя людзі, якія рэалізаваліся ў прафесіі, выгадавалі дзяцей і  цешацца ўнукамі, многія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Але на гэты вечар яны зноў сталі тымі юнымі рамантыкамі, якія 45 гадоў таму пакідалі сцены роднай школы. Гледзячы, як яны абдымаюцца пры сустрэчы, з якой радасцю і цеплынёй вітаюць кожнага, жартуюць, усміхаюцца,  адчуваю,  што гэта сустрэча – не даніна модзе ці нейкай традыцыі, а  сапраўды шчырая і доўгачаканая патрэба  душы.

Выпускнікі расказалі, што збірацца яны пачалі дзесьці праз пятнаццаць гадоў пасля заканчэння школы, калі ўжо добра ўсвядомілі, наколькі імклівы час і наколькі важна берагчы ў памяці  кожны этап свайго жыцця, тым больш такі бесклапотны, як школьныя гады.  І ад таго часу рэгулярна праз  кожныя пяць гадоў збіраюцца разам, каб вярнуцца ўспамінамі ў часы дзяцінства і юнацтва, пабачыцца са школьнымі сябрамі, ды і проста наведаць мясціны, адкуль пачыналася іх жыццёвая дарога.

— Вырашылі збірацца летам, бо зімой холадна, пазамярзаем яшчэ, а  мы ўжо не такія і маладыя,  — жартуюць былыя выпускнікі. – Стараемся  падтрымліваць адносіны, не  губляць аднакласнікаў з поля зроку, перыядычна тэлефануем адзін аднаму, а калі набліжаецца час сустрэчы, спяшаемся ў родную Бераставіцу.

У тым далёкім ужо 1972 годзе у школе было тры выпускных класы, а гэта амаль 90 чалавек. Вядома, сабраць усіх практычна нерэальна, ды некаторых ужо няма ў жывых, але і амаль трэць выпускнікоў, якія сабраліся на сустрэчу – гэта таксама многа. Жыццё раскідала былых аднакласнікаў, некаторыя выехалі за межы Беларусі,  іншыя жывуць у Гродне, Мінску, Лідзе, Брэсце, Дзятлаве і іншых мясцінах нашай краіны, а хтосьці застаўся на роднай Бераставіччыне. Хто хацеў і хто змог, прыехалі,  не гледзячы на адлегласці.

Пачалася сустрэча выпускнікоў з экскурсіі ў музеі Вавёркі, якую правёў навуковы супрацоўнік Мікалай Пацэнка. Большасць з гасцей  наведала наш музей упершыню, таму яны  з цікавасцю слухалі аповед Мікалая Іванавіча і выказвалі захапленне багаццем фондаў.

Калі экскурсія спынілася ля экспазіцыі “Імі ганарыцца Бераставіччына”, дзе знаходзяцца фотаздымкі нашых славутых землякоў, у тым ліку і выпускнікоў Вялікабераставіцкай СШ,  з гонарам Мікалай Пацэнка    назваў і імя Анатолія Грышука, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Гродзенскі мясакамбінат», члена Савета рэспублікі і  ганаровага грамадзяніна г.Гродна, які знаходзіўся сярод сваіх былых  аднакласнікаў.  Карыстаючыся нагодай, усе папрасілі Анатолія Георгіевіча абавязкова зрабіць фота ля гэтай экспазіцыі.

Пасля экскурсіі і сумеснай фотасесіі ў дворыку музея  былыя выпускнікі адправіліся на могілкі, каб  ускласці кветкі на магілы  сваіх аднакласнікаў, якія адышлі ўжо з гэтага жыцця, —    Уладзіміра Валейчыка, Анатолія Чарнецкага і  Віктара Канецкага.

Ну а далей вечар працягнуўся ў рэстаране, дзе ў былых аднакласнікаў была добрая магчымасць успомніць самыя цікавыя моманты школьнага жыцця, падзяліцца сваімі поспехамі і дасягненнямі, весела правесці час у кампаніі блізкіх сяброў. 

— Вечар сустрэчы атрымаўся проста цудоўны, — дзеліцца  сваімі ўражаннямі былая выпускніца Таццяна Сыч. – Ён прайшоў у вельмі цёплай і пазітыўнай атмасферы. Мы многа размаўлялі, спявалі песні, дэкламавалі вершы, тым больш, што наш аднакласнік Барыс Гаховіч выпусціў свой зборнік вершаў. І дамовіліся сустрэцца яшчэ ў кастрычніку, каб пасадзіць дрэва ў памяць аб нашым выпуску ў новым дэндрапарку ў Гродне.

 

Ірына Швек, настаўніца беларускай мовы Вялікаэйсмантаўскай СШ:

— Вечар сустрэчы для мяне —  гэта, перш за ўсё, памяць. Мы збіраемся праз  кожныя пяць гадоў, і я заўсёды стараюся прыехаць. Я сама працую ў школе і  разумею, што школьныя гады – гэта неад’емная частка жыцця, аб якой заўсёды трэба памятаць, і вядома ж, трэба берагчы школьнае сяброўства, якое мы і імкнёмся пранесці праз усё жыццё. 

 

Людміла Фядотава, старшыня Эйсмантаўскага сельскага Савета:

— У нашым выпуску было 86 ці 87 чалавек, гэта тры класы. Найбольш яркі ўспамін, які ў мяне застаўся,  – гэта экзамены і выпускны вечар.   На выпускным у нас быў салодкі стол, і ў старым будынку школы,  на ўвесь калідор,  былі пастаўлены і накрыты сталы, за якімі сядзелі мы, нашы бацькі і нашы класныя кіраўнікі Аляксандра Ягораўна Вашко, Яўгеній Макаравіч Кажамякін і Зінаіда Васільеўна Шурба. Помню, што на сталах тады было вельмі многа клубніц, якіх мы назбіралі   каля школы.

 

Анатолій Грышук, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Гродзенскі мясакамбінат»:

— Усе справы адсунуты ўбок, каб сустрэцца з аднакласнікамі. Я толькі ноччу прыехаў з Гомеля, там засядала  камісія па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета рэспублікі, у склад якой і я ўваходжу. Мы вельмі напружана працавалі, толькі гадзін у 8 вечара выехалі з Гомеля, але тым не менш, я тут. Не разумею, калі кагосьці няма. Я заўсёды прыязджаю на такія сустрэчы, бо гэта частка майго жыцця і гэта для мяне вельмі важна.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *