Мнагадзетная маці і педагог Наталля Сіцько

Лента новостей

2У ліку іншых жанчын Гро­дзеншчыны, якія былі запрошаны на ўрачысты прыём у абласны выканаўчы камітэт з нагоды Дня маці, была і наша зямлячка з аграгарадка Малая Бераставіца Наталля Сіцько. Такі гонар, такую пашану аказалі ёй як мнагадзетнай маме.
– На прыёме такога высокага ўзроўню мне пашчасціла бываць упершыню, – дзеліцца сваімі ўражаннямі жанчына. – Вельмі рада і вельмі ўдзячна, што мне аказалі такі вялікі гонар. Тая ўрачыстая і ўзнёслая атмасфера, у якой прайшла сустрэча, і тыя цёплыя, сардэчныя словы, што адрасаваліся нам, кранулі да глыбіні душы. Павіншаваць нас, а ў нашай асобе і ўсіх маці вобласці, прыйшлі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук і іншыя прадстаўнікі ўлады. Яны падзякавалі нам за нялёгкую і высакародную мацярынскую працу. І ўвогуле, на прыёме нам удзялілі гэтулькі ўвагі, выказалі гэтулькі пашаны! Дарылі падарункі, шыкоўныя букеты кветак.
– Падчас сустрэчы размова вялася пра многае, што з’яўляецца сёння вельмі важным, – працягвае Наталля Уладзіміраўна. – Напрыклад, пра тое, колькі немаўлят нарадзілася на Гродзеншчыне ў мінулым годзе і з пачатку 2015. І пра клопат, які ўдзяляецца з боку дзяржавы сем‘ям, што выхоўваюць дзяцей. Асаблівая ўвага была звернута на тое, што ўсе дзеці, пазбаўленыя сямейнага цяпла, павінны мець сям’ю.
– Сустрэча была не толькі вельмі цікавай і прыемнай, але і – надзвычай карыснай. Мы, маці, знаёміліся адна з адной, дзяліліся вопытам выхавання дзяцей. У кожнай з нас надоўга застанецца ў памяці і той мілы святочны канцэрт, які падарылі нам юныя самадзейныя артысты. Дзеці так шчыра і хораша спявалі, чыталі вершы, што да слёз кранулі кожную з нас.
…Калі бліжэй знаёмішся з Наталляй Уладзіміраўнай, то ра­зумееш, што выхоўваць дзяцей ёй наканавана самім лёсам – нездарма ж Бог падарыў гэтай сімпатычнай маладой жанчыне і столькі чуласці, і столькі спагадлівасці, добразычлівасці.
Яна не толькі манагадзетная маці, але і настаўніца біялогіі ў Малабераставіцкай сярэдняй школе, а яшчэ па сумяшчальніцтву працуе тут сацыяльным педагогам. Да слова, усё працоўнае жыццё Наталлі Уладзіміраўны звязана з дзецьмі. Яна скончыла педагагічнае вучылішча, у свой час працавала загадчыцай у дзіцячым садку, была першым дырэктарам у дзіцячым сацыяльным прытулку. Дырэктар Малабераставіцкай школы Вікторыя Кісялеўская характарызуе педагога з самага станоўчага боку, асобна адзначыўшы тую сацыяльна-педагагічную падтрымку ў выхаванні дзяцей, якую аказвае Наталля Уладзіміраўна сем’ям, што маюць у гэтым патрэбу. Жанчына знаходзіць час і на тое, каб павышаць сваю кваліфікацыю: завочна займаецца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
У сям’і Наталлі Уладзіміраўны выхоўваецца трое дзяцей. І яна з’яўляецца добрым дарадчыкам і памочнікам сваім двум сынам і дачушцы. Дзеці выхоўваюцца ў той сістэме маральных каштоўнасцей, у якой першачарговае месца займаюць такія маральныя якасці, як павага да старэйшых, добрасумленнасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты…
У Малабераставіцкай сярэдняй школе адзначаюць выхаванасць і ветлівасць дзяцей Наталлі Уладзіміраўны. Старэйшы сын, Дзяніс, ужо займаецца на першым курсе Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Васьмікласніца Ганна – выдатніца, актывістка, з ахвотай прымае ўдзел у грамадскім жыцці свайго класа і школы. З’яўляецца экскурсаводам у школьным музеі, членам цімураўскага атрада “Полымя”, які аказвае дапамогу мясцовым ветэранам у правядзенні разнастайных хатніх і сельскагаспадарчых работ. Малодшы, Андрэй, яшчэ чацвёртакласнік, але як і сястра з братам, таксама стараецца, добра вучыцца і добра паводзіць сябе.
Наталля Уладзіміраўна чалавек рознабаковых інтарэсаў і стараецца гэтак жа выхоўваць сваіх дзяцей. Жанчына добра спявае і ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці свайго аграгарадка. Як спявачку, яе ведаюць не толькі ў Малой Бераставіцы, але і ў раённым цэнтры. Дачушка Ганна таксама расце творчым чалавекам, яна ўдзельнічае ў тэатральным гуртку філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Малая Бераставіца.
Наталля Уладзіміраўна бачыць сваё шчасце ў дзецях. І не толькі сваім, але і чужым дзецям аддае веды, вопыт, часцінку сваёй душы.
Марыя Драпеза,фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *