Па добрай традыцыі перад пачаткам новага навучальнага года адкрытае акцыянернае таварыства “Малочны Мір” урачыста ўшаноўвае дзяцей сваіх працаўнікоў, якія вучацца на “выдатна”.
Вось і сёлета 27 жніўня ў актавым зале ААТ “Малочны Мір” адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню ведаў, у час якога выдатнікі вучобы атрымалі грашовыя прэміі ад прадпрыемства, на якім працуюць іх бацькі.
На ўрачыстасці прысутнічалі і дзеці працаўнікоў бераставіцкіх філіялаў ААТ “Малочны Мір”- СВП “АграМір” і вытворчага цэха “Бераставіца”.
Грашовыя прэміі за выдатную вучобу атрымалі 6 вучняў Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, бацькі якіх працуюць у СВП “АграМір”: Аляксандр Гутоўскі, Ірына Патурынская, Аляксандра і Вольга Пялецкія, Агаф’я Тапарыўская і Вольга Янучак.
Сярод дзяцей працаўнікоў вытворчага цэха “Бераставіца”, якія закончылі мінулы навучальны год на “выдатна” — Кацярына Мілюк, Ульяна Сулаўка, Віталій і Кірыл Чорныя, Аляксей Кажэўнікаў, Вольга Гурын, Кірыл Жлабовіч з Вялікабераставіцкай СШ, Алена Ярашэвіч (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы) і Дзмітрый Гойлік (СШ №3 г.Свіслач).
З прывітальным словам да дзяцей сваіх працаўнікоў звярнулася генеральны дырэктар ААТ “Малочны Мір” Марына Анікеева, якая пажадала ім далейшых поспехаў і імкнення да самаўдасканалення.
Калектыў мастацкай самадзейнасці прадпрыемства падрыхтаваў для сваіх гасцей канцэрт і тэатралізаваную пастаноўку казкі “Залаты ключык”.
Завяршылася мерапрыемства дэгустацыяй прадукцыі, якую выпускае ААТ “Малочны Мір”.
Ірына МІКЛАШ