Да абласной акцыі “Чытаем разам творы Францыска Скарыны” далучылася Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага і яе філіялы ў аграгарадках.
Форма гучнага чытання, якая летась актыўна выкарыстоўвалася публічнымі бібліятэкамі Гродзеншчыны ў мерапрыемствах, прысвечаных Году культуры і юбілейным датам беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, зацікавіла грамадскасць. А ініцыянаваная абласной бібліятэкай імя Я.Ф.Карскага акцыя “Чытаем разам”, падчас якой вядомыя людзі рэгіёна, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, інтэлігенцыя і моладзь уголас чыталі знакамітыя творы айчынных аўтараў, атрымала працяг і сёлета – у год славутага юбілею беларускага кнігадрукавання.
Так, у г.п. В.Бераставіца ў гучным чытанні прынялі ўдзел дырэктар і супрацоўнікі раённай і дзіцячай бібліятэк, вучні 8-х класаў Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Удзельнікі мерапрыемства чыталі творы Францыска Скарыны і дэкламавалі вершы, прысвечаныя першадрукару.
Юным чытачам Алекшыцкай сельскай бібліятэкі, акрамя гучнага чытання з удзелам настаўніцы, мясцовага аўтара, майстра дэкламаванага слова Галіны Румак, была прапанавана кніжная выстава “Францыск Скарына – асветнік з Полацка”, дзе кожны жадаючы мог пазнаёміцца не толькі з творамі першадрукара, але і з выданнямі аб яго жыцці і дзейнасці. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра жыццё Скарыны, пра яго ўклад у развіццё беларускай культуры і друку.
У Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы школьнікі таксама чыталі ўголас. Акрамя гэтага загадчык філіяла Галіна Рэйшаль паказала юным чытачам мультымедыйную прэзентацыю аб асветніцкай дзейнасці першадрукара. А бібліятэкар Марына Заміроўская расказала пра паходжанне і жыццёвы шлях асветніка.
Бібліятэкары Макараўскай і Лішкаўскай сельскіх бібліятэках правялі акцыю сумесна. Яе ўдзельнікі не толькі чыталі творы Францыска Скарыны, але і абмяркоўвалі іх. У Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы ў акцыі прынялі ўдзел пачаткоўцы. Яны чыталі творы, прысвечаныя вядомаму дзеячу беларускай культуры.
На акцыі ў Канюхоўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы вучні папоўнілі свае веды аб жыцці Францыска Скарыны і яго друкаванай спадчыне. Разам з бібліятэкарам і настаўнікамі яны чыталі ўрыўкі з Бібліі і вершы пра асветніка.
У Пархімаўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы творы, прысвечаныя вядомаму дзеячу беларускай культуры, разам з дзецьмі ўголас чыталі настаўнік Святлана Лысевіч і бібліятэкар Таццяна Шыпунова.
***
Акцыя “Чытаем разам творы Францыска Скарыны” адбылася і ў іншых сельскіх бібліятэках.
Святлана Ганчарова