Тыдзень праваслаўнай кнігі на Бераставіччыне

Культура Лента новостей

На Бераставіччыне з 14 па 18 сакавіка праходзіў Тыдзень праваслаўнай кнігі. У нядзельных школах храмаў, установах адукацыі і бібліятэках раёна ў гэты перыяд адбыўся шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю праваслаўнай літаратуры сярод насельніцтва.

Дзень праваслаўнай кнігі адзначаўся 14 сакавіка. На рэспуб­ліканскім узроўні ўра­чыстасць, прысвечаная гэтай даце, адбылася 10 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з удзелам духавенства, прадстаўнікоў органаў улады і міністэрстваў. Сёлета яна была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Арганізатарамі ўрачыстага мерапрыемства ў Мінску выступілі выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Елісавецінскі жаночы манастыр. Яно пачалося з адкрыцця экспазіцыі рэдкіх выданняў Бібліі ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Унікальны экспанат выставы – факсімільнае ўзнаўленне рукапісаў паслання апостала Пятра, датаванага III стагоддзем. На выставе таксама былі прадстаўлены выданні Бібліі XV-XX стагоддзяў з розных краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і іншых. У сваім прывітальным слове мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыў, што кніга давала магчымасць нашым продкам пазнаваць Бога, навакольны свет і самога сябе. Яна вучыла чалавека бачыць добрае, вечнае і святое. Гэтыя ж функцыі кніга выконвае і ў сучасным свеце. Мітрапаліт Павел выказаў надзею, што дзеці і моладзь Беларусі захаваюць любоў да кнігі, нягледзячы на ​​імклівае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Дырэктар Нацыянальнай біб­ліятэкі Раман Матульскі правёў прэзентацыю факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ў дваццаці тамах. Першы том серыі быў урачыста перададзены ў бібліятэку Мінскай духоўнай акадэміі.
Да Тыдня праваслаўнай кнігі далучыліся філіялы “Пагранічная сельская бібліятэка” і “Алекшыцкая сельская бібліятэка”.
Загадчык філіяла “Пагранічная сельская бібліятэка” Надзея Кобрынец:
– У сераду, 15 сакавіка, у нас адбылася сустрэча дарослых наведвальнікаў бібліятэкі з настаяцелем храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, протаіерэем Сергіем Шэлестам. Бацюшка прадставіў навінкі праваслаўнай літаратуры з царкоўнай бібліятэкі, а бібліятэкары раздалі ўдзельнікам сустрэчы тэматычныя буклеты “Праз кнігі – да духоўнасці” з рэ­ка­мендацыйным спісам права­слаўнай літаратуры з кніжнага фонду філіяла. У суботу, 18 сакавіка, свяшчэннік сустрэўся з маленькімі чытачамі. Дзецям былі прадэманстраваны дакументальныя фільмы праваслаўнай тэматыкі з відэатэкі мультымедыйнага цэнтра бібліятэкі. На працягу Тыдня дзейнічала выстава праваслаўнай літаратуры.
Загадчык філіяла “Алекшыцкая сельская бібліятэка” Вольга Барысевіч:
– Для чытачоў бібліятэкі дзейнічае пастаянная выстава «Духоўных кніг-чароўная мудрасць» (на здымку). У прадстаўленых на выставе кнігах можна знайсці інфармацыю, якая дапаможа праваслаўным вернікам правільна посціцца і духоўна ўдасканальвацца ў дні Вялікага посту. У аўторак пад назвай “Значэнне праваслаўнай кнігі ў жыцці чалавека” мы правялі для сваіх чытачоў агляд тэматычнай літаратуры, абмеркавалі карысць чытання праваслаўнай літаратуры для духоўнага развіцця асобы.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *