Захоплена сваёй работай і…гісторыяй роднага краю

Культура Человек и его дело

42Бібліятэкар філіяла “Кватарская інтэграваная сельская бібліятэка” Інга Антановіч – вельмі прыемная, сціплая дзяўчына, якая пры знаёмстве адразу выклікае да сябе прыхільнасць. У Кватарах яна працуе нядаўна, усяго паўтара года. Мясцовыя чытачы сардэчна прынялі новага бібліятэкара, а самыя маленькія – дык і ўвогуле хутка пасябравалі з маладым спецыялістам. Пасля ўрокаў штодзень прыбягаюць у бібліятэку не толькі за кніжкай, але і каб проста адпачыць, з карысцю правесці свой вольны час.

У прафесію бібліятэкара Інга трапіла, можна сказаць, выпадкова. Дзяўчына скончыла Ваўкавыскі педкаледж па спецыяльнасці “турызм і гасціннасць”, год працавала выхавальнікам у Пархімаўскім яслях-садзе. А калі пачула, што ёсць вакансія ў Кватарскай бібліятэцы, вырашыла паспрабаваць свае сілы ў новай для сябе дзейнасці. І не пашкадавала.
– Работа спадабалася, – расказвае Інга, – асабліва мне цікава працаваць з дзецьмі. У нас дзейнічае інтэлектуальнае аматарскае аб’яднанне “Сусвет”, на пасяджэнні якога прыходзяць і маленькія чытачы, і старэйшыя школьнікі. Падчас такіх сустрэч мы абмяркоўваем цікавыя і пазнавальныя факты і падзеі з розных галін навукі і культуры, разважаем на актуальныя тэмы, якія хвалююць сёння грамадства, глядзім дакументальныя і мастацкія стужкі. У бібліятэцы ёсць камп’ютар і інтэрнэт, які мы актыўна выкарыстоўваем. Я бачу, што дзеткі з ахвотай наведваюць бібліятэку, і, безумоўна, вельмі задаволена, што ім тут цікава. Самыя актыўныя юныя чытачы – гэта Ангеліна Сак, Наталля Станкевіч, Лізавета Марыновіч, Данііл Макавей (на здымку), а таксама Васіліса Карач, Данііл Снайдэр, Мікіта Шаблей, Уладзімір Макавей і іншыя.
Аграгародок Кватары палюбіўся Інге, якая сама, дарэчы, з райцэнтра. Ёй прыйшліся па душы добразычлівыя, ветлівыя людзі, маляўнічыя краявіды з прыгожым будынкам былога маёнтка, у якім у свой час бываў і які намаляваў вядомы мастак Напалеон Орда. Тут усё прасякнута гісторыяй, якой, дарэчы, Інга даўно захапляецца. Дзяўчына заканчвае факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”. Усё, што датычыцца краязнаўства, яе вельмі цікавіць, і гэтаму захапленню як нельга лепш спрыяе работа бібліятэкарам, перад якім сёння, акрамя шматлікіх іншых задач, стаць і задача па вывучэнні і захаванні гісторыі роднага краю.
Што датычыцца выканання сваіх непасрэдных абавязкаў, то, па словах дырэктара дзяр­жаў­най установы культуры “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага” Таццяны Марцішэвіч, Інга, нягледзячы на малады ўзрост, вельмі старанны, адказны, захоплены сваёй справай работнік. У бібліятэцы стараннямі дзяўчыны заўсёды акуратна і ўтульна, выставы і кніжныя паліцы па-мастацку і з густам аформлены. З чытачамі, якіх тут 350 чалавек, малады бібліятэкар заўсёды ветлівая і тактоўная.
Акрамя Кватараў у зону абслугоўвання бібліятэкі ўва­ходзяць таксама вёскі Гарбачы, Паўлюшкі і Ятаўты. Чытачы там у асноўным пенсіянеры. Інга наведвае іх і добра ведае, якімі творамі парадаваць.
– Я прыношу кнігі на дом трыц­цаці васьмі пажылым вяскоўцам. Яны аддаюць перавагу класічным творам, сучасным раманам, а таксама літаратуры рэлігійнага зместу. Сярод жа самых актыўных чытачоў хачу назваць Ніну Канецкую, Надзею Вайцяхоўскую і Тамару Марчык з Кватараў, Надзею Афанасенка з Гарбачоў і іншых.
Інга Антановіч яшчэ толькі ў пачатку свайго працоўнага шляху. Аднак ужо цяпер можна сказаць, што яна чалавек не па гадах сур’ёзны, разважлівы, сумленны. Прафесіі бібліятэкара і гісторыка ў нечым блізкія. Што выбярэ дзяўчына – пакажа час. А пакуль хочацца пажадаць ёй спаўна рэалізаваць усе свае задумкі, знайсці сябе ў любімай справе.
Святлана Ганчарова,
фота Уладзіміра Макавея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *